Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Евангеля подле сьвятога Мацьвея


 

 

Евангеля подле сьвятога Мацьвея

01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14
15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27
– 28

 

5

1 I, бачачы груды, узышоў Ён на гару; і, як сеў, падышлі да Яго ву́чанікі Ягоныя. 2 I, адчыніўшы вусны Свае, Ён навучаў іх, кажучы:

3 „Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ё гаспадарства нябёснае. 4 Шчасьлівыя засмучоныя, бо яны будуць пацешаны. 5 Шчасьлівыя лагодныя, бо ім спадзець зямля. 6. Шчасьлівыя прагнучыя й сьмягнучыя справядлівасьці, бо яны будуць насычаны. 7 Шчасьлівыя міласэрныя, бо яны адзяржаць міласэрдзе. 8 Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны абачаць Бога. 9 Шчасьлівыя чынячыя супакой, бо яны сынамі Божымі названы будуць. 10 Шчасьлівыя перасьледаваныя за справядлівасьць, бо іх ё гаспадарства нябёснае. 11 Шчасьлівы вы, калі будуць вярнуць на вас і перасьледаваць, і будуць, манячы, мовіць на вас усялякае ліха дзеля Мяне. 12 Раду́йцеся а весяліцеся, бо нагарода ваша вялікая на нябёсах, бо так перасьледавалі прарокаў, што былі перад вамі.

13 „Вы - соль зямлі. Калі ж соль згубе свой смак, чым пасаліць яе? Бо яна ня мае моцы свае, хіба толькі выкінуць яе вон, каб тапталі яе людзі. 14 Вы - сьвятло сьвету. Ня можа места схавацца, стоячы на версе гары. 15 I, як паляць лянпу, ня ставяць яе пад карэц, але на падстаноўку, і сьвеце ўсім у хаце. 16 Гэтак няхай сьвеце сьвятло вашае перад людзьмі, каб яны бачылі добрыя ўчынкі вашыя і ўславілі Айца вашага, Каторы на нябёсах.

17 „Ня думайце, што Я прышоў узрушыць закон альбо прарокаў; Я ня прышоў узрушыць, але спаўніць. 18 Бо запраўды кажу вам: пакуль ня мінець неба й зямля, ні водная ёта альбо ні водная рыска ня мінець із закону, аж пакуль усё ня станецца. 19 Дык хто ўзруша адно з расказаньняў гэтых найменшых і так навуча людзёў, - найменшым будзе названы ў гаспадарстве нябёсным; а хто споўне а навуча, тый вялікім будзе названы ў гаспадарстве нябёсным. 20 Бо кажу вам: калі справядлівасьць ваша не пярэйдзе справядлівасьці кніжнікаў а фарысэяў, дык ніяк ня ўвыйдзеце ў гаспадарства нябёснае.

21 „Вы чулі, што сказана старавечным: 'Не забівай; а хто заб'ець, падпадзець пад суд'. 22 А я кажу вам, што кажны, хто злуецца на брата свайго дарма, падпадзець пад суд; а хто скажа брату свайму 'рака' (Пустыня), падпадзець пад сынэдрыён; а хто скажа 'дурань', падпадзець пад пекляное цяпло. 23 Дык, калі ты прынясеш дар свой да аброчніка і там успомніш, што брат твой мае штось на цябе; 24 Пакінь там дар свой перад аброчнікам, і пайдзі, уперад пагадзіся з братам сваім, і тады прыйдзі й абрачы дар свой. 25 Пагадзіся з праціўнікам сваім борзда, пакуль ты яшчэ ў дарозе зь ім, каб праціўнік рэдчас не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя - слузе, і ня ўкінулі цябе ў вязьніцу. 26 Запраўды кажу табе: ня выйдзеш стуль, пакуль не аддасі апошняга шэляга.

27 „Вы чулі, што сказана справядлівым: 'Не чужалож'. 28 А Я кажу вам, што кажны, хто глядзіць на жонку із жадлівасьцяй, ужо шчужаложыў зь ёй у сэрцу сваім. 29 Калі правае вока тваё спакушае цябе, вылупі яго й кінь ад сябе, бо валей табе, каб загінуў адзін із чаланоў тваіх, а ня ўсё цела твае было ўкінена ў ґегену. 30 I калі правая рука твая спакушае цябе, адатні яе й кінь ад сябе, бо валей табе, каб загінуў адзін із чаланоў тваіх, а ня ўсё цела твае было ўкінена ў ґегену.

31 „I сказана: 'Калі хто адпушчае жонку сваю, няхай дасьць ёй разводны ліст'. 32 А Я кажу вам, што кажны, хто адпушчае жонку сваю, апрача віны чужалоства, тый даець прычыну да яе чужалоства; і хто ажэніцца з разьведзенай, тый чужаложа.

33 „Ізноў вы чулі, што сказана старавечным: 'Не прысягай хвальшыва, але паўні прысягі свае Спадару'. 34 А Я кажу вам: не прысягайце сусім: ані небам, бо яно пасад Божы; 35 Ані зямлёю, бо яна казюлька пад ногі Ягоныя; ані Ерузалімам, бо ён места вялікага Караля; 36 Ані галавою сваёй не прысягай, бо ня можаш ні воднага воласа зрабіць белым альбо чорным. 37 Але няхай будзе слова вашае: 'але, але', 'не, не'; а што звыш гэтага - ад злога.

38 „Вы чулі, што сказана: 'Вока за вока і зуб за зуб'. 39 А Я кажу вам: не праціўся благому. Але хто вытне цябе ў правую шчаку тваю, абярні да яго й другую; 40 I хто захоча прававацца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму й вопратку; 41 I хто прысіле цябе йсьці зь ім адну мілю, ідзі зь ім і дзьве. 42 Хто просе ў цябе, дай, і хто хоча пазычыць у цябе - не адварачайся.

43 „Вы чулі, што сказана: 'Любі прыяцеля свайго, і ненавідзь непрыяцеля свайго: 44 А Я кажу вам: любіце не́прыяцеляў сваіх, дабраслаўце клінучых вас, рабіце дабро ненавідзячым вас і маліцеся за крыўдзячых вас і перасьляду́ючых вас, 45 Каб вы былі́ сынамі Айца вашага Нябёснага, бо Ён расказуе сонцу Свайму ўсходзіць над благімі й добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых. 46 Бо, калі вы будзеце любіць любячых вас, якая вам нагарода? Ці ня тое ж робяць і мытнікі? 47 I калі вы веціце толькі братоў сваіх, што асаблівага робіце? Ці ня так робяць і пагане? 48 Дык будзьце дасканальныя, як дасканальны Айцец ваш нябёсны.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст