Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Паводле Мацвея Святое Дабравесце


 

 

Паводле Мацвея Святое Дабравесце

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

Раздзел 18

БУДЗЬЦЕ ЯК ДЗЕЦІ

1      У тую гадзіну падышлі вучні да Ісуса, кажучы: хто ж большы ў Нябесным Царстве?

2      I Ісус, паклікаўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх Мар. 9, 36.

3      I сказаў: папраўдзе кажу вам: калі не павернецеся і не зробіцеся як дзеці. не ўвойдзеце ў Нябеснае Царства.

4      Дык вось, хто ўпакорыцца, як гэтае дзіця, той і большы ў Нябесным Царстве. Мар. 10, 14; 1 Кар. 14, 20.

5      I хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, Мяне прымае;

6      А хто спакусіць аднаго з гэтых малых, што вераць у Мяне, лепей было б таму, каб павесілі яму на шыю млынавы жарон і ўтапілі ў глыбіні марской. Мар. 9, 42; Лук. 17, 1.

БЯДА АД СПАКУСАЎ

7      Бяда свету ад спакусаў; бо павінны прыйсці спакусы; але бяда таму чалавеку, праз якога спакуса прыходзіць. 1 Кар. 11, 19.

8      Калі ж твая рука ці твая нага спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе: лепш табе ўвайсці ў жыццё пакалечаным ці кульгавым, чым з дзвюма рукамі ці з дзвюма нагамі быць кінутым у вечны агонь. Мар. 9, 43.

9      I калі тваё вока спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе: лепей табе аднавокім увайсці ў жыццё, чым, два вокі меўшы, быць кінутым у геену вогненную. Друг. 13, 6; Мац. 5, 29.

10    Глядзіце, не пагарджайце ніводным з гэтых малых; бо кажу вам, што іх Анёлы ў нябёсах заўсёды бачаць аблічча Бацькі Майго, Які ў нябёсах. 1 Цар. 6, 16; Пс. 33, 8; Яўр. 1, 14.

ІСУС РАТУЕ ЗАГІНУЛЫХ

11 Бо Сын Чалавечы прыйшоў уратаваць тое, што загінула, Мац. 10, 6; Лук. 9, 56.

12    Як вам здаецца? Калі нейкі чалавек меў сто авечак і заблудзілася адна з іх, ці не пакіне ён дзевяноста дзевяць у гарах і не пойдзе шукаць тую, што заблудзілася? Лук. 15, 4.

13    I калі ўдасца знайсці яе, папраўдзе кажу вам, што ён цешыцца ёю болей, чым дзевяноста дзевяццю, што не заблудзіліся.

14    Дык няма волі Бацькі вашага, Які ў нябёсах, каб загінуў адзін з гэтых малых.

КОЛЬКІ РАЗОЎ ДАРАВАЦЬ БРАТУ СВАНМУ

15    Калі ж саграшыць супроць цябе брат твой, ідзі і выгавары яму самнасам: калі паслухаецца цябе, ты прыдбаў брата твайго: Лев. 19, 17; Лук. 17, 3; Іак. 5, 19-20.

16    Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведак змацавалася кожнае слова. Друг. 17, 6; 19, 15; Іаан. 8, 17; 2 Кар. 13, 1; Яўр. 10, 28.

17    Калі ж не паслухаецца іх, скажы царкве; калі ж і царквы не паслухаецца, няхай будзе табе ён як язычнік і мытнік.

18    Папраўдзе кажу вам, што звяжаце на зямлі, будзе звязана і ў небе; і што развяжаце на зямлі, будзе развязана ў небе. Мац. 16, 19; Іаан. 20, 23.

19    Зноў жа кажу вам: калі двое з вас на зямлі будуць згодна прасіць аб нечым, то ўсё дасць ім Мой Бацька, Які ў нябёсах.

20    Бо дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я між іх.

21    Тады падышоў Пётр і сказаў Яму: Госпадзе, колькі разоў Я павінен дараваць майму брату, калі ён будзе грашыць супроць мяне? Ці аж да сямі разоў? Лук. 17, 4.

22    Кажа яму Ісус: Я не кажу табе: "да сямі", але аж да сямідзесяці разоў па сем!

ПРЫПАВЕСЦЬ ПРА МІЛАСЭРНАГА ПАНА I НЕМІЛАСЭРНАГА РАБА

23    Вось чаму Нябеснае Царства падобнае да аднаго цара, які захацеў разлічыцца са сваімі рабамі.

24    А калі пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, што быў вінаваты дзесяць тысяч талентаў.

25    А таму, што той не меў, з чаго аддаць, загадаў пан прадаць яго, і жонку яго, і дзяцей, і ўсё, што меў, і заплаціць.

26    Тады раб, упаўшы, пакланіўся яму, кажучы: "уладар! пацярпі ты мне, і я ўсё табе аддам".

27    I, пашкадаваўшы таго раба, пан адпусціў яго і дараваў яму доўг.

28    А раб той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з рабоў, як сам і які быў вінаваты яму сто дынарыяў, і, схапіўшы яго, пачаў душыць, кажучы: "аддай мне, што ты вінен".

29    Дык вось той раб, упаўшы, прасіўся ў яго: "пацярпі ты мне, і я ўсё аддам табе".

30    Але ён не хацеў, а, пайшоўшы, кінуў таго ў цямніцу, пакуль ён не верне доўгу.

31    Убачыўшы ж гэта, яго таварышы моцна засмуціліся; і, пайшоўшы, расказалі свайму пану пра ўсё гэта.

32    Тады, паклікаўшы яго, пан яго кажа яму: "нягодны раб, я дараваў табе ўвесь той доўг, бо ты ўпрасіў мяне;

33    Хіба і ты не павінен быў злітавацца над таварышам тваім, як і я злітаваўся над табою?"

34    I яго пан, разгневаўшыся, перадаў яго катам, аж пакуль не аддасць яму ўсё, што вінаваты.

35    Гэтак і Мой Бацька нябесны зробіць вам, калі кожны з вас не даруе брату свайму ад сэрца свайго яго правінаў.

 

 

--------------------------------

18, 12-14. Бог любіць кожнага асобнага чалавека. Для пастуха замала дзевяноста дзевяці авечак, калі заблукала адна.

18, 22. Сэнс: не трэба лічыць, колькі разоў, а заўсёды выбачаць чужыя правіны.

18, 23 - 35. Спадзявацца на Божае дараванне можна толькі тады, калі сам даруеш бліжнім. Талент - буйная грашовая адзінка (каля 26 кг серабра). Цяжка нават уявіць тыя грошы, якія быў вінаваты раб цару - 10 тысяч талентаў, калі, скажам, даход з Ідумеі, Іудзеі і Самарыі разам складаў усяго 600 талентаў. Затое другі раб быў вінаваты свайму таварышу мізэрную суму - усяго 100 дынарыяў - адну пяцісоттысячную частку доўгу таго!


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст