01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
13
1 I таго ж дня, вышаўшы з дому, Ісус сеў ля мора. 2 I зьберліся да Яго чысьленыя груды, так што Ён увыйшоў у струг і сеў, а ўвесь груд стаяў на беразе. 3 I гу́каў ім шмат прыпавесьцьмі, кажучы: „Вось, вышаў сяўбіт сеяць; 4 I як ён сеяў, адныя палі край дарогі, і наляцелі птушкі, і паклявалі іх; 5 А другія палі на месцы камяністыя, ідзе ня шмат было зямлі, і неўзабаве абышлі, бо зямля была́ няглыбокая; 6 Як жа ўзышло сонца, зьвялі і, ня маючы карэньня, ссохлі; 7 А іншыя палі ў церне, і вырасла церне, і заглушыла іх; 8 Але іншыя палі ў добрую зямлю й далі́ плод: адно сто разоў, другое шасьцьдзясят, іншае трыццаць. 9 Хто мае вушы, няхай слухае!"
10 I, прыступіўшы, ву́чанікі сказалі Яму: „Чаму гу́каеш ім прыпавесьцьмі?". 11 Ён, адказуючы, сказаў: „Бо вам дана ведаць тайны гаспадарства нябёснага, але ім ня было дана; 12 Бо хто мае, таму дасца, і ў яго будзе збытак; а хто ня мае, у таго будзе нават аднята й тое, што мае. 13 Затым кажу ім прыпавесьцьмі, што яны, гледзячы, ня бачаць, і, слухаючы, ня чуюць ані разумеюць. 14 I споўніцца на іх прароцтва Ісаі, што кажа: 'Прыслуха́ючыся, будзеце слухаць, і не зразумееце; і прыглядаючыся, глядзець будзеце, і не зацеміце; 15 Бо абрасло тукам сэрца люду гэтага, і вушамі яны ледзь чуюць, і вочы свае яны зачынілі, каб не абачыць ачыма, і вушамі не пачуць, і сэрцам не зразумець, і не навярнуцца, каб Я не ўздаравіў іх'. 16 Вашы ж вочы шчасьлівыя, бо бачаць, і вушы вашы, бо чуюць; 17 Бо запраўды кажу вам, што шмат прарокаў а справядлівых жадала бачыць тое, што вы аглядаеце, і не абачылі, і чуць тое, што вы чуеце, і не пачулі.
18 „Вы ж услу́хайцеся ў прыпаве́сьць празь сяўбіта. 19 Да кажнага, хто чуе слова праз гаспадарства і не разумее, прыходзе злы й хапае пасеянае ў сэрцу ягоным: гэта пасеянае край дарогі. 20 А пасеянае на скалістых месцах - гэта тый, хто чуе слова і неўзабаве з радасьцяй прыймае яго; 21 Але ня мае караня ў сабе і часны, а як настаець уціск альбо перасьледава́ньне за слова, неўзабаве спатыкаецца. 22 А пасеянае ў церню - гэта, хто чуе слова, але клопат гэтага веку й спадман багацьця глуша слова, і яно робіцца бясплодным. 23 Пасеянае ж у добрую зямлю - гэта, хто чуе слова й разумее, гэты родзе плод і даець: хто сто, хто шасьцьдзясят, хто трыццаць".
24 Другую прыпаве́сьць прывёў Ён ім, кажучы: „Падобнае гаспадарства нябёснае да чалавека, што пасеяў добрую сяўбу на полю сваім; 25 Але, як людзі спалі, прышоў не́прыяцель ягоны, і насеяў кукелю памеж пшонкі, і адышоў. 26 Як жа збожжа абышло й наліло й дало плод, тады выявіўся й кукель. 27 I, прышоўшы, чаляднікі гаспадаровы сказалі яму: 'Спада́ру, ці ня добрую сяўбу пасеяў ты на полю сваім? скуль жа ў ім кукель?' 28 Ён сказаў ім: 'Не́прыяцель зрабіў гэта'. Чаляднікі́ ж яму кажуць: 'Ці хочаш, каб мы пайшлі й выпалалі?' 29 Але ён кажа: 'Не, каб, вырываючы кукель, вы ня вырвалі зь ім разам і пшонкі. 30 Пакіньце расьці абое да жніва, і ў жніво я скажу жнеям: вырвіце ўперад кукель і зьвяжыце ў вязанкі, каб спаліць іх; а пшонку зьбярэце на ток мой'".
