Галоўная > Мінэя - Жнівень > 18 жніўня - Пасьвяцьце Ўсьпеньня і сьв. мучанікаў Флёра і Лаўра

18 жніўня - Пасьвяцьце Ўсьпеньня і сьв. мучанікаў Флёра і Лаўра


18 красавіка 2008.

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу ...":

(Тон 2). Як нам недастойнымі вуснамі ўсхваліць Багародзіцу, больш пачэсную за ўсе стварэньні, сьвяцейшую за хэрувімаў і ўсіх анёлаў, непарушны пасад Уладара, дом, у якім пасяліўся Ўсявышні, збаўленьне сьвету, сьвятыню Бога, які дае верным на памяць аб Ёй веліч зьмілаваньня?

Якімі дзівоснымі песьнямі праводзілі цябе, Дзева, апосталы Слова, што стаялі вакол Твайго сьмяротнага ложа і ў зьдзіўленьні ўсклікалі: "Палата Ўладара адыходзіць, узьнімаецца Скарбніца сьвятасьці. Адчыніцеся, дзьверы, дайце Браме Божай увайсьці да радасьці, каб няспынна прасіць для сьвету велічы зьмілаваньня".

Якія духоўныя песьні прынясем сёньня Табе, Усесьвятая? Несьмяротным усьпеньнем Тваім Ты асьвяціла ўвесь сьвет. Ты перайшла да вечнасьці аглядаць красу Ўсемагутнага і разам з Ім як Маці радавацца ў атачэньні анельскіх хораў і душаў праведных, з якімі разам прасі для нас супакою і велічы зьмілаваньня.

Мучанікаў (тон 4). Камяні дасканалыя, абсечаныя мучэньнямі, сьмяротным прысудам абцятыя, сьвятыя мучанікі сталіся сьвятыняй Госпада і разбурылі дашчэнту ідальскія зборы. Славім іх як жыхароў раю, як ахвяры цэлапальныя сьвятыні нябеснай.

Чэрпайце ласку, прымайце прасьвятленьне, радасьць і зьмілаваньне ўсе вы, што дакранаецеся да сьвятых мошчаў мучанікаў Флёра і Лаўра, бо з іх шчодра крынічыць боская сіла ацаленьняў. Славім іх як Гасподніх угоднікаў і клічам: "Божа наш, слава Табе!".

Пасаджаныя ў яму і засыпаныя зямлёю на загад мучыцеля, Божым провідам і аб'яўленьнем Духа вы нам паказаліся як зоркі, што зьзяюць знакамі і цудамі, і дарамі аздараўленьняў, браты пакутнікі, анёлаў спаўжыхары.

Слава ...:

(Тон 2). Змагары сьвятыя, браты ў Хрысьце Флёр і Лаўр, мы ўшаноўваем вас дастойнымі пахваламі: вы мужна змагаліся, вызнаючы Бога і, пацярпеўшы, атрымалі вянцы перамогі; дзеля гэтага цяпер разам з анёламі ў небе цешыцеся, молячы Тройцу даць супакой сьвету збаўленьне душам нашым.

Цяпер ...:

(Тон 4). Прыйдзіце, людзі, будзем пяяць хвалу ўсесьвятой Дзеве, з якое невыказна прыйшло да нас у целе Слова Айца. Усклікнем разам: "Блаславёная Ты між жанчынаў, і блаславёнае ўлоньне Тваё, што зьмяшчала Хрыста. Аддаўшы ў Ягоныя сьвятыя рукі душу Тваю, маліся, Багародзіца, за збаўленьне душаў нашых".


Вершапесьні

(Тон 2). Сьпявайце, усе нябесныя хоры, бо Дзева Маці пераставілася ў славе ад зямлі да неба.

Верш. Устань, Госпадзе, ідзі на месца спачынку Твайго, Ты і каўчэг сьвятасьці Тваёй.

Хор вучняў сабраўся з усіх куткоў зямлі пахаваць Тваё, Дзева, боскае і нятленнае цела.

Верш. Кляўся Госпад Давіду праўдаю і не адступіцца ад яе: "Ад нашчадкаў тваіх пасаджу на пасадзе тваім".

Адчыніся, брама нябесная, бо Брама Ўсявышняга, адзіная Маці Божая, узыходзіць на вышыню.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 4). Засьпявайце, людзі, сёньня Хрысту Богу песьню Давідаву: "Прывядуцца – кажа ён, – Уладару дзевы ўсьлед за ёю, дружкі яе прывядуцца з радасьцю і вясельлем". Бо вось да Сына свайго і Ўладара невыказна пераходзіць Дачка з дому Давідавага, якая нарадзіла Хрыста, якім мы ўсе былі абагаўлёныя. Славячы Яе, як Маці Божую, усклікаем: "Збаў нас, якія вызнаем Цябе, як Багародзіцу, і захавай ад усіх напасьцяў і бедаў душы нашыя".


Адпушчальныя трапары

Мучанікаў (тон 2). Добрую, багамудрую і сьветлую пару, Флёра блаславёнага і Лаўра пачэснага, усхвалім, верныя, дастойна: яны мужна прапаведавалі няствораную Тройцу і за гэта пацярпелі да крыві. Цяпер яны, упрыгожаныя сьветлымі вянцамі, моляцца Хрысту Богу за збаўленьне душаў нашых.

Слава ... цяпер ...:

Сьвята (Тон 1). Дзявоцтва захаваўшы ў сынараджэньні Тваім, пасьля сьмерці сьвету не пакінула Ты, Багародзіца: да жыцьця пераставілася Ты, будучы Маці жыцьця, і малітвамі Тваімі выбаўляеш ад сьмерці душы нашыя.


Вярнуцца назад