01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16
8 Тых дзён ізноў зьберся вялікі груд, і ня было ім чаго есьці. Ісус, прыгукаўшы вучанікаў Сваіх, сказаў ім: 2 „Жаль Імне груду, бо ўжо тры дні пры Імне, і няма ім чаго есьці. 3 Калі постуючых адпушчу іх да дамоў іхных, замлеюць у дарозе, бо некаторыя зь іх прышлі здалеку. 4 I вучанікі адказалі Яму: „Скуль мог бы хто досыць учыніць гэтым людзём хлебам на пустыні ?" 5 I папытаўся ў іх: „Колькі ў вас букаткаў?" Яны сказалі: „Сем". 6 I расказаў людзём расьсесьціся на зямлі; і ўзяўшы сем букаткаў, і даўшы падзякі, паламіў, і даў вучанікам Сваім, паслужыць. I яны паслужылі груду . 7 I мелі крыху рыбкаў: дабраславіўшы, Ён расказаў паслужыць ім. 8 I елі і пад'елі; і набралі засталых кавалкаў сем кашоў. 9 Тых жа, што елі, было каля чатырох тысячаў. I адпусьціў іх.
10 I без адвалокі ўвыйшоў у струг з вучанікамі Сваімі, і прыплыў у часьці Далмануфскія.
11 I вышлі фарысэі, і пачалі сьпярэчку зь Ім, шукаючы ў яго знаку зь неба, спакушаючы Яго. 12 I Ён, уздыхаючы ў духу Сваім, сказаў: „Нашто род гэты шукае знаку? Запраўды кажу вам, ня дасца роду гэтаму знак".
13 I, пакінуўшы іх, ізноў увыйшоў у струг, і адплыў на тый бок. 14 I забыліся ўзяць хлеба, і ня мелі ў струзе із сабою балей як адну букатку. 15 А Ён расказаў ім, кажучы: „Глядзіце, сьцеражыцеся закісі фарысэйскае а закісі Гірадавае". 16 I, разважаючы мяжсобку, гукалі: „Хлеба ня маем". 17 А Ісус, пазнаўшы, кажа ім: „Чаму разважаеце праз тое, што ня маеце хлеба? Ці вы яшчэ ня цяміце а не разумееце? ці яшчэ закалянена маеце сэрца свае? 18 Маючы вочы, ня бачыце? маючы вушы, ня чуеце? і ня памятуеце ? 19 Як Я пяць букаткаў паламіў памеж пяцёх тысячаў, колькі поўных кашоў набралі вы кавалкаў?" Кажуць Яму: „Двананцаць". 20 „А як сем памеж чатырох тысячаў, колькі поўных кашоў набралі вы кавалкаў?" I кажуць „Сем". 21 I сказаў ім: „Як гэта, што вы не разумееце?".
22 I прыходзе да Віфсаіды; і прыводзяць да Яго нявіснога, і просяць Яго дакрануцца да яго. 23 I Ён, узяўшы нявіснога за руку, вывеў яго вонкі зь местачка, і, плюнуўшы яму на вочы, узлажыў на яго рукі, і папытаўся ў яго, ці бача што. 24 Ён, глянуўшы ўгару, сказаў: „Бачу праходзячых людзёў, як дзервы". 25 Потым ізноў узлажыў рукі на вочы ягоныя і казаў яму глянуць угару. I ён быў адноўлены, і бачыў усе ясна. 26 I адаслаў яго двору, кажучы: „Не заходзь да местачка ані расказуй нікому ў местачку".
27 I вышаў Ісус а вучанікі Ягоныя да местачкаў Цэсары Піліпавае. I ў дарозе Ён пытаўся ў вучанікаў Сваіх, кажучы ім: „За каго Мяне маюць людзі?" 28 Яны сказалі Яму, кажучы: „За Яана Хрысьціцеля, а некатрыя за Ільлю, а іншыя за аднаго з прарокаў". 29 I Ён папытаўся ў іх: „А вы за каго Мяне маеце?" Адказуючы, Пётра сказаў Яму: „Ты - Хрыстос". 30 I забараніў ім, каб нікому не казалі празь Яго.
31 I пачаў вучыць іх, што Сыну Людзкому належа шмат цярпець, і быць адхіненым старцамі а найвышшымі сьвятарамі а кніжнікамі, і забітым быць, а за тры дні ўскрэснуць. 32 I гукаў гэта адкрыта.
I, узяўшы Яго на бок, Пётра пачаў ганіць Яго. 33 Але Ён, абярнуўшыся а глянуўшы на вучанікаў Сваіх, зганіў Пётру, сказаўшы: „Адыйдзі ад Мяне, шайтане, бо ты думаеш не праз тое, што Божае, але што людзкое".
34 I, пагукаўшы груд із вучанікамі Сваімі, сказаў ім: „Калі хто хоча йсьці за Імною, зрачыся сябе, і вазьмі крыж свой, і йдзі за Імною;
35 Бо хто хоча жыцьцё свае захаваць, згубе яго; а хто згубе жыцьцё свае дзеля Мяне а Евангелі, тый захавае яго. 36 А якая карысьць людзіне, калі прыдбае цэлы сьвет, а душу сваю згубе? 37 Альбо якую мену дасьць людзіна за душу сваю? 38 Бо хто будзе сароміцца Мяне а словаў Маіх у родзе гэтым чужаложным а грэшным, і Сын Людзкі пасароміцца яго, як прыйдзе ў славе Айца Свайго ізь сьвятымі ангіламі".
|