Галоўная > Новы Запавет (Чарн. 1999) > Трэці ліст сьвятога апостала Яна
Трэці ліст сьвятога апостала Яна19 сакавіка 2011. |
|
Пераклад кс. Уладзіслава Чарняўскага 1 Уступныя прывітаньні 1. Старшы - дарагому Гаю, каторага люблю ў праўдзе. 2. Умілаваны, прагну табе ва ўсім пасьпяховасьці і здароўя так, як шчасьліва чуецца душа твая. Пахвала Гая 3. Вельмі ўзрадаваўся я з прыбыцьця братоў, якія засьведчылі праўду тваю ды што ты жывеш справядліва. 4. Для мяне няма большай радасьці, як пачуць, што дзеці мае ходзяць у праўдзе. 5. Ты, умілаваны, вернае робіш, калі дапамагаеш братам, а асабліва падарожным, 6. якія засьведчылі тваю любоў перад царквою. Ты добра зробіш, заагледзеўшы іх на дарогу па-Божаму. 7. Бо выбраліся яны ў дарогу ў імя Яго, не прыймаючы нічога ад паганаў. 8. Таму мусім гасьцінна прыймаць такіх людзей для супольнай працы з імі для праўды. Нагана для Дыятрэфа 9. Я напісаў крыху царкве, але Дыятрэф, каторы хоча быць кіраўніком іхнім, не прыймае нас. 10. Таму вось, калі прыбуду пасваруся за яго паводзіны ды за злосныя словы супраць нас. А прытым, як бы яму яшчэ гэтага не хапала, і сам не прыймае братоў, ды хочучых гэта зрабіць выганяе з царквы. 11. Улюблены, не ідзі за ліхім, але рабі дабро. Хто добрае робіць, ёсьць ад Бога, а хто робіць благое, той ня бачыў Бога. Пахвала Дэмэтра 12. Пра Дэмэтра ўсе добра сьведчаць, і нават сама праўда. Такое самае сьведчаньне даём і мы, і ведаем, што сьведчаньне нашае праўдзівае. Заканчэньне і вітаньні 13. Шмат я меў бы табе напісаць, але не хачу пяром і атрамантам. 14. Спадзяюся, што хутка цябе ўбачу і тады пагаворым вуснамі ў вусны. 15. Супакой табе. Вітаюць цябе сябры. Прывітай сяброў пайменна.Вярнуцца назад |