31 Іншую прыпавесьць сказаў Ён ім: „Падобнае гаспадарства нябёснае да зярняці гарчычнага, каторае чалавек узяў пасеяў на полю сваім. 32 Яно запраўды найменшае за ўсю сяўбу, але, як вырасьце, яно найбольшае сярод зельля і стаецца дзервам, так што птушкі нябёсныя прылятаюць і віюць гнезды ў гольлю яго".
33 Іншую прыпаве́сьць сказаў Ён ім: „Падобнае гаспадарства нябеснае да рашчыны, каторую, узяўшы, жонка замясіла ў тры меркі мукі, пакуль ня ўкісла ўсе".
34 Усе гэта Ісус гу́каў грудом прыпавесьцямі, а без прыпавесьці ня гу́каў ім; 35 Каб спаўнілася сказа́нае прарокам, што кажа: „Адчыню прыпавесьцьмі вусны Свае; вымаўлю схаванае ад закладзінаў сьвету".
36 Тады, адаслаўшы груды, Ісус, увыйшоў у дом. I прыступілі да Яго ву́чанікі Ягоныя, кажучы: „Зьясьні нам прыпавесьць праз палявы кукель". 37 Ён жа, адказуючы, сказаў: „Сяўбіт добрае сяўбы ё Сын Людзкі́; 38 Поле ё сьвет; добрая сяўба, гэта - сынове гаспадарства, а кукель - сынове злога; 39 Не́прыяцель, што пасеяў яго, ё д'ябал; жніво ё канчатак веку, а жнеі - ангілы. 40 Затым, як вырываюць кукель і паляць цяплом, так будзе пры канчатку гэтага веку: 41 Пашлець Сын Людзкі́ ангілаў Сваіх, і зьбяруць із гаспадарства Ягонага ўсі спадманы і робячых бяспраўе, 42 I ўкінуць іх у печ агняную; там будзе плач а скрыгот зубамі. 43 Тады справядлівыя будуць зьзяць, як сонца, у гаспадарстве Айца свайго. Хто мае вушы, няхай слухае!
44 „Падобнае гаспадарства нябёснае да скарбу, схаванага на полю. каторы, знайшоўшы, людзіна́ тое, і з радасьці зь яго йдзець і прадаець усе, што мае, і купляе поле тое.
45 „Яшчэ падобнае гаспадарства нябёснае да купца, што шукае харошых пэрлаў, 46 Каторы, знайшоўшы адну дарагую пэрлу, адыйшоўшы, прадаў усе, што меў, і купіў яе.
47 „Яшчэ падобнае гаспадарства нябёснае да неваду, закіненага ў мора, што захапляе ўсячыну, 48 Каторы, як напаўні́ўся, выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрую зьберлі ў судзьдзе, а благую выкінулі вон. 49 Гэтак будзе пры канчатку веку: пойдуць ангілы, і вылучаць благіх з пасярод справядлівых, 50 I ўкінуць іх у печ агняную: там будзе плач а скрыгот зубамі".
51 I папытаўся ў іх Ісус: „Ці зразумелі вы ўсе гэта?" Яны адказалі Яму: „Але́, Спада́ру!" 52 Ён жа сказаў ім: „Затым кажны кніжнік, навучаны гаспадарства нябёснага, падобны да дамовага гаспадара, што выносе із скарбніцы свае новае й старое".
53 I сталася, як скончыў Ісус прыпавесьці гэтыя, Ён пайшоў стуль. 54 I, прыйшоўшы да краіны Свае, вучыў іх у бажніцы іхнай, так што зумяваліся яны й казалі: „Скуль у Яго мудрасьць гэтая й магучыя ўчынкі? 55 Ці ня Ён сын цесьлі? Ці ня Маці Ягоная завецца Марыя, і браты Ягоныя Якаў, Язэп, Сымон а Юда? 56 I сёстры Ягоныя ці ня ўсі з намі? У Яго ж скуль усе гэта?". 57 I мелі спаткненьні з прычыны Яго. Ісус жа сказаў ім: „Няма прарокі бязь сьці, хіба адно ў краю сваім а ў доме сваім". 58 I ня зьдзеяў там шмат магучых учынкаў з прычыны няверы іхнае.
|