Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 21 жніўня - Пасьвяцьце Ўсьпеньня і сьв. апостала Тадэя


 

 

21 жніўня - Пасьвяцьце Ўсьпеньня і сьв. апостала Тадэя

і сьвятога айца нашага Аўраама Смаленскага і вучня ягонага Ахрэма


Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу ...":

Апостала (тон 8). Блаславёны апостале Тадэю, ты дакрануўся да нябеснага сьвятла і стаўся другасным сьвятлом, што разьвеяла ноч шматбожжа, і шмат душ прывёў да Ўсемагутнага. Дзеля гэтага цяпер з радасьцю спраўляем тваю сьветлую памяць і славім Хрыста.

Блаславёны і богапрыемны Тадэю, пасьля сьветлага боскага ўваскрасеньня Хрыстовага і ўзьнясеньня на неба, табе даверана было прапаведаньне ў горадзе Эдэсе. Ты прыйшоў туды і ўмацаваў у праўдзе князя Агара, а з ім усіх жыхараў, словамі і цудамі.

Блаславёны і мудры Тадэю, дотыкам тваім ты вяртаў зрок сьляпым, калекаў лячыў, хворых ацаляў і расслабленых умацоўваў, а невучоным даваў разуменьне збавенных праўдаў, бо ты быў багаты дараваньнямі ўсядзейнага Духа. Дзеля гэтага славім цябе.

Аўрама (тон 5). Сьвяты ойча Аўраме, ты ўзышоў на духоўную гару і, быццам новы Майсей, атрымаў ад Бога табліцы Евангельля Хрыстовага, якое ты абвяшчаў голасна на ўвесь сьвет. Ты навучаў і прасьвятляў усіх, накіроўваў да богаразуменьня і казаў: "Пакайцеся і навярніцеся, бо ўжо наблізіўся грозны судны дзень Гасподні". Маліся цяпер няспынна Хрысту Богу дараваць супакой сьвету і душам нашым багацьце зьмілаваньня.

Сьвяты ойча Аўраме, узмоцнены сілаю крыжа, ты застаўся непахісным пад ударамі ворага і выкрыў ягоныя хітрасьці. Узышоўшы пераможна на неба, ты жывеш цяпер разам са сьвятымі ў прысутнасьці Хрыста. Малі Яго, мудры, дараваць згоду Царкве, супакой сьвету і веліч зьмілаваньня.

Блаславёны ойча, ты прыпаў да Евангельля Хрыстовага і зачэрпнуў адтуль жывую ваду вучэньня, якую ты даваў піць ўсім, хто прыходзіў да цябе. І вось Ахрэм мудры, напіўшыся яе, пайшоў разам з табою сьледам за Хрыстом. Цяпер вы абодва жывеце разам з Ім: дык маліце Яго дараваць краіне нашай супакой і ўмацаваць нас усіх у любові і веры.

Слава ...:

(Тон 6). Ты захаваў у сабе непашкоджаным вобраз Божы, пастом змагаўся з благімі пажаданьнямі і падпарадкаваў ніжэйшыя нахілы тваёй прыроды вышэйшым, зрабіўшы цела паслухмяным духу. Ты быў настаўнікам манахаў, прыкладам дабрадзейнасьцяў, суцяшэньнем і ўмацаваньнем тых, што імкнуцца да Бога. Цяпер у небе, не ў люстры, але чыстым зрокам бачыш, ойча Аўраме, Тройцу Сьвятую. Маліся перад Ёю за тых, што шануюць цябе.

Цяпер ...:

(Тон 6). Апосталы і прапаведнікі Божага слова, быццам несеныя на хмары, з усіх куткоў зямлі сабраліся на Сыён, каб бачыць слаўнае і сьвятое ўсьпеньне Божае Маці і пахаваць Тую, якая нарадзіла Госпада, Прыстулак і непераможную Абарону верных на зямлі.


Чытаньне кнігі Мудрасьці

Душы праведных у руцэ Бога, і мука не кране іх. Вачом неразумных здавалася, што яны памерлі, іхняе перастаўленьне ўважалася за няшчасьце, і адыход іх ад нас – за згубу; але яны жывуць у супакоі. Бо, хоць паводле людзкога разуменьня іх сустрэла кара, надзея іх поўная несьмяротнасьці. Пацярпеўшы крыху, яны зазнаюць вялікіх дабрадзействаў. Бог іх дасьведчыў і знайшоў дастойнымі сябе. Ён іх выпрабаваў, як золата ў горне і прыняў іх, як цэлапальную ахвяру. У дзень іхняга наведаньня яны зазьзяюць і рассыплюцца, быццам іскры па іржышчы. Будуць судзіць плямёны і панаваць над народамі, і Госпад будзе ўладаром іхнім давеку. Тыя, што спадзяваліся на Яго, зразумеюць праўду, верныя ў любові будуць з Ім прабываць. Бо ласка і міласэрнасьць Ягоная для сьвятых Яго, і Ён наведае абраных сваіх. (3:1-10)

