Галоўная > Мінэя - Жнівень > 16 жніўня - Пасьвяцьце Ўсьпеньня і Пакланеньне нерукатворнаму вобразу Госпада нашага Ісуса Хрыста
16 жніўня - Пасьвяцьце Ўсьпеньня і Пакланеньне нерукатворнаму вобразу Госпада нашага Ісуса Хрыста18 красавіка 2008. |
|
Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу ...": (Тон 2). Як нам недастойнымі вуснамі ўсхваліць Багародзіцу, больш пачэсную за ўсе стварэньні, сьвяцейшую за хэрувімаў і ўсіх анёлаў, непарушны пасад Уладара, дом, у якім пасяліўся Ўсявышні, збаўленьне сьвету, сьвятыню Бога, які дае верным на памяць аб Ёй веліч зьмілаваньня? Якімі дзівоснымі песьнямі праводзілі цябе, Дзева, апосталы Слова, што стаялі вакол Твайго сьмяротнага ложа і ў зьдзіўленьні ўсклікалі: "Палата Ўладара адыходзіць, узьнімаецца Скарбніца сьвятасьці. Адчыніцеся, дзьверы, дайце Браме Божай увайсьці да радасьці, каб няспынна прасіць для сьвету велічы зьмілаваньня". Якія духоўныя песьні прынясем сёньня Табе, Усесьвятая? Несьмяротным усьпеньнем Тваім Ты асьвяціла ўвесь сьвет. Ты перайшла да вечнасьці аглядаць красу Ўсемагутнага і разам з Ім як Маці радавацца ў атачэньні анельскіх хораў і душаў праведных, з якімі разам прасі для нас супакою і велічы зьмілаваньня. (Тон 8). Як нам зямнымі вачыма глядзець на Твой, Хрысьце, вобраз, на які анельскія хоры ўзірацца ня сьмеюць – поўны зьзяньня боскага сьвятла. Сёньня ён на загад Божы пакідае зямлю няверных і прыходзіць у сталіцу пабожных людзей. Насустрач яму выходзяць уладары і пакланяюцца яму са страхам і вераю. Як нам, грэшным, дакарануцца рукамі да Твайго, Слова, вобразу – бязгрэшнага і недаступнага Бога нашага? Хэрувімы заплюшчваюць у трапятаньні вочы свае перад Табою, сэрафімы ня сьмеюць глянуць на славу Тваю, усё стварэньне служыць Табе. Дык не асудзі нас за тое, што недастойна глядзім на вобраз Твой, Хрысьце, і са страхам і вераю цалуем яго. Зноў настаў дзень сьвята Ўладара, які, седзячы на вышынях, сёньня наведаў нас яўна сваёю пачэснаю іконаю. Нябачны для хэрувімаў сёньня стаўся бачным у вобразе сваім, зробленым невыказна ўсячыстай рукою Айца на Ягонае падабенства. Пакланяючыся яму, мы ўсе асьвячаемся. Слава ...: (Тон 8). Чалавекалюбны Ўладару, вялікая глыбіня Твайго провіду, праз які ўсё стварэньне бласлаўляецца з пакаленьня ў пакаленьне. Ты паслаў Агару вобраз Твайго пачэснага твару як чалавека, – хоць Ты як Бог застаешся нябачным для хэрувімаў – каб мы, гледзячы на яго, загарэліся любоўю да Цябе, які дзеля нас стаўся чалавекам і прыняў пакуты, каб дараваць нам багацьце зьмілаваньня Твайго. Цяпер ...: (Тон 8). Сёньня хоры дзеваў нябачна стаяць вакол сьмяротнага ложа Дзевы і Маці, і душы праведных атачаюць Уладарку і хваляць Яе. Адны, замест духмяных алейкаў прыносяць у дары дзявоцтва; іншыя – дабрадзейнасьці і духоўныя сьпевы, бо выпадала Божай Маці як Уладарцы быць у атачэньні тых, што зьзяюць дабрадзейнасьцямі. І мы разам з імі шляхам чыстага жыцьця выйдзем на пахаваньне існай Маці Бога нашага і ў песьнях духоўных уславім Яе.
