01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16
3 I ўвыйшоў ізноў у бажніцу. Там быў чалавек із сухой рукою. 2 I назіралі за Ім, ці не ўздарове яго ў сыботу, каб абвінаваць Яго. 3 Ён жа кажа сухарукаму: „Стань пасярэдзіне". 4 А ім кажа: „Ці праўна ў сыботу добра ці блага рабіць? Душу спасьці, ці загубіць?" Але яны маўчэлі. 5 I, глянуўшы на іх із гневам, зьнёмарасьціўшыся з калянасьці сэрцаў іхных, кажа таму чалавеку: „Выцягні руку сваю". Ён выцягнуў, і стала рука ягоная здаровая, як другая. 6 Фарысэі, вышаўшы, без адвалокі зрабілі зь гіродыянамі нараду супроці Яго, каб загубіць Яго.
7 А Ісус із вучанікамі сваімі адышоў над мора; і вялікая множасьць ішла за Ім ізҐалілеі а зь Юдэі 8 А зь Ерузаліму а з Ідумеі а з-за Ёрдану. I з каля Тыру а Сыдону, пачуўшы, што Ён робе, вялікая множасьць прышла да Яго.
9 I сказаў вучанікам Сваім, каб гатова была Яму лодка, з прычыны груду, каб ня сьціскалі Яго. 10 Бо шмат каго Ён уздаравіў, так што ціснуліся да Яго, хто меў хваробу, каб даткнуцца да Яго. 11 I нячыстыя духі, як бачылі Яго, падалі перад Ім і крычэлі, кажучы: „Ты - Сын Божы!" 12 Але Ён шмат перасьцерагаў іх, каб не выяўлялі Яго.
13 Потым узышоў на гару і пагукаў да Сябе, каго Сам хацеў; і прышлі да Яго. 14 I прызначыў двананцацёх, каб маглі быць ізь Ім, і каб пасылаць іх на казань, 15 I каб яны мелі ўладу ўздараўляць ад хваробаў і выганяць нячысьцікаў:
16 Сымона, дадаўшы яму імя Пётра, 17 А Якава Зэведэявага а Яана, брата Якававага, дадаўшы ім мянушку Воанерґес, значыцца „Сыны громавы", 18 Андрэя а Піліпа а Варфаломея а Мацьвея а Хаму а Якава Алфеевага а Хвадзея а Сымона Канояніна 19 А Юду Іскарыёта, каторы й ізрадзіў Яго. I прыходзяць да дому.
20 I ўзноў зыходзіцца люд, ажно нельга было ім хлеба ізьесьці. 21 I, пачуўшы, свае Ягоныя пайшлі нйць Яго, бо дзейкалі, што Ён вонках сябе. 22 А кніжнікі, што прышлі зь Ерузаліму, дзейкалі, што Ён мае веельзэвула, і што выганяе нячысьцікаў сілаю старшага нячысьцікаў.
23 I прыгукаўшы іх, гутарыў ім прыпавесьцьмі: „Як можа шайтан выганяць шайтана ? 24 Калі гаспадарства падзеліцца само ў сабе, ня можа ўстоіць гаспадарства тое. 25 I, калі дом падзеліцца сам у сабе, ня можа ўстоіць дом тый. 26 I калі шайтан паўстаў на самога сябе й падзяліўся, ня можа ўстоіць, але канец яму.
27 „Бо ніхто, увыйшоўшы ў дом дужасіла, ня можа расхапаць маемасьці ягонае; хіба ўперад зьвяжа дужасіла, і тады аграбе дом ягоны.
28 „Запраўды кажу вам: будуць дараваны сыном людзкім усі грахі а блявузґаньні, якімі б блявузґалі; 29 Але хто будзе блявузґаць на Духа Сьвятога, ніколі ня будзе мець дараваньня, але ён у небясьпечнасьці вечнага засуджэньня". 30 Бо гукалі: „У Ім нячысты дух".
31 І прыйшлі Маці Ягоная а браты Ягоныя і, стоячы вонках, паслалі да Яго пагукаць Яго. 32 А навокал Яго сядзеў груд. І сказалі Яму: "Гля, а Маці Твая а браты Твае а сёстры Твае вонках, шукаюць Цябе". 33 І, адказаўшы ім, сказаў: "Хто маці Мая або браты Мае?" 34 І глянуўшы на тых, што сядзелі навокал Яго, кажа: "Во маці Мая а браты Мае! 35 Бо хто будзе паўніць волю Божую, той Імне а брат а сястра а маці".
|