Богазьяўленьне – адно з найстарэйшых і найвялікшых сьвятаў у
царкоўным календары. Было вядомае ўжо ў ІІ с. Спачатку яно не было прысьвячанае
адной канкрэтнай гістарычнай падзеі. Гэта было сьвята "ідэі", у якім згадваліся
найбольш яркія выпадкі Божага аб'яўленьня (па-грэцку "Эпіфаніа") людзям у асобе
Бога-Слова, што сталася целам: нараджэньне, пакланеньне пастухоў і мудрацоў,
хрышчэньне... Пасьля таго, як у ІV ст. Нараджэньне Хрыстова пачалі сьвяткаваць
25 сьнежня, Богазьяўленьне сталася сьвятам хрышчэньня Г. Н. Ісуса Хрыста ў
Ярдане, у часе якога было аб'яўленьне Сьвятой Тройцы: калі Хрыстос увайшоў у
ваду, Дух Сьвяты ў выглядзе голуба зышоў на Яго, і з вышыні быў чутны голас
Айца, які казаў: "Гэта Сын мой любы". Гэта і ёсьць "Богазьяўленьне" (па-грэцку
"Тэофанія"), якое зьяўляецца праводнай думкай сьвяточнага трапара.
У Рымскім абрадзе гэтае сьвята мае зусім адменны характар,
менавіта пакланеньне трох мудрацоў нованароджанаму Хрысту. У народзе яно вядомае
як "Тры каралі". Розьніцу між Усходнім і Рымскім абрадамі ведалі беларускія
біскупы, якія рыхтавалі Унію з Апостальскім пасадам. У лісьце ад 11 чэрвеня 1595
г., як адну з умоваў Уніі, яны дамагаліся захаваньня свайго царкоўнага
календара, бо, як яны пішуць, "Мы маем сьвяты, якіх паны Рымляне ня маюць, а
гэта 6 студзеня, калі мы спраўляем памяць хросту Госпада Хрыста і першага
аб'яўленьня Бога ў Тройцы адзінага, што ў нас называюць Богазьяўленьнем; і ў
гэты дзень маем асобы абрад асьвячэньня вады".
Хрышчэньне, абмыцьцё вадою, якім хрысьціў Ян, было
хрышчэньнем на пакаяньне, вобразам нашага духоўнага ачышчэньня і аднаўленьня.
Хрыстос, будучы бязгрэшным, ня меў патрэбы ў ачышчэньні, але у сваім хрышчэньні
Ён узяў з сабою у ваду людзкую прыроду, якую Ён дабравольна ўспрыняў, і даў
вадзе у тайне сьвятога хросту ласку асьвячэньня і аднаўленьня, і зьяднаньня з
Богам, якое мы страцілі праз першы грэх нашых прабацькоў. У багаслужэбных
песьнях гэтага дня кажацца: "Хрыстос... хрысьціцца разам з намі і асьвячае ваду
для ачышчэньня душаў. Зямное на выгляд дзеяньне ёсьць у сапраўднасьці вышэйшым
за неба: праз абмыцьцё – збаўленьне, а праз ваду – Дух. У пагружэньні
зьдзяйсьняецца наш узыход на неба".
Хрышчэньне Г. Н. Ісуса Хрыста было пачаткам Ягонай публічнай
дзейнасьці.
У ранейшыя часы на Богазьяўленьне, як і на Вялікдзень,
адбывалася хрышчэньне тых, хто жадаў і быў гатовы прыняць Хрыстовую веру. Да
нашых дзён захаваўся звычай у гэты дзень урачыста асьвячаць ваду.
Пасьля сьвята Хрышчэньня Госпада нашага Ісуса Хрыста, Царква
ўшаноўвае памяць сьвятога Прадвесьніка і Хрысьціцеля Гасподняга Яна. У
багаслужэбных тэкстах дня гаворыцца: "Ты, блаславёны Яне, найбольшы з усіх
прарокаў, падрыхтаваў сьцежкі Госпаду, быў голасам і праўдзівым прапаведнікам
Ягонага прыйсьця, бачыў невыказнае Сьвятло-Хрыста, якога ты ахрысьціў".
|