Галоўная > нядзеля міраносіцаў > Серада пасьля Міраносіцаў увечары
Серада пасьля Міраносіцаў увечары18 траўня 2010. |
|
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 2). Калі жанчыны пачулі радасную вестку ад анёлаў, што сядзелі ля магілы Слова, яны зразумелі, што міра, з якім яны прыйшлі, больш не патрэбнае. Таму яны пакінулі свой першы намер і дабравясьцілі апосталам пра ўстаньне з глыбіні апраметнай Таго, хто дзеля нас стаўся чалавекам. Міраносіцы прыйшлі ў трапятаньні на досьвітку з алейкамі да магілы Жыцьцядаўца Хрыста, думаючы, што Той, які пекла ўмярцьвіў, мёртвы ляжыць. Але Божы анёл зьявіўся ім і сказаў: "Чаму шукаеце Жыцьцядаўца сярод мёртвых? Ідзіце і абвяшчайце Ягонае ўваскрасеньне!" Блаславёны Язэпе, ты нёс на руках тваіх Таго, хто сядзіць на хэрувімах. Ён той, хто прыняў цела дзеля нас, і памёр, каб нас, амярцьвелых, ажывіць. Тады ты плакаў па Ім, як па мёртвым. Цяпер цешся разам з пачэснымі міраносіцамі, убачыўшы Ягонае ўваскрасеньне. Тры песьні з мінеі. Слава... цяпер... (Тон 1). Марыя Магдалена з другой Марыяй прыйшлі на магілу, шукаючы Госпада, і ўбачылі сьветлага, быццам маланка, анёла, які сядзеў на камені і сказаў ім: "Чаму шукаеце Жывога сярод мёртвых? Ён уваскрос, як прадказаў; убачыце яго ў Галілеі". Дык і мы ўсклікнем Яму: "Госпадзе, які ўваскрос з мёртвых, слава Табе!"
Вершапесьні (Тон 2). Уваскрасеньнем Тваім, Хрысьце Спасе, Ты прасьвятліў увесь сусьвет і паклікаў да сябе ўсё стварэньне. Госпадзе, усемагутны, слава Табе! Ты, Збавіцелю, узьвялічыў па ўсім сьвеце імёны найвышэйшых апосталаў, бо яны, навучыўшыся нябесным справам, аздараўлялі людзей, і нават іхні цень лячыў немачы; рыбакі чынілі цуды, і пакліканыя спасярод юдэяў прапаведавалі ласку. Малітвамі іх, Міласэрны, даруй нам веліч Твайго зьмілаваньня. Вялікую славу здабылі вы, сьвятыя, вераю, бо ня толькі ў цярпеньнях перамаглі ворага, але і пасьля сьмерці праганяеце злых духаў, аздараўляеце немачы як лекары душ і целаў. Дык маліцеся Госпаду за зьмілаваньне душ нашых. Слава... цяпер... (Тон 2). Вусны жанчынаў, што прыйшлі паліць сьлязамі і алей-камі магілу Тваю, напоўніліся радасьцю, і яны пачалі абвяшчаць: "Госпад уваскрос!"
Трапары адпушчальныя Нядзельны (тон 2). Калі Ты зышоў да сьмерці... Слава...: Трапар сьвятога дня. Цяпер...: міраносіцаў: Анёл зьявіўся ля магілы жанчынам-міраносіцам і ўсклікнуў: "Алейкі мёртвым патрэбныя, Хрыстос жа тленнасьці не зазнаў. Дык усклікніце: Уваскрос Хрыстос, даючы сьвету багацьце свайго зьмілаваньня". Вярнуцца назад |