Галоўная > Мінэя - Жнівень > 14 жніўня - Перадсьвяцьце Ўсьпеньня і сьв. прарока Міхея
14 жніўня - Перадсьвяцьце Ўсьпеньня і сьв. прарока Міхея18 красавіка 2008. |
|
Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу ...": (Тон 4). Пад гукі гусьляў запяём перадсьвяточную адыходную песьню, бо вось Маці Божая, залатая скарбніца, зьбіраецца сёньня адысьці ад зямлі да неба, да новага жыцьця і боскага сьвятла. Апосталы, зьбярыцеся сёньня з усіх куткоў зямлі, бо вось Духоўны Горад Уладара ўсіх адыходзіць сёньня ў славе ад зямлі да лепшага жыцьця, каб цешыцца разам з Госпадам і Сынам сваім. Разам з анельскімі хорамі засьпявайце Ёй адыходную песьню. Сьвятары, уладары і начальнікі, і хоры дзеваў, зьбярыцеся сёньня разам; людзі, зыйдзіцеся, каб засьпяваць адыходную песьню, бо Ўладарка ўсіх зьбіраецца аддаць душу ў рукі Сына свайго і адысьці да вечнага жыльля. Прарока (тон 4). Ты, блаславёны, паказаў высокае богаразуменьне, калі прадвясьціў гару высокую – Збавіцелева прапаведаваньне, – вышэйшую за ўсе горы, да якое прыходзяць усе народы, каб навучыцца хадзіць шляхам Гасподнім і атрымаць вечнае збаўленьне. Ты, дзівосны сярод прарокаў Міхею, боганатхнёным языком прадказаў Уладара, якому няма пачатку і які прыйдзе з Бэтлеему і будзе пасьвіць людзей сваіх. Сёньня бачым спаўненьне твайго прароцтва і славім Таго, хто праз цябе гаварыў. Ты, пачэсны прарок, што стаіш перад пасадам Божым, ўдастоены радасьці бачыць славу Яго і сыцішся райскай спажывай, поўны вясельля духоўнага. Назірай за тымі, што сёньня з вераю спраўляюць памяць тваю і збаўляй іх ад напасьцяў малітвамі тваімі. Слава ... цяпер ...: (Тон 4). Пачэснае Тваё ўсьпеньне, Усесьвятая Дзева чыстая, славіць безьліч анёлаў у небе і род людзкі на зямлі, бо Ты – Маці Тварца ўсіх Хрыста Бога. Дзеля гэтага просім Цябе, не пераставай маліцца за нас, бо пасьля Бога мы спадзяемся на Цябе, Багародзіца чыстая, блаславёная.
Вершапесьні (Тон 2). Новы цуд! Дзіўны знак! Як гэта Дзева, што насіла Жыцьцё, аддаецца сьмерці і кладзецца ў магілу. Верш. Устань, Госпадзе, ідзі на месца спачынку Твайго, Ты і каўчэг сьвятасьці Тваёй. Хай цешыцца ўсё стварэньне на зямлі, бо вось Дзева, Адамава дачка, адыходзіць да неба. Верш. Кляўся Госпад Давіду праўдаю і не адступіцца ад яе: "Ад нашчадкаў тваіх пасаджу на пасадзе тваім". Уяві розумам ложа Дзевы, і хор апосталаў, якія набожна стаяць вакол яго і пяюць адыходную песьню. Слава ... цяпер ...: (Тон 2). Вышэйшая за нябёсы, слаўнейшая за хэрувімаў, больш пачэсная за ўсе стварэньні, што дзеля чысьціні сваёй сталася скарбніцай Вечнага, сёньня аддае сваю ўсесьвятую душу ў рукі Сына свайго. Усё стварэньне радуецца разам з Ёю, і багацьце зьмілаваньня даецца ўсім нам.
Адпушчальныя трапары Прарока (тон 2). Прарока Твайго, Госпадзе, Міхея памяць спраўляючы, праз яго молім Цябе: збаў душы нашыя. Слава ... цяпер ...: Перадсьвяцьця (тон 4). Весяліцеся сёньня, людзі, пляскайце ў далоні і, сабраўшыся разам, з любоўю радасна сьпявайце, бо вось зьбіраецца ўзьняцца ў славе ад зямлі на неба Маці Божая, якую мы як Багародзіцу ў песьнях няспынна славім.
Літургія Трапары Трапары перадсьвяцьця і прарока (гл. вышэй). Кандак перадсьвяцьця (тон 4). Сусьвет, нябачна ўпрыгожаны Духам, радуецца ў слаўнай памяці Тваёй і ўсклікае: "Радуйся, хвала хрысьціянаў!". Вярнуцца назад |