01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
22
1 I, адказуючы, Ісус гу́каў ім ізноў прыпавесьцьмі, кажучы: 2 „Падобнае гаспадарства нябёснае да караля, што справіў вясельную чэсьць сыну свайму. 3 I паслаў слугаў сваіх, каб пагука́лі пазваных на вясельле; і не хацелі прыйсьці. 4 Ізноў паслаў іншых слугаў, сказаўшы: 'Скажыце пазваным: вось я прыгатаваў вячэру сваю, валы свае і што ўкормлена, зарэзана, і ўсе гатова; прыходзьце на вясельную чэсьць'. 5 Але яны ўлегцы замелі тое, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да гандлю свайго. 6 Засталыя, схапіўшы слугаў ягоных, зьняважылі іх і забілі. 7 I, пачуўшы гэта, кароль угневаўся; і, паслаўшы войска сваё, выгубіў убіўцаў тых, а места іхнае спаліў. 8 Тады кажа ён слугам сваім: 'Вясельная чэсьць гатова, а пазваныя ня былі́ годныя; 9 Дык ідзіце на ростані і ўсіх, каго знойдзеце, гука́йце на вясельле'. 10 I слугі тыя, вышаўшы на дарогі, зьберлі ўсіх, каго толькі знайшлі, і благіх і добрых, і вясельная хароміна напаўні́лася ўзьляжачымі. 11 Кароль, увыйшоўшы паглядзець узьляжачых, абачыў там чалавека, што ня быў адзеўшыся ў вясельным адзецьцю; 12 I кажа яму: 'Прыяцелю! як ты ўвыйшоў сюды не ў вясельным адзецьцю?' Ён жа маўчаў. 13 Тады сказаў кароль служцом: 'Зьвязаўшы яму рукі й ногі, вазьміце яго й кіньце ў цемру навонную; там будзе плач а скрыгот зубамі; 14 Бо шмат пазваных, але мала абраных".
15 Тады фарысэі пайшлі й ра́дзіліся, як бы злавіць Яго ў гаворцы. 16 I пасылаюць да Яго ву́чанікаў сваіх із Гіродыянамі, кажучы: „Вучыцелю! мы ведаем, што Ты праўдзівы, і дарогі Божае праўдзіва вучыш, дый на нікога не зважаеш, бо не аглядаешся на асобу людзку́ю; 17 Дык скажы нам: як табе здаецца? ці дазволена даваць падачкі цэсару, ці не?" 18 Але Ісус, бачачы нягоднасьць іхную, сказаў: „Нашто спакушаеце Мяне, двудушнікі? 19 Пакажыце Імне манэту, каторай плаціце падачкі". Яны прыне́сьлі Яму дынар. 20 I кажа ім: "Чый абраз тут а напіс?" 21 Кажуць Яму: „Цэсаравы". Тады кажа ім: „Дык аддайце цэсарава цэсару, а Божае - Богу". 22 Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся і, пакінуўшы Яго, пайшлі.
23 Таго ж дня дабліжыліся да Яго садукеі, каторыя кажуць, што няма ўскрысеньня, і папыталіся ў Яго: 24 „Вучыцелю, Масей сказаў: 'Калі хто памрэць, ня маючы дзяцей, то брат ягоны хай ажэніцца із жонкаю ягонай і прыдба́е насеньне брату свайму'. 25 Было ў нас сямёх братоў: і першы, ажаніўшыся, памер і, ня маючы дзяцей, пакінуў жонку сваю брату свайму. 26 Падобна й другі й трэйці аж да сёмага. 27 Просьле ж усіх паме́рла й жонка. 28 Дык у часе ўскрысеньня, каторага ізь сямёх будзе яна жонкаю? бо ўсі мелі яе". 29 Ісус, адказуючы, сказаў ім: „Мыляецеся, ня ведаючы Пісьма ані моцы Божае; 30 Бо ў часе ўскрысеньня ані жэняцца, ані выходзяць замуж, але будуць, як ангілы Божыя на нябёсах. 31 А праз ускрысеньне мертвых ці ня чыталі вы, што сказаў вам Бог: 32 'Я Бог Абрагамоў, і Бог Ісакоў, і Бог Якаваў' ? Бог ня ё Бог мертвых, але жывых". 33 I як груды чулі, яны зумяваліся з навукі Ягонае.
34 А фарысэі, пачуўшы, што Ён прысі́ліў садукеяў змоўкці, зьберліся разам. 35 I, пытаючы адзін ізь іх, законьнік, спакушаў Яго: 36 „Вучыцелю, якое найвялікшае расказаньне ў Законе?" 37 Ісус сказаў яму: „Любі Спадара Бога свайго з усяго сэрца, і з усяе душы свае, і з усяе думкі свае. 38 Гэта вялікае а першае расказаньне. 39 Другое ж падобнае да яго: любі прыяцеля свайго, як самога сябе. 40 На гэтых двух расказаньнях увесь Закон а прарокі дзяржацца".
41 А як зьберліся фарысэі, Ісус папытаўся ў іх: 42 „Што вы думаеце праз Хрыста? чый Ён сын?" Кажуць Яму: „Давідаў". 43 Кажа ім: „Як жа Давід у духу завець Яго Спадаром, кажучы: 44 'Сказаў Спадар Спадару́ майму: Сядзі па правіцы Маей, пакуль палажу не́прыяцеляў Тваіх пад ногі Твае'? 45 Дык калі Давід завець Яго Спадаром, як жа Ён сын яму?" 46 I ніхто ня мог адказаць Яму ані слова; і адгэнуль ніхто ўжо ня важыўся пытацца ў Яго.
|