Вершапесьні (Тон 4). Не калясьніца вогненная ўзяла Цябе ад зямлі, як некалі Ільлю, але само Сонца справядлівасьці, прыняўшы Тваю ўсячыстую і бязьвінную душу, дала ёй свой супакой; і, пераставіўшы Цябе, Чыстая, надарыла невыказнай радасьцю. Верш. Устань, Госпадзе, ідзі на месца спачынку Твайго, Ты і каўчэг сьвятасьці Тваёй. Прыйдзіце, верныя, на сьвята: ушануем сёньня слаўнае перастаўленьне Божай Маці. Вось Яна з радасьцю перадае душу сваю ў рукі Таго, хто спрадвеку ад Айца зазьзяў, а ў апошнія дні выйшаў з Ейнага ўлоньня – Ісуса Бога нашага, – і моліць Яго за збаўленьне душаў нашых. Верш. Кляўся Госпад Давіду праўдаю і не адступіцца ад яе: "Ад нашчадкаў тваіх пасаджу на пасадзе тваім". Вялікі цуд! Тая, што ва ўлоньні сваім насіла незьмяшчальнага Ўладара, кладзецца ў магілу. Хоры анёлаў з апосталамі са страхам сабраліся на пахаваньне Ейнага пачэснага і богапрыемнага цела, якое Ісус, Сын Яе і Збаўца душаў нашых, узьняў на неба. Слава ...: (Тон 6). Ты, Госпадзе, уцелавіўся, як захацеў, апрануўся ў нашае ўбоства і явіў веліч добрасардэчнасьці Тваёй, абагавіўшы мяне. Славім Цябе, Чалавекалюбча, у сузіраньні вобразу падабенства Твайго. Даруй слугам Тваім, якія ўзьненавідзелі грэх, бясьпечны ўваход у рай. Цяпер ...: (Тон 8). Ісус, Сын Твой, Багародзіца, явіў дзьве свае прыроды, калі памёр як чалавек і ўваскрос як Бог; і Табе, Маці Божая, дазволіў памерці згодна з законамі прыроды, каб няверныя не аспрэчылі дзеяньня Провіду. Ты, Нявеста нябесная, была ўзятая ад зямлі, быццам ад дому Твайго, і перайшла да небеснай краіны. Паветра асьвяцілася пераходам Тваім, як раней прасьвятлілася зямля Тваім сынараджэньнем. Апосталы ішлі перад Табою, і анёлы ўзьнялі Цябе. Пахаваўшы Тваё ўсячыстае цела і прасьпяваўшы надмагільныя песьні, яны ў страху сказалі: "Гэта справа рукі Ўсявышняга. Ён з Табою, і не пахісьнешся". Дык, усяхвальная Маці, не адыходзь ад нас, якія ўзносім вочы да Цябе, бо мы, людзі Твае і авечкі статку Твайго, імя Тваё клічам і просім, за Тваім заступніцтвам, збаўленьня і велічы зьмілаваньня.
Адпушчальныя трапары Трапар вобразу (тон 2). Усячыстаму вобразу Твайму пакланяемся, Добры, просячы прабачэньня правінаў нашых, Хрысьце Божа, бо Ты захацеў дабравольна целам узысьці на крыж, каб вызваліць стварэньні Твае з варожай няволі. Дзеля гэтага мы з удзячнасьцю ўсклікаем Табе: Ты напоўніў радасьцю ўсё, Збавіцелю наш, прыйшоўшы збавіць сьвет. Слава ... цяпер ...: Сьвята (тон 1). Дзявоцтва захаваўшы ў сынараджэньні Тваім, пасьля сьмерці сьвету не пакінула Ты, Багародзіца: да жыцьця пераставілася Ты, будучы Маці жыцьця, і малітвамі Тваімі выбаўляеш ад сьмерці душы нашыя. Водпуст. Хрыстос праўдзівы Бог наш, які ў невыказным провідзе сваім, перш як аддаць сябе на мукі, захацеў пакінуць нам нерукатворны вобраз усесьвятога і богачалавечага твару свайго, малітвамі найчыстае свае Маці, чыё ўсьпеньне сёньня радасна сьвяткуем, сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.
Літургія Трапары Трапар сьвята (тон 1). Дзявоцтва захаваўшы ў сынараджэньні Тваім, пасьля сьмерці сьвету не пакінула Ты, Багародзіца: да жыцьця пераставілася Ты, будучы Маці жыцьця, і малітвамі Тваімі выбаўляеш ад сьмерці душы нашыя. Трапар вобразу (тон 2). Усячыстаму вобразу Твайму пакланяемся, Добры, просячы прабачэньня правінаў нашых, Хрысьце Божа, бо Ты захацеў дабравольна целам узысьці на крыж, каб вызваліць стварэньні Твае з варожай няволі. Дзеля гэтага мы з удзячнасьцю ўсклікаем Табе: Ты напоўніў радасьцю ўсё, Збавіцелю наш, прыйшоўшы збавіць сьвет. Кандак вобразу (тон 2). Ведаем невыказны Боскі провід Твой, Неапісальнае Слова Айца, пакланяемся нерукатворнаму, боскаму і праўдзіваму ўцелаўленьня Твайго вобразу і цалуем яго. Кандак сьвята (тон 2). Надзейную заступніцу нашу Багародзіцу, што няспынна моліцца за нас, магіла і сьмерць ня здолелі ўтрымаць: паколькі яна – Маці Жыцьця, да жыцьця перавёў яе Той, хто пасяліўся ў дзявочым улоньні Яе.
Пракімен (Пс 68:18,30). Не адвярні твару Твайго сьвятога ад слугі Твайго: пачуй мяне хутчэй, бо я ў бядзе. Верш. Бедны я і збалелы: хай умацуе мяне дапамога Твая, Госпадзе.
Апостал: 1 Цім 3:13-4:5
Алілуя (Пс 64:2,6). Табе, Божа, належыцца хвала на Сыёне: для Цябе абяцаньні будуць выкананыя ў Ерусаліме. Верш. Пачуй нас, Госпадзе, Збавіцелю наш, надзея ўсіх канцоў зямлі і тых, што далёка на моры.
Евангельле: Лк 9:51-56;10:22-24;13:22
Задастойнік. Анёлы, усьпеньне Ўсячыстае бачыўшы, дзіву даліся, як гэта Дзева ўзыходзіць ад зямлі на неба. У Табе, Усячыстая, адмяняюцца законы прыроды: мацярынства Тваё застаецца дзявочым, і сьмерць Твая аб'яўляе жыцьцё. Застаўшыся пасьля родаў дзеваю і пасьля сьмерці жывою, збаўляеш, Багародзіца, заўжды набытак Твой.
Прычасьнік (Пс 88:6). Госпадзе, у сьвятле аблічча Твайго хадзіць будзем і імем Тваім будзем цешыцца давеку. Алілуя, алілуя, алілуя. Вярнуцца назад |