Чытаньне кнігі Мудрасьці

Праведнікі вечна жыць будуць, і іхняя ўзнагарода ў Госпада, і Ўсявышні будзе клапаціцца аб іх. Дзеля гэтага атрымаюць карону славы і вянец красы з рукі Госпада. Ён іх пакрые правай рукой сваёй і будзе ахоўваць іх плячом сваім. За зброю возьме раўнівую любоў сваю, і ўзброіць стварэньне на пакараньне ворагаў. Апранецца ў панцыр справядлівасьці і шоламам ягоным будзе суд бесстароньні. За шчыт непераможны возьме сабе сьвятасьць і навострыць, быццам меч, гнеў суровы. І разам з Ім увесь сьвет пойдзе на бой супраць бяздумных. Палятуць з хмараў стрэлы маланак, паімчацца да мэты, быццам з нацягнутага луку; і прашчы будуць шпурляць град гневу. Воды марскія ўзбурацца супраць іх, і рэкі затопяць іх бязьлітасна. Уздымецца супраць іх дух Магутнасьці і, быццам бура, іх паразьвявае. Так беззаконьне спустошыць зямлю, а нікчэмнасьць разбурыць пасады моцных. Дык слухайце, уладары, і разумейце! Навучыцеся, судзьдзі ўсіх краёў зямлі! Зважайце, начальнікі многіх, што хваліцеся вялікім лікам вашых падданых! Ад Госпада дадзеная вам улада, і сіла – ад Усявышняга. (5:15-6:3)

Чытаньне кнігі Мудрасьці

Праведнік, хоць бы і памёр перадчасна, знойдзе супакой. Старасьць ягоная пачэсная не даўгалецьцем, яна ня мерыцца лікам гадоў; сівізна ягоная – мудрасьць, а мера старасьці – жыцьцё беззаганнае. Ён быў да спадобы Богу, знайшоў міласьць у Яго і, жывучы сярод грэшнікаў, быў забраны, каб злосьць не адмяніла думкі ягонай, і няшчырасьць не зьвяла душы ягонай. Бо прывабнасьць злога засланяе добрае, і бура пажадлівасьцяў зацямняе правы розум. Дасягнуўшы рана дасканаласьці, ён шмат перажыў, бо душа яго была мілая Богу і таму Ён пасьпяшыў забраць яго з благога асяродзьдзя. А людзі бачылі гэта і не разумелі, і ня ўзялі сабе гэтага да сэрца, што міласэрнасьць і ласка Ягоная з абранымі Ягонымі, і провід Ягоны са сьвятымі Яго. (4:7-15)


Вершапесьні

(Тон 2). Прыйдзіце, сьветланосцы, ушануем песьнямі сьвятымі і цымбаламі слаўнае ўсьпеньне Божай Маці, бо вось Яна ад зямлі пераходзіць да нярэчыўнага жыльля і там пасяляецца ў сузіраньні Боскай дабрыні і струменіць ласку ўсім, што з вераю шануюць памяць Яе.

Верш. Устань, Госпадзе, ідзі на месца спачынку Твайго, Ты і каўчэг сьвятасьці Тваёй.

Апосталы сьвятыя, быццам на хмары, сабраліся ад усіх куткоў зямлі пахаваць Тваё, Уладарка, богапрыемнае і нятленнае цела, і нябесныя хоры, што абступілі нябачна Тваё ложа, у песьнях уславілі Цябе, кажучы: "Радуйся, новая Скарбніца сьвятасьці!".

Верш. Кляўся Госпад Давіду праўдаю і не адступіцца ад яе: "Ад нашчадкаў тваіх пасаджу на пасадзе тваім".

Недасяжная і невыказная страшная Твая тайна: Ты, Маці Божая, узбагаціла неба і прасьвятліла ўвесь сьвет, памяць Твая напоўніла ўсё духмянасьцю. Дзеля гэтага ўсе народы бласлаўляюць і славяць Цябе, і ўсклікаююць: "Радуйся, новая Скарбніца сьвятасьці!".

Слава ...:

(Тон 8). Прыйдзіце, усе верныя, каб уславіць пачэснае ўсьпеньне сьвятога айца. Ён ад маладосьці сваёй палюбіў Бога больш за ўсё і пайшоў сьледам за Ім. Усклікнем разам: "Баганосны ойча Аўраме, малі няспынна Хрыста Бога за статак твой, за супакой на ўсім сьвеце і збаўленьне душаў нашых".

Цяпер ...:

(Тон 8). Сёньня хоры дзеваў нябачна стаяць вакол сьмяротнага ложа Дзевы і Маці, і душы праведных атачаюць Уладарку і хваляць Яе. Адны, замест духмяных алейкаў, прыносяць у дары дзявоцтва; іншыя – дабрадзейнасьці і духоўныя сьпевы, бо выпадала Божай Маці як Уладарцы быць у атачэньні тых, што зьзяюць дабрадзейнасьцямі. І мы разам з імі шляхам чыстага жыцьця выйдзем на пахаваньне існай Маці Бога нашага і ў песьнях духоўных уславім Яе.


Адпушчальныя трапары

Апостала (тон 3). Апостале сьвяты Тадэю, малі міласэрнага Бога, каб Ён дараваў душам нашым адпушчэньне грахоў.

Слава ...:

Аўрама (тон 8). Быццам сонца, што промнямі сваімі разганяе цемру і асьвятляе сусьвет, так нам сёньня зазьзяла памяць твая, ўсяслаўны. Сёньня анёлы і душы праведнікаў у небе радасна сьвяткуюць, і мы, грэшныя, да цябе прыходзім і молімся: "Ойча пачэсны Аўраме, малі няспынна Хрыста Бога нашага захаваць у супакоі краіну нашую і людзей, якія з любоўю шануюць цябе".

Цяпер ...:

Сьвята (тон 1). Дзявоцтва захаваўшы ў сынараджэньні Тваім, пасьля сьмерці сьвету не пакінула Ты, Багародзіца: да жыцьця пераставілася Ты, будучы Маці жыцьця, і малітвамі Тваімі выбаўляеш ад сьмерці душы нашыя.


Літургія

Трапары

Трапар сьвята (тон 1). Дзявоцтва захаваўшы ў сынараджэньні Тваім, пасьля сьмерці сьвету не пакінула Ты, Багародзіца: да жыцьця пераставілася Ты, будучы Маці жыцьця, і малітвамі Тваімі выбаўляеш ад сьмерці душы нашыя.

Трапар Апостала (тон 3). Апостале сьвяты Тадэю, малі міласэрнага Бога, каб Ён дараваў душам нашым адпушчэньне грахоў.

Трапар Аўрама (тон 8). Быццам сонца, што промнямі сваімі разганяе цемру і асьвятляе сусьвет, так нам сёньня зазьзяла памяць твая, ўсяслаўны. Сёньня анёлы і душы праведнікаў у небе радасна сьвяткуюць, і мы, грэшныя, да цябе прыходзім і молімся: "Ойча пачэсны Аўраме, малі няспынна Хрыста Бога нашага захаваць у супакоі краіну нашую і людзей, якія з любоўю шануюць цябе".

Слава ...:

Кандак Аўрама (тон 3). Сёньня, Госпадзе, зазьзяла нам памяць сьвятога Твайго, быццам сонца, што промнямі сваімі ўсіх асьвятляе: малітвы ягоныя, разам з малітвамі Ўсячыстае Маці Твае, ад бедаў выбаўляюць усіх і робяць дарэмнымі намаганьні ворагаў. Дзеля гэтага, мы, людзі Твае і ўся краіна наша, хвалімся і выбаўляемся малітвамі ўгодніка Твайго Аўрама, пачэснага айца нашага.

Цяпер ...:

Кандак сьвята (тон 2). Надзейную заступніцу нашу Багародзіцу, што няспынна моліцца за нас, магіла і сьмерць ня здолелі ўтрымаць: паколькі Яна – Маці Жыцьця, да жыцьця перавёў Яе Той, хто пасяліўся ў дзявочым улоньні Яе.


Пракімен (Пс 115:6,3). Дарагая ў вачох Госпада сьмерць сьвятых Яго.

Верш.Чым адплачу Госпаду за ўсе дабрадзействы Яго.


Апостал: Гал 5:22-6:2


Алілуя (Пс 111:1,2). Шчасьлівы той, хто баіцца Госпада і пацяшэньне знаходзіць у запаветах Яго.

Верш. Нашчадкі яго будуць магутнымі на зямлі.


Евангельле: Мц 11:27-30


Задастойнік. Анёлы, усьпеньне Ўсячыстае бачыўшы, дзіву даліся, як гэта Дзева ўзыходзіць ад зямлі на неба.

У Табе, Усячыстая, адмяняюцца законы прыроды: мацярынства Тваё застаецца дзявочым, і сьмерць Твая аб'яўляе жыцьцё. Застаўшыся пасьля родаў дзеваю і пасьля сьмерці жывою, збаўляеш, Багародзіца, заўжды набытак Твой.


Прычасьнік. Чашу збаўленьня прыму, буду клікаць імя Гасподняе.

Памяць праведніка жыць будзе вечна: благое весткі ён не збаіцца. Алілуя, алілуя, алілуя.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст