Галоўная > нядзеля міраносіцаў > Чацьвер пасьля Міраносіцаў увечары
Чацьвер пасьля Міраносіцаў увечары18 траўня 2010. |
|
На "Госпадзе, Цябе клічу...": (Тон 8). Вы, пачэсныя міраносіцы, хадзілі ўсьлед за Хрыстом, калі Ён быў на зямлі, і шчыра служылі Яму. Вы не пакінулі Яго, калі Ён памёр, але, поўныя спагады, з плачам прынесьлі Яму духмяныя алейкі. Дзеля гэтага спраўляем вашу сьвятую памяць. Грамадка сьвятых жанчынаў жадала ўбачыць Жыцьцё, што ляжала мёртвае. Яны прыйшлі ўночы да магілы і пачулі ад анёла: "Хрыстос устаў, як прадказаў; дык ідзеце хутка сказаць пра гэта вучням Яго. Пакіньце сум і, замест плачу, прыміце невыказную радасьць". Сёньня мы, верныя, спраўляем радасна вашую памяць, пачэсныя і богаблаславёныя міраносіцы, і славім усядобрага Госпада, які ўславіў вас. Маючы ласку ў Яго, маліцеся няспынна, каб і нам атрымаць непрамінальную славу і сьветласьць сьвятых. Тры песьні з мінеі. Слава... цяпер... (Тон 2). Міраносіцы прыйшлі зранку да магілы і, прыпаўшы, шукалі Цябе, Хрысьце, каб памазаць усячыстае цела Тваё. Пачуўшы вестку ад анёла, яны з радасьцю сказалі апосталам, што ўваскрос Начальнік нашага збаўленьня. Ён паланіў сьмерць і даў сьвету вечнае жыцьцё і багацьце зьмілаваньня свайго.
Вершапесьні (Тон 2). "Хай будзе расьпяты!" – крычалі тыя, што раней карысталіся з дароў Тваіх, і забойцы праведнікаў прасілі сабе забойцу замест Дабрачынца; але Ты, Хрысьце, маўчаў і ціха пераносіў іхнюю злосьць, жадаючы пацярпець і збавіць нас у чалавекалюбстве Тваім. Прыйдзіце, паклонімся Божаму Слову, народжанаму спрадвеку ад Айца і ад Дзевы цела прыняўшаму. Ён, пацярпеўшы на крыжы і аддаўшы сябе на пахаваньне, уваскрос з мёртвых і збавіў мяне, заблуднага чалавека. Божыя пакутнікі, не палюбіўшы зямное ўцехі, удастоіліся нябесных дабротаў і сталіся суграмадзянамі анёлаў; малітвамі іх, Госпадзе, зьмілуйся нада мною і збаў мяне. Слава... цяпер... (Тон 6). Прасі, Язэпе, цела Хрыста і пакладзі Яго ў новай магіле: бо Яму належыць выйсьці з магілы, быццам з хораму. Госпадзе, які скрышыў уладу сьмерці і адчыніў людзям дзьверы райскія, слава Табе!
Адпушчальныя трапары Высакародны Язэп... Слава...: Трапар сьвятога дня. Цяпер...: міраносіцаў: Анёл зьявіўся ля магілы жанчынам-міраносіцам і ўсклікнуў: "Алейкі мёртвым патрэбныя, Хрыстос жа тленнасьці не зазнаў. Дык усклікніце: Уваскрос Хрыстос, даючы сьвету багацьце свайго зьмілаваньня". Вярнуцца назад |