01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
17
1 А дзён за шэсьць бярэць Ісус Пётру, Якава а Яана, брата ягонага, і ўзводзе іх асобна на гару высокую. 2 I адмяніўся перад імі: і зазьзяла відзеньне Ягонае, як сонца, адзецьці ж Ягоныя сталі белыя, як сьвятліня. 3 I вось, паказаліся ім Масей а Ільля, гу́каючы зь Ім. 4 I, адказуючы, Пётра сказаў Ісусу: „Спада́ру! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры буданы: Табе адзін, і Масею адзін, і адзін Ільлі". 5 Як ён яшчэ гу́каў, вось, булак сьветлы ахінуў іх; і вось, голас із булаку кажучы: „Гэта ё Сын Мой Умілаваны, Каторага Я вельмі ўпадабаў; Яго слухайце". 6 I, пачуўшы, ву́чанікі палі ніцма, і вельма спалохаліся. 7 Але Ісус, прыступіўшыся, даткнуўся да іх і сказаў: „Устаньце й не палохайцеся". 8 I ўзьняўшы вочы свае, яны нікога не абачылі, апрача аднаго Ісуса.
9 I як яны зыходзілі з гары, Ісус забараніў ім, кажучы: „Нікому не кажыце пра гэту ві́дзень, пакуль Сын Людзкі́ ня ўскрэсьне зь мертвых".
10 I папыталіся ў Яго ву́чанікі Ягоныя: „Як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мае прыйсьці ўперад?" 11 I, адказуючы, Ісус сказаў ім: „Запраўды, Ільля мае прыйсьці ўперад і ўладзіць усе; 12 Але кажу вам, што Ільля ўжо прышоў, і не пазналі яго, а зрабілі зь ім, што хацелі; гэтак і Сын Людзкі́ будзе цярпець ад іх". 13 Тады ву́чанікі зразумелі, што Ён казаў ім празь Яана Хрысьціцеля.
14 I як яны прышлі да груду, то прыступіў да Яго чалавек і, уклякшы перад Ім, 15 Сказаў: „Спада́ру! зьмілу́йся над сынам маім, бо ён люнатык, і вельма мучаецца, бо часта валіцца ў вагонь і часта - ў ваду. 16 I я быў прывёўшы яго да ву́чанікаў Тваіх, але яны не маглі ўздаравіць яго". 17 I Ісус, адказуючы, сказаў: „О родзе няверны а крутадушны! пакуль буду з вамі? пакуль буду цярпець вас? прывядзіце яго да Мяне сюды". 18 I зганіў яго Ісус; і нячысьцік вышаў зь яго; і дзяцюк ачуняў тае ж гадзіны.
19 Тады ву́чанікі, прыступіўшыся да Ісуса наадзіноце, сказалі: „Чаму мы не маглі выгнаць яго?" 20 Ісус жа сказаў ім: „З прычыны няверы вашае; бо запраўды кажу вам: калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зярнё і скажаце гары гэтай: 'Перайдзі адгэтуль туды', і яна пярэйдзе; і нічога ня будзе немагчымага вам. 21 Гэты ж род выганяецца адно малітваю а постам".
22 I як яны перабывалі ў Ґалілеі, Ісус сказаў ім: „Сын Людзкі́ неўзабаве выданы будзе ў рукі людзкі́я; 23 I заб'юць Яго, і на трэйці дзень ускрэсьне". I яны вельмі засмуціліся.
24 I прышлі яны да Капернауму, і падышлі да Пётры зьбіраньнікі дыдрахмаў, і сказалі: „Ці ня дасьць Вучыцель ваш дыдрахмы?" 25 Ён адказаў: „Але́". I як увыйшоў ён у дом, то Ісус, выпярадзіўшы яго, сказаў: „Як табе здаецца, Сымоне, каралёве земныя з каго бяруць мыта альбо падачкі: із сыноў сваіх, ці з чужых?" 26 Пётра кажа Яму: „3 чужых". Ісус сказаў яму: „Значыцца, сынове вольныя. 27 Але каб нам не зрабіць спадману ім, пайдзі да мора, закінь вуду, і першую рыбу, каторую зловіш, вазьмі, і, рашчыніўшы ў яе рот, знойдзеш статыр; вазьмі яго і аддай ім за Мяне й за сябе".
|