Галоўная > Тон 8 > Панядзелак (Тон 8) (Вячэрня)
Панядзелак (Тон 8) (Вячэрня)10 чэрвеня 2010. |
|
НЯДЗЕЛЯ ЎВЕЧАРЫ На "Госпадзе, Цябе клічу...": Ты, Госпадзе, прыйшоў на сьвет, каб паклікаць грэшнікаў і разбойнікаў, мытніка і блудніцу, і прыняць блуднага сына. Пакліч, Чалавекалюбча, і мяне, які зграшыў больш за іх і дасюль не раскаяўся. Ты, Госпадзе, што мытніка паставіў пастырам Царквы Тваёй, а з ранейшага перасьледвальніка ўчыніў ейнага абаронцу, малітвамі іх залічы мяне да ліку авечак Тваіх, каб я, нягодны, ня стаўся спажываю для ворага. Плач, лютая душа мая, перад канцом тваім і прыхіліся, няшчасная, да Бога. Уздыхай з глыбіні сэрца і кліч: "Зграшыла я супраць Цябе, Хрысьце, але Ты ў міласэрнасьці Тваёй не пагардзі мною, малю Цябе, і, навярнуўшы, зрабі мяне вартаю прабачэньня". Багародзічны. Увесь час я, стварэньне, зьневажаю і гняўлю Творцу майго: дай мне, Дзева, паправу, каб з Тваёй дапамогаю я рабіў справы, прыемныя Богу і атрымаў збаўленьне і адпушчэньне грахоў. Вершапесьні Цябе, Уладара і Госпада, анёлы няспынна славяць, а я, як мытнік, прыходжу да Цябе і клічу: "Божа, ачысьці мяне, грэшнага". Душа мая, ты – несьмяротная, дык не пакрывайся хвалямі жыцьцёвых клопатаў, але ўстань і ўсклікні твайму Дабрачынцу: "Божа, ачысьці і збаў мяне!" Гасподнія мучанікі, вы кожнае месца асьвячаеце і ўсякую немач аздараўляеце, дык молім вас: "Маліцеся, каб вызваліцца ад варожых сецяў душам нашым". Багародзічны. Радуйся, Хорам адухоўлены, Галубка духоўная! Радуйся, Горадзе Творцы Твайго! Радуйся, Прытулак бясьпечны верных і Ахова, Заступніца тых, што любяць Цябе, Збаўленьне і Вызваленьне! Радуйся, Мост, што ўсіх пераводзіць да неба. Радуйся, адухоўленая сьвятая Ўладарка! Вярнуцца назад |