Галоўная > Мінэя - Жнівень > 19 жніўня - Пасьвяцьце Ўсьпеньня і сьв. мучаніка Андрэя Сотніка, а з ім 2593 мучанікаў
19 жніўня - Пасьвяцьце Ўсьпеньня і сьв. мучаніка Андрэя Сотніка, а з ім 2593 мучанікаў18 красавіка 2008. |
|
Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу ...": (Тон 4). Сьвятое Тваё і пачэснае перастаўленьне было не расстаньнем з тымі, што любяць Цябе, Дзева, але неразрыўным злучэньнем. Ты явілася заступніцаю, якая дае ласку ўсім, што вызнаюць Цябе як Маці Божую. Ты, Багародзіца, Скарбніца Сьвятога, які пасяліўся ў Табе, пераставілася ад зямлі да непрамінальнага супакою. Прасьветленая Ягоным зьзяньнем, Ты ласкава глядзіш згары на тых, якія з любоўю славяць Цябе і абвяшчаюць веліч цудаў Тваіх. Сын твой і Госпад, Усячыстая, прыняў Цябе ў сьветлы хорам і явіў Цябе анёлам як Скарбніцу Сьвятасьці, якая ад тленнасьці і бедаў вызваляе тых, што з любоўю славяць веліч цудаў Тваіх. Мучаніка (тон 1). Ты, вялікі пакутніку Андрэю, быў прыкладам мужнасьці: як ваявода на чале войска, ты першы сьмела пайшоў на суд і мукі. Атрымаўшы ласку з неба, ты даеш аздараўленьні верным. Аднайменьнік мужнасьці, ты адважна змагаўся з ворагам і зьнішчыў яго бы другога фараона, патапіўшы яго і ўсё войска ягонае ў струменях крыві тваёй. Маліся цяпер, каб душам нашым атрымаць супакой і веліч зьмілаваньня. Подзьвігам тваім ты, слаўны, прывёў з сабою да Бога шматлікае войска мучанікаў, і яны разам з табою знайшлі несьмяротнасьць. Маліся разам з імі, каб душам нашым атрымаць супакой і веліч зьмілаваньня. Слава ... цяпер ...: (Тон 4). Калі Ты, Багародзіца Дзева, адыходзіла да Таго, хто невыказна нарадзіўся ад Цябе, пры Табе былі Якуб, сваяк Гасподні і першы сьвятаначальнік, і пачэсны Пётра, найвышэйшы сярод апосталаў і старшыня багасловаў. Усе іншыя апосталы былі таксама там і, згодна аб'яўляючы боскае і славячы нязьведаную і страшную тайну провіду Хрыстовага, пахавалі ўрачыста Тваё, Усяслаўная, жыцьцядайнае цела, што зьмяшчала Бога. Угары ж сьвятыя найвышэйшыя анельскія хоры, схіліўшыся ў подзіве, адно аднаму казалі: "Адчыніце вароты і прыміце Маці Творцы неба і зямлі. Прыйдзіце, усхвалім у песьнях Яе пачэснае і сьвятое цела, што мела ў сабе Госпада". Дзеля гэтага і мы, сьвяткуючы Тваю, Усяхвальная, памяць, клічам: "Умацуй верных хрысьціянаў і збаў душы нашыя!"
Вершапесьні (Тон 1). Анельскія хоры радасна славяць несьмяротнае ўсьпеньне Божае Маці. Яна адыходзіць ад зямлі, пасяляецца ў жыльлі вечным і пераходзіць да нябеснага вясельля, Боскай радасьці і вечнай асалоды. Верш. Устань, Госпадзе, ідзі на месца спачынку Твайго, Ты і каўчэг сьвятасьці Тваёй. Ты, Багародзіца, краса дзявоцтва, што нарадзіла Жыцьцё ўсіх – Хрыста, – пакінула зямлю дзеля вышэйшага жыцьця. Усе апосталы набожна стаялі на Тваім пахаваньні, Нявеста Божая. Верш. Кляўся Госпад Давіду праўдаю і не адступіцца ад яе: "Ад нашчадкаў тваіх пасаджу на пасадзе тваім". Адыходнымі надмагільнымі сьпевамі пры ўзыходзе Тваім, Маці чалавекалюбнага Бога, паветра асьвяцілася. Вялікі цуд! Дзеля гэтага мы, верныя, пакланяемся Табе, Багародзіца Дзева чыстая. Слава ... цяпер ...: (Тон 5). Прыйдзіце, будзем разам спраўляць урачыста сьвята і, быццам кветкамі, упрыгожым песьнямі Царкву ў дзень супачынку Божае Скарбніцы. Сёньня неба адчыняецца і прымае Маці Незьмяшчальнага; і зямля, апранутая ў веліч і блаславеньне, аддае Крыніцу Жыцьця. Хоры анёлаў і апосталаў вітаюць Яе песьнямі, і з трапятаньнем узіраюцца на Тую, што ідзе ад жыцьця да Жыцьця, якое Яна нарадзіла. Дык паклонімся ўсе Ёй і памолімся: "Не забудзь, Уладарка, адданых Табе людзей, якія з вераю сьвяткуюць пачэснае ўсьпеньне Тваё!".
Адпушчальныя трапары Мучаніка (тон 5). Пакінуўшы славу зямных годнасьцяў, ты стаўся спадкаемцам нябеснага валадарства; кроплямі крыві тваёй, быццам дарагімі каменьнямі, ты ўпрыгожыў нятленныя вянцы і да Хрыста прывёў грамаду пакутнікаў. З хорамі анёлаў у вечным сьвятле ты, сьвяты Андрэй сотнік, знайшоў незаходнае Сонца – Хрыста. Разам з тымі, што пацярпелі з Табою, маліся за збаўленьне душаў нашых. Слава ... цяпер ...: Сьвята (тон 1). Дзявоцтва захаваўшы ў сынараджэньні Тваім, пасьля сьмерці сьвету не пакінула Ты, Багародзіца: да жыцьця пераставілася Ты, будучы Маці жыцьця, і малітвамі Тваімі выбаўляеш ад сьмерці душы нашыя. Вярнуцца назад |