01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22
Разьдзел 7
1 I пасьля гэтага ўгледзіў я чатырох ангелаў, якія, стоючы на чатырох вуглох зямлі, дзяржалі чатыры вятры зямлі, каб ня дзьмуў вецер ні на зямлю, ні на мора, ні на якое дрэва.
2 І ўгледзіў я другога ангела, які ўзыходзіў ад усходу сонца, маючы пячаць Бога Жывога; і гукнуў ён вялікім голасам да чатырох ангелаў, якім дадзена шкоду чыніці зямлі й мору, мовячы:
3 Ня шкодзьце ні зямлі, ні мору, ні дрэвам, пакуль не папячатаем рабоў Бога нашага на лабох іхніх.
4 I пачуў я лічбу папячатаных: сто сорак чатыры тысячы папячатаных із усіх родаў сыноў Ізраілявых.
5 Із роду Юдавага дванаццаць тысяч папячатаных; з роду Рувімавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Гадавага дванаццаць тысяч папячатаных;
6 із роду Асіравага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Нэфталімавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Манасьсіявага дванаццаць тысяч папячатаных;
7 із роду Сымэонавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Левіявага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Ізахаравага дванаццаць тысяч папячатаных;
8 із роду Завулёнавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Язэпавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Бэніямінавага дванаццаць тясяч папячатаных.
9 Пасьля гэтага глянуў я, і вось вялізарны натоўп, палічыць якога ніхто ня мог, із усіх пляменьняў і родаў, і народаў, і языкоў, стаіць перад пасадам і перад Ягнём, апрануўшыся ў белыя шаты, і пальмы ў руках іхніх;
10 і загукалі вялікім голасам, мовячы: Спасеньне Богу нашаму, што сядзіць на пасадзе, ды Ягняці.
11 I ўсе ангелы стаялі навакол пасаду і старыкоў і чатырох жывелаў і ўпалі перад пасадам на твар свой і сукланіліся Богу,
12 мовячы: Амін! Багаслаўленьне і хвала, і мудрасьць, і падзяка, і чэсьць, і моц, і сіла Богу нашаму на вечныя вякі! Амін!
13 I азваўся адзін із старыкоў, мовячы да мяне: Гэтыя апраненыя ў белыя шаты — хто яны і скуль прыйшлі?
14 І я сказаў яму: Ты ведаеш, пане. I сказаў ён мне: Гэта тыя, што прыйшлі з вялікага гора; яны памылі вопраткі свае і выбелілі вопраткі свае ў крыві Ягняці.
15 Дзеля гэтага яны перад пасадам Бога і служаць Яму ўдзень і ўначы ў храме Ягоным; і Сідзячы на пасадзе жыціме ў іх;
16 і ня будуць яны ўжо хацець есьці ані піці, і не падзе на іх сонца ані жадная сьпека.
17 Бо Ягня, што пасярод пасаду, будзе іх пасьвіць і вадзіць іх да жывых крыніцаў вод. I абатрэ Бог кожную сьлязіну з вачэй іхніх.
|