Галоўная > нядзеля расслабленага > Нядзеля Расслабленага - ютрань
Нядзеля Расслабленага - ютрань18 траўня 2010. |
|
Служба нядзельная трэцяга тону. Евангельле ўваскроснае чацьвертае.
Каноны Каноны Велікодны (гл. ютрань Вялікадня), уваскросны 3 тону і расслабленага (дзевятая песьня).
Пасьля 3 песьні: Кандак і ікас вялікодныя (гл. ютрань Вялікадня), а таксама наступныя сядальныя: (Тон 3). Адно слова Сусьветнага Слова, што зьявілася на зямлі дзеля чалавекалюбства, ацаліла расслабленага. Ён узяў свой ложак і пайшоў. Кніжнікі не маглі цярпець таго, што здарылася, і напоўніліся зайздрасьцю, што расслабляе душы. Слава... цяпер...: Красе дзявоцтва і сьветлай чысьціні Тваёй, Багародзіца, Габрыель зьдзівіўся і ўсклікнуў: "Якую дастойную пахвалу прынясу Табе, як Цябе назаву? Ня ведаю і жахаюся і, як мне было загадана, клічу: Радуйся, Поўная ласкі!"
Пасьля шостай песьні: Кандак расслабленага (тон 3). Душу маю, Госпадзе, дашчэнту зьнясіленую ўсялякімі грахамі і благімі ўчынкамі, узьнімі Тваім Боскім заступніцтвам, як Ты некалі ўзьняў расслабленага; каб я, будучы збаўленым, мог усклікнуць Табе: Слава, міласэрны Хрысьце, уладзе Тваёй! Ікас. Ісусе Божа наш, што ў руцэ сваёй трымаеш увесь сусьвет, Ты суспрадвечны з Айцом, і разам з Духам Сьвятым кіруеш усім. Зьявіўшыся ў целе, Ты ацаляў немачы і сунімаў страсьці. Ты вярнуў зрок сьляпому і расслабленага Боскім Тваім словам ацаліў, і загадаў яму ўскласьці свой ложак на плечы і хадзіць. Дзеля гэтага ўсе мы разам з ім пяём і клічам: "Слава, міласэрны Хрысьце, уладзе Тваёй!"
На дзевятай песьні "Больш годную пашаны..." не сьпяваецца. Канон расслабленага. Песьня 9 (тон 3). Ірмас. Цябе, што незгаральна зачала Боскі агонь ва ўлоньні Тваім, Майсей бачыў у кусьце на Сынаі; Даніла бачыў Цябе як скалу нерукасечную, а Ісая – як парастак з кораня Давідавага. Узьнесены на Крыж, Ты, Ісусе, узьняў нас з сабою; пакладзены ў магілу, Ты ўваскрасіў усіх памерлых, якія славяць Тваю бязьмежную ўладу і непераможную сілу. Ты, Слова, выйшаў з магілы ва ўсёй красе Тваёй, быццам жаніх з вясельнага хораму. Ты зьнішчыў цемру апраметнай і вызваліў зьняволеных у ёй; і яны аднадушна ўсклікнулі: "Слава сіле Тваёй, слава ўваскрасеньню Твайму, Ісусе Божа наш!" Несучы духмяныя алейкі, з плачам і ўздыханьнямі прыйшлі жанчыны да ўсесьвятой магілы і пачулі пра слаўнае ўваскрасеньне Хрыстова, якое мы, верныя, сьвяткуем з радасьцю ў сэрцах нашых. Здароўе цялеснае прыйшло ўсьлед за загадам Тваім, Хрысьце, і вось расслаблены ўстаў, узяў на плечы ложак свой, на якім ён ляжаў праз доўгія гады, і ўславіў у песьні магутнасьць Тваю. Слава...: З вялікай пабожнасьцю слаўлю Цябе, Сьветласьць і Сьветласьці, Жыцьцё і Жыцьці, – Ойча, Слова, і Духу Сьвяты, – патройная асобамі Еднасьць, неразьдзельная Дзяржава, нязьлітнае Боства; і разам з анельскімі сіламі клічу: "Сьвяты, сьвяты, сьвяты!" Цяпер...: Хрыстос, Вялікае Сонца, выйшаў са сьветлага ўлоньня Твайго, Усячыстая, прасьвятліў сьвет зьзяньнем Сваім і разагнаў цемру грахоўную. Таму славім Цябе, Боганявеста, як крыніцу ўсіх дабротаў.
Экзапастыляр. Вялікодны. Целам заснуўшы як мёртвы, Уладару і Госпадзе, на трэці дзень Ты ўваскрос і Адама ад тленнасьці ўзьняў, перамогшы сьмерць. Пасха нятленная, сьвету збаўленьне! Слава... цяпер... Расслабленага (тон 3). Чалавекалюбны і ўсядобры Госпад прыйшоў да Авечай сажалкі, каб аздаравіць немачы. Ён знайшоў чалавека, які ляжаў шмат гадоў, і ўсклікнуў яму: "Вазьмі свой ложак, устань і хадзі правым шляхам!"
Пахвальныя псалмы нядзельныя трэцяга тону. Слава...: (Тон 8). Не вада сажалкі ацаліла расслабленага, але слова Тваё, Госпадзе, абнавіла яго. Шматгадовая хвароба не была перашкодаю для сілы Тваёй: голас Твой быў мацнейшы за яе. Чалавек адкінуў ад сябе невыносны цяжар хваробы і ўскінуў на плечы свой ложак на сьведчаньне аб Тваёй бязьмежнай спагадзе. Слава Табе! Цяпер...: Найблаславёная Ты... Вярнуцца назад |