Галоўная > Мінэя - Студзень > 13 Студзеня - Пасьвяцьце Богазьяўленьня. Мучанікаў Ярміла і Стратоніка
13 Студзеня - Пасьвяцьце Богазьяўленьня. Мучанікаў Ярміла і Стратоніка2 ліпеня 2008. |
|
(Бярэцца таксама служба сьв. Айцоў, замучаных у Раіце, з 14 студзеня)
Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...": (Тон 4). Цудоўная пара, Ярміл слаўны і багамудры Стратонік, вызнаўшы няствораную Тройцу, спакусу мнагабожжа перамаглі многімі ранамі і мучэньнямі і, атрымаўшы вянцы перамогі, моляцца за супакой для усяго сьвету і веліч зьмілаваньня. Ты, мучаніку Ярміле, быў слугою Слова, выбраным Духам Сьвятым. Праліцьцём крыві ты ўпрыгожыў і асьвяціў тваю дыяканскую вопратку, і перасяліўся да валадарства нябеснага, дзе молішся за тых, што шануюць цябе. На загад мучыцеля вас абкідалі каменьнямі, пасьля ўкінулі ў скрыню і ўтапілі ў вадзе. Сьмерцю вашаю вы, адважныя мучанікі, зьнішчылі злоснага ворага, і цяпер прабываце ў радасьці ў небе, дзе моліцеся за ўсіх нас. (Тон 8). Вы, сьвятыя, добра змагаліся і адважна перацярпелі барбарскі напад; забітыя мячамі, вы аддалі душы вашы і, атрымаўшы мучаніцкія вянцы, жывеце цяпер разам з анёламі. Вялікія вашы цярпеньні, большая за іх узнагарода: дык маліцеся за збаўленьне душ нашых. Вы, сьвятыя, адкінуўшы дачаснае жыцьцё і ўтаймаваўшы жаданьні цела, былі забітыя мячом за Хрыста і цяпер жывеце разам з анёламі. Маліцеся за збаўленьне душ тых, якія спраўляюць вашу памяць . Добра пажыўшы, вы, сьвятыя, удастоіліся мучаніцкай сьмерці і атрымалі вянцы ў небе, дзеля якіх вы за нішто палічылі меч і мукі. Цяпер вы моліцеся за збаўленьне душ нашых. Слава...: (Тон 8). Айцы сьвятыя, вы навучаліся дзень і ноч закону Гасподняга і ўдастоіліся пакаштаваць плоду дрэва жыцьця за вашы мучэньні; маючы сьмеласьць у Бога, які бачыў вашы цярпеньні, выпрасіце для нас у Яго збаўленьне і веліч зьмілаваньня. Цяпер...: (Тон 8). Ты, Госпадзе, каб споўніць усё, што Ты пастанавіў спрадвеку, паклікаў ад кожнага стварэньня слугаў Тваіх сьвятых Тайнаў: ад анёлаў – Габрыеля, ад людзей – Дзеву, ад неба – зорку, ад Ярдану – ваду, у якой Ты зьнішчыў людзкія беззаконьні. Госпадзе, слава Табе!
Вершапесьні (Тон 2). Зьзяньне славы Айца зьявілася ў плыні Ярдану, ачышчаючы хрышчэньнем погань душ нашых. Верш. Мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан пацёк назад. Прымі з пашанаю, Прароча Яне, Збавіцеля сьвету і ахрысьці Тварца дзеля абнаўленьня людзей. Верш. Што з табой, мора, што ты ўцякло, чаму ты, Ярдане, пацёк назад? Прыйшло прасьвятленьне, зьявілася збаўленьне ў водах Ярданскіх: дык пойдзем усе ачысьціцца і ўславіць Чалавекалюбца. Слава...: (Тон 8). Айцы сьвятыя, вы былі ў гэтым жыцьці быццам анёлы, пастом і ўстрыманасьцю ўтаймаваўшы целы вашы і падпарадкаваўшы іх духу, выконваючы старанна запаветы Гасподнія і стараючыся захаваць першасную красу вобраза. Закончыўшы вашы подзьвігі на зямлі мучаніцкай сьмерцю, вы атрымалі ў небе падвойныя вянцы. Маліце цяпер няспынна Збавіцеля за збаўленьне душ нашых. Цяпер...: (Тон 8). Анельскія хоры жахнуліся, убачыўшы, як Ты, Збавіцелю, стаў голы ў Ярдане, і, схіліўшы галаву, прыняў хрост ад Яна. Тваім дабравольным зьбядненьнем сьвет узбагаціўся. Госпадзе, слава Табе!
Адпушчальныя трапары Мучанікаў (тон 4). Мучанікі Твае, Госпадзе, у цярпеньнях вянцы нятленныя атрымалі ад Цябе, Бога нашага. Маючы сілу Тваю, яны перамаглі мучыцеляў і зьнішчылі дэманаў нікчэмную дзёрзкасьць. Малітвамі іх збаў душы нашы. Слава...: Трапар айцоў (тон 4). Божа айцоў нашых, Ты паступаеш з намі з Тваёй заўсёднай лагоднасьцю: не пераставай быць спагадлівым для нас, але малітвамі іх кіруй у супакоі нашым жыцьцём . Цяпер...: Трапар сьвята (тон 1). Калі Ты, Госпадзе, хрысьціўся ў Ярдане, адбылося пакланеньне Тройцы. Голас Айца засьведчыў аб Табе, называючы Цябе любым Сынам; і Дух у выглядзе голуба пацьвердзіў праўдзівасьць гэтых слоў. Хрысьце Божа, які зьявіўся нам і сьвет асьвяціў, слава Табе. Вярнуцца назад |