01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22
Разьдзел 6
1 I ўбачыў я, што Ягня зьняло адну з пячацяў, і пачуў адну з чатырох жывёлаў, мовячы быццам грымотным голасам: Ідзі ды глядзі.
2 I я паўзіраўся, і вось белы конь, і коньнік на ім ды з лукам; і далі яму вянок, і выйшаў пераможнік, каб перамагчы.
3 I, калі зьняло Яно другую пячаць, я пачуў другую жывёлу, мовячы: Ідзі ды глядзі.
4 I выйшаў другі конь рыжы, і коньніку на ім дадзена ўзяць мір із зямлі, ды каб адны адных забівалі; і дадзены яму меч вялізарны.
5 I, як зьняло трэцюю пячаць, пачуў я трэцюю жывёлу, мовячы: Ідзі ды глядзі. I я паўзіраўся, і вось конь вараны, і коньнік на ім, маючы ў руцэ сваёй вагу;
6 і пачуў я голас спасярод чатырох жывёлаў, мовячы: Мера пшаніцы за дынар, і тры меры ячменю за дынар; і алівы й віна не марнуй.
7 I, як зьняло чацьвертую пячаць, пачуў я голас чацьвертае жывёлы, мовячы: Ідзі ды глядзі.
8 I я паўзіраўся, і вось конь бляды, і коньнік на ім, што імя яму сьмерць, і пекла сьледам за ім; і дадзена ім улада забіваці на чацьвертай часьці зямлі мячом і голадам, і сьмерцяй, ды зьвярыма зямнымі.
9 I, як зьняло Яно пятую пячаць, убачыў я пад ахвярнікам душы забітых за слова Божае ды за сьведчаньне, што мелі; і загаманілі голасