Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 4). Трубу з золата каваную, боганатхнёны арган багаслоўя,
мора невычэрпнае догмаў, умацаваньне царкоўнае, розум нябесны, глыбіню
мудрасьці, залатую чашу, з якой мёдам цякуць салодкія рэкі вучэньня і пояць усё
стварэньне, у звонкіх песьнях усхвалім.
(Двойчы)
Зорку незаходную, якая сваімі промнямі прасьвятляе ўсё, што пад сонцам,
прапаведніка пакаяньня, залатыя вусны, што асушаюць макрату роспачы і арашаюць
сэрцы сатлелыя ад грахоў, – Яна, дастойна званага залатаслоўным, ушануем.
(Двойчы)
Зямны анёл, нябесны чалавек, ластаўка дабраслоўная і шматгалосная, скарбніца
дабрадзейнасьцяў, скала непарушная, прыклад верным, падобны да мучанікаў,
спаўжыхар анёлаў сьвятых, роўны норавам з апосталамі, Ян Залатавусны хай будзе
ўзьвялічаны ў песьнях. (Двойчы)
Слава...:
(Тон 6). Праведны і блаславёны ойча сьвяты, пастыру добры і вучню
начальніка пастыраў Хрыста, што палажыў душу сваю за авечкі, прасі сёньня,
усяхвальны Яне Залатавусны, Госпада даравць нам малітвамі тваімі веліч
зьмілаваньня.
Цяпер...:
Дагматык (тон 6). Хто Цябе не назаве шчасьліваю, Найсьвятая Дзева;
хто ня будзе славіць, Чыстая, мацярынства Тваё? Адзінародны Сын, што спрадвеку
зазьзяў ад Айца, ад Цябе, прыняўшы цела, у невыказны спосаб нарадзіўся. Будучы
праўдзівым Богам, Ён стаўся праўдзівым чалавекам дзеля нас, непадзельны на дзьве
асобы, але ў дзьвюх нязьлітных прыродах пазнавальны. Малі Яго, Чыстая і
Блаславёная, даць зьмілаваньне душам нашым.
Вершапесьні
(Тон 5). Радуйся, залаты боганатхнёны арган Царквы, чалавекалюбны
прапаведніку, які паказаў нам розныя прыклады пакаяньня; розум у золата
апраўлены, ластаўка залатавусная; галубка, што зьзяе залатымі дабрадзейнасьцямі,
струмень, з якога цякуць залатаносныя воды боскага вучэньня; вусны, якім
даручана Боскае чалавекалюбства. Малі Хрыста дараваць душам нашым веліч
зьмілаваньня.
Верш. Вусны мае кажуць словы мудрасьці.
Радуйся, ойча сірот, пакрыўджаных хуткі памочнік, апякун бедных, карміцель
галодных, настаўнік тых, што зграшылі, богапрыемны і пачэсны лекар душаў; пэўнае
веданьне багаслоўя, выясьненьне пісаньняў духоўных, закону дзейны ахоўніча;
правіла паступаньня вернае, мудрасьць высокая відзеньняў і дзеяньняў: Малі
Хрыста дараваць душам нашым веліч зьмілаваньня.
Верш. Вусны праведніка абвяшчаюць мудрасьць.
Радуйся, Залатавусны – кліча Царква, – бо ты зазьзяў на ўвесь сьвет
дабрадзейнасьцямі і пэрлавымі словамі ясьней за прамені сонечныя; больш мудры за
мудрых, выдатны красамоўца, праўдзівых догмаў абаронца, ілжых выкрывальніча,
настаўніча пакаяньня; радуйся, ціхае мора розуму, што, быццам другі Павал
вялікі, вуснамі і розумам пацёк усьлед за Хрыстом. Малі Яго даць душам нашым
веліч зьмілаваньня.
Слава...:
(Тон 6). Труба залатагалосная, залатаслоўны Залатавусны, азалаці
сэрцы верных залатацечнымі вучэньнямі тваімі: голас настаўленьняў тваіх, ойча
сьвяты, па-прароцку загучаў і прасьвятліў усе канцы зямлі.
Цяпер...:
Багародзічны (тон 6).
Творца і Збавіцель мой, Усячыстая, Госпад Ісус Хрыстос, выйшаўшы з улоньня
Твайго, у мяне апрануўся і ад першага Адамавага праклёну вызваліў. Дзеля гэтага
Табе, Бязьвінная, як Маці Божай і Дзеве, разам з анёлам нязмоўкна ўсклікаем
"Радуйся!" Радуйся, Уладарка, заступніца, абарона і збаўленьне душ нашых!
Адпушчальныя трапары
Трапар сьвятога (тон 8). Ласка, што з вуснаў тваіх зазьзяла,
быццам полымя, сусьвет асьвяціла, бескарысьлівасьці скарбы сьвету прыдбала,
вышыню пакорлівасьці нам паказала. Ойча Яне Залатавусны, настаўніча наш, малі
Слова Хрыста Бога збавіць душы нашы.
Багародзічны (тон 8).
Ты, што дзеля нас нарадзіўся ад Дзевы і на крыжы пацярпеў, сьмерцю зьнішчыўшы
сьмерць і паказаўшыся Богам ва ўваскрасеньні, не пагардзі творамі рук Тваіх,
пакажы чалавекалюбства Тваё, Міласэрны, прымі малітвы за нас Багародзіцы, якая
радзіла Цябе, і збаў, Збавіцелю добры наш, людзей бездапаможных.
Літургія
Трапары
Трапар сьвятога (тон 8). Ласка, што з вуснаў тваіх зазьзяла, быццам
полымя, сусьвет асьвяціла, бескарысьлівасьці скарбы сьвету прыдбала, вышыню
пакорлівасьці нам паказала. Ойча Яне Залатавусны, настаўніча наш, малі Слова
Хрыста Бога збавіць душы нашы.
Кандак сьвятога (тон 6). Сьвяты і блаславёны Яне Залатавусны, ты
прыняў з неба Божую ласку навучаць усіх пакланяцца ў Тройцы адзінаму Богу.
Дастойна хвалім цябе, бо ты наш настаўнік і Боскіх праўдаў вяшчальнік.
Пракімен (Пс 48:4,2). Вусны мае кажуць словы мудрасьці,
разважнасьць – роздум сэрца майго.
Верш. Пачуйце гэта ўсе людзі, слухайце ўважліва ўсе жыхары зямлі.
Апостал: Гэб 7:26-8:2
Алілуя (Пс 36:30,31). Вусны праведніка абвяшчаюць
мудрасьць, язык яго кажа праўду.
Верш. Закон Бога Яго ў сэрцы ягоным, ногі яго не спатыкнуцца.
Евангельле: Ян 10:9-16
Прычасьнік (Пс 111:6-7). Памяць праведніка жыць будзе
вечна, благое весткі ён не збаіцца. Алілуя, алілуя, алілуя. |