Галоўная > Тон 2 > Аўторак (Тон 2) (Вячэрня, Ютрань)
Аўторак (Тон 2) (Вячэрня, Ютрань)10 чэрвеня 2010. |
|
ПАНЯДЗЕЛАК УВЕЧАРЫ На "Госпадзе, Цябе клічу...": Я пераўзышоў усіх грахамі, дык як цяпер навучуся пакаяньню? Калі буду ўздыхаць, як мытнік, баюся абцяжыць неба; калі заплачу, як блудніца, сьлязьмі апаганю зямлю. Але Ты, Божа, дай мне адпушчэньне грахоў і зьлітуйся нада мною. Я ўчыніў усякі грэх, усіх пераўзышоў у блудзе, і ня маю струменяў сьлёз, каб пакаяцца; калі далей буду жыць у ленасьці, буду асуджаны на мукі. Але Ты, адзіны добры Божа, дай мне паправу і зьмілуйся нада мною. У дабрыні Тваёй, Хрысьце Госпадзе мой, дай мне сьлёзы жалю, каб мне плачам абмыць бруд правінаў маіх, спрычыненых няўстрыманасьцю, і стаць перад Табою ачышчаным, калі зыдзеш зноў з нябёсаў судзіць людзей, як адзіны праведны Судзьдзя. Багародзічны. Прыродным сваяцтвам і згоднай малітваю вы адзінадушныя, Маці Ўладара ўсіх і боскі Прадвесьніку; дык учыніце разам малітву за слугу вашага, які моцна прагневаў Усеміласэрнага, каб Ён, прыхіліўшыся да вашых малітваў, паказаў сваю спагадлівасьць і збавіў мяне, і вызваліў ад вогненнага сваяцтва. Вершапесьні Зграшыў я перад Табою, Хрысьце Спасе, як блудны сын. Але Ты, Ойча, прымі мяне, які каюся, і зьмілуйся нада мною. Быццам мытнік, Хрысьце Збавіцелю, клічу моцным голасам: "Ачысьці мяне, Божа, як некалі яго, і зьмілуйся нада мною". Малітвамі сьвятых мучанікаў і ўслаўленьнем Хрыста ўсякая мана разьвейваецца, і род людзкі вераю збаўляецца. Багародзічны. Непраходная брама, таемна запячатаная, Багародзіца Дзева, прымі нашыя малітвы і занясі іх да Сына Твайго і Бога, каб Ён Табою збавіў душы нашыя. АЎТОРАК РАНІЦАЙ Сядальная песьня 1. Мае беззаконьні паўсталі на мяне, быццам марскія хвалі, і я, быццам карабель на моры, таплюся ў шматлікіх грахох, але Ты, Госпадзе, накіруй мяне да ціхага прыстанішча пакаяньня і збаў мяне. Я, Госпадзе, – няплоднае дрэва, што не прыносіць пладоў пакаяньня, і баюся, каб мяне ня сьсеклі і ня ўкінулі ў вагонь вечны і нязгасны. Таму малю Цябе: перш як гэта здарыцца, збаў мяне. Слава... цяпер... Мы сталіся ўдзельнікамі Боскай прыроды дзякуючы Табе, Багародзіца Дзева, бо Ты нарадзіла нам Бога ў целе. Дзеля гэтага мы Цябе дастойна ўзьвялічваем.
Сядальная песьня 2. Давід сказаў: "Зьмілуйся нада мною!". Я таксама клічу: "Зграшыў я, Збавіцелю, але Ты ачысьці мае грахі каяньнем і зьмілуйся нада мною". Зьмілуйся нада мною, Божа, зьмілуйся нада мною!" – Давід клікаў, учыніўшы два грахі. Я ж абцяжаны мноствам грахоў. Ён арасіў пасьцель сваю сьлязьмі, а ў мяне аніводнай кроплі сьлязіны не знайшлося. Таму ў роспачы малюся: "Зьмілуйся нада мною Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці!". Верш. Дзіўны Бог у сьвятых сваіх...????????? Ты, Хрысьце Божа, даў сьвятым Тваім зазьзяць ярчэй за золата, і ў дабрыні Тваёй праславіў блаславёных Тваіх. Малітвамі іх кіруй нашым жыцьцём, Чалавекалюбны, і зрабі, каб нашая малітва ўзьнялася быццам кадзіла, бо Ты адзіны, што спачываеш сярод сьвятых Тваіх. Слава... цяпер... Не пагардзі мною, Багародзіца, бо маю патрэбу ў Тваім заступніцтве. На Цябе спадзяецца душа мая, дык зьмілуйся нада мною. Вершапесьні Разважыўшы бяздумнасьць зробленых мною дрэнных учынкаў, беручы прыклад з мытніка і блуднага сына, прыходжу да Тваёй дабрыні і прыпадаю да Цябе, Міласэрны. Перш як асудзіць мяне, пашкадуй мяне, Божа, і збаў мяне. Не зважай на мае беззаконьні, Госпадзе, што нарадзіўся ад Дзевы, (але) ачысьці маё сэрца і зрабі яго хорамам Сьвятога Духа Твайго. Не адкінь мяне ад Твайго аблічча, бо Ты маеш бязьмерна вялікую міласэрнасьць. Сьвятыя мучанікі ўзялі Крыж Хрыстовы як непераможную зброю і зьнішчылі варожую сілу; атрымаўшы вянцы нябесныя, яны сталіся мнашай крэпасьцю і моляцца за нас Госпаду. Слава... цяпер... Збаўляй ад бедаў слугаў Тваіх, Багародзіца, бо мы ўсе пасьля Бога да Цябе прыбягаем, як да непарушнай сьцяны і Заступніцы. Вярнуцца назад |