Раздзел 14
ЗНЯВОЛЕННЕ I СМЕРЦЬ ІААНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ
1 У той час пачуў Ірадтэтрарх погалас пра Ісуса, Мар. 6, 14; Лук. 9,7.
2 I сказаў Ен сваім слугам: гэта Іаан
Хрысціцель; ён уваскрос з мёртвых, і таму цуды творацца ім.
3 Бо Ірад, схапіўшы Іаана, звязаў. і зняволіў яго ў цямніцу з-за Ірадыяды, жонкі Філіпа, свайго брата; Мар. 6, 17; Лук. 3, 19.
4 Таму што Іаан казаў яму: нельга табе мець яе.
5 I хацеў яго забіць, але баяўся народу, бо лічылі яго за прарока.
6 А калі быў Ірадаў дзень нараджэння, Ірадыядзіна дачка танцавала перад гасцямі і спадабалася Іраду;
7 Таму ён з клятваю абяцаў ёй даць, чаго б яна ні папрасіла.
8 А яна, падвучаная сваёю маці: дай мне,- сказала,- тут на талерцы галаву Іаана Хрысціцеля.
9 I засмуціўся цар, але дзеля клятвы і тых, што ўзлягалі з ім, загадаў даць ёй;
10 I, паслаўшы, абезгаловіў Іаана ў цямніцы.
11 I прынеслі яго галаву на талерцы і аддалі дзяўчыне; і яна аднесла сваёй маці.
12 Вучні ж яго, прыйшоўшы, узялі цела і пахавалі яго і, пайшоўшы, расказалі Ісусу.
ІСУС НАКАРМІЎ ПЯЦЬ ТЫСЯЧ ЧАЛАВЕК
13 I, пачуўшы, адплыў Ісус самотна чоўнам у пустэльнае месца. I, прачуўшы, народ пайшоў услед за ім пешкі з горада. Мар. 6, 32; Лук. 9, 10.
14 I, калі выйшаў Ісус, убачыў шмат народу і злітаваўся над імі і вылечыў іх хворых.
15 А калі настаў вечар, падышлі да Яго вучні Яго, кажучы: пустэльнае гэта месца, і ўжо час позні; адпусці народ, каб пайшлі ў вёскі і купілі сабе яды.
16 А Ісус сказаў ім: не трэба ім адыходзіць; дайце вы ім паесці.
17 А яны кажуць Яму: не маем тут, толькі пяць хлябоў і дзве рыбы. Мар. 6, 38; Лук. 9, 13; Іаан. 6, 9.
18 Ен жа сказаў: прынясіце Мне іх сюды.
19 I, загадаўшы натоўпу ўзлегчы на траву, узяў пяць хлябоў і дзве рыбы і, паглядзеўшы на неба, блаславіў і, ламаючы, даваў вучням хлябы, а вучні - народу.
20 I елі ўсе і наеліся; а з пазасталых кавалкаў назбіралі дванаццаць поўных кошыкаў.
21 А тых, што елі, было каля пяці тысяч мужчын, апроч жанчын і дзяцей.
ІСУС ІДЗЕ ПА ВАДЗЕ
22 I зараз жа загадаў Ен Сваім вучням увайсці ў човен і плысці раней за Яго на другі бок, пакуль Ен не адпусціць народ.
23 I, адпусціўшы народ, Ен узышоў на гару ў адзіноце памаліцца, і, калі настаў вечар, адзін быў там. Мар. 6, 46; Іаан. 6, 15.
24 А човен ужо быў на сярэдзіне мора, і яго кідала хвалямі, бо вецер быў супроцьны.
25 У чацвёртую ж начную варту падышоў да іх Ісус, ступаючы па моры.
26 I, убачыўшы, як Ен ідзе па моры, вучні ўстрывожыліся, кажучы: гэта здань; і са страху закрычалі.
27 Але Ісус зараз жа загаварыў з імі, кажучы: супакойцеся; гэта Я, не бойцеся.
28 У адказ жа яму Пётр сказаў: Госпадзе, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе.
29 А Ен сказаў: ідзі. I, ступіўшы з чоўна, Пётр пайшоў па вадзе, каб падысці да Ісуса.
30 Але, бачачы моцны вецер, спалохаўся; і, пачаўшы тапіцца, закрычаў, кажучы: Госпадзе, ратуй мяне!
31 I зараз жа Ісус працягнуў руку, схапіў яго і кажа яму: малаверны, навошта засумняваўся?
32 I, калі яны ўвайшлі ў човен, вецер суняўся.
33 А тыя, што былі ў чоўне, падышоўшы, накланіліся Яму, кажучы: Ты сапраўды Сын Божы.
ВЫЛЕЧВАННЕ ХВОРЫХ У ЗЯМЛІ ГЕНІСАРЭЦКАЙ
34 I, пераправіўшыся, прыбылі яны ў зямлю Генісарэцкую. Мар. 6, 53.
35 I жыхары тае мясцовасці, пазнаўшы Яго, наказалі па ўсёй той ваколіцы; і прынеслі да Яго ўсіх хворых;
36 I прасілі Яго, каб толькі дакрануцца да краю Яго вопраткі; і хто дакрануўся, панравіўся.
--------------------------------
14, 1-4. Ірадтэтрарх (уладар чацвёртай часткі краіны) - Ірад Анціпа, сын Ірада Вялікага. Яшчэ пры жыцці брата Філіпа ён забраў у яго жонку. Іаан Хрысціцель, не вагаючьгся, адразу ж асудзіў гэта, сваімі папрокамі падпісаўшы сабе смяротны прысуд.
14, 6. У крэпасці Махерон, дзе адбывалася святкаванне, паводле Іосіфа Флавія, быў пакараны Іаан Хрысціцель.
14, 22- 23. Ісуса народ прагнуў абвясціць царом, вось чаму Ісус і хацеў адысці непрыкметна.
14, 25. "У чацвёртую варту" - ноч у іудзеяў, як і ў рымлян, дзялілася тады на чатыры трохгадзінныя "варты": першая - з 6 да 9 вечара, другая - з 9 да 12 ночы, трэцяя - з апоўначы да 3 раніцы і чацвёртая - з 3 да 6 раніцы.
|