01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
7
1 „Ня судзіце, каб вас ня судзілі; 2 Бо якім судам судзіце, такім і вас будуць судзіць; і якой мераю мераеце, такой і вам адмераюць. 3 I чаму ты бачыш стрэмку ў воку брата свайго, а бярна ў воку сваім ня чуеш? 4 Або, як скажаш брату свайму: 'Дазволь, я выму стрэмку з вока твайго'; а во, у воку тваім бярно? 5 Двудушніча! вымі ўперад бярно з вока свайго, і тады абачыш, як выняць стрэмку з вока брата свайго.
6 „Не давайце сьвятасьці сабакам і ня кідайце пэрлаў сваіх перад сьвіньмі, каб яны не патапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разарвалі вас.
7 „Прасіце, і дасца вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам; 8 Бо кажны просячы адзержуе, і шукаючы знаходзе, і стукаючаму адчыняюць. 9 Ці ё памеж вас такая людзіна, каторая, калі сын ейны папросе ў яе хлеба, падасьць яму камень? 10 I калі папросе рыбы, падасьць яму гада?" 11 Дык, калі вы, будучы благімі, умееце добрае даваць дзяцём сваім, пагатове Айцец ваш нябёсны дасьць добрае просячым у Яго.
12 „Дык у вусім, чаго хочаце, каб вам рабілі людзі, тое самае рабіце вы ім; бо ў гэтым закон а прарокі.
13 „Уходзьце перазь цесную браму, бо шырокая брама й прасторная дарога тыя, што ўводзяць у загубу, і шмат хто ўходзе перазь іх; 14 Бо цесная брама й вузкая дарога тая, што вядзець да жыцьця, і мала хто знаходзе іх.
15 „Сьцеражыцеся хвальшывых прарокаў, што прыходзяць да вас у вадзецьцю авечым, а ўнутры - ваўкі дзярлівыя.
16 „Подле пладоў іхных пазнаеце іх. Ціж зьбіраюць ізь церня віно альбо з асоту фігі? 17 Гэтак усякае дзерва добрае родзе й плады добрыя, а благое дзерва родзе й плады благія. 18 Ня можа дзерва добрае радзіць плады благія, ані дзерва благое радзіць плады добрыя. 19 Кажнае дзерва, што ня родзе плоду добрага, сьцінаюць і кідаюць у цяпло. 20 Дык із пладоў іхных пазнаце іх.
21 „Ня кажны, што кажа Імне: 'Спадару!' увыйдзе ў гаспадарства нябёснае, але поўнячы волю Айца Майго, што ў нябёсах. 22 Шмат хто скажа Імне таго дня: 'Спада́ру! Спада́ру! ці не ад Твайго імені мы праракалі? і ці не Тваім імям нячысьцікаў выганялі? і ці не Тваім імям шмат магучых учынкаў чынілі?' 23 I тады азнаймлю ім: 'Я ніколі ня знаў вас; адыйдзіце ад Мяне, дзеючыя бяспраўе'.
24 „Дык кажны, хто слухае словы Мае гэтыя і поўне іх, падобны да мужа разумнага, што пастанаві́ў дом свой на ска́ле; 25 I лінуў лівун, і разьліліся рэкі, і павеялі вятры, і рынуліся на дом тый, і ён не заваліўся, бо закладзены быў на ска́ле. 26 А кажны, хто слухае гэтыя словы Мае і ня поўне іх, будзе падобны да неразважнае людзіны, што пастанавіла дом свой на пяску; 27 I лінуў лівун, і разьліліся рэкі, і павеялі вятры, і рынуліся на дом тый; і ён заваліўся, і быў пад яго вялікі."
28 I сталася, як Ісус скончыў словы гэтыя, што люд дзіваваўся з навукі Ягонае, 29 Бо Ён вучыў іх, як уладу маючы, а не як іхныя кніжнікі а фарысэі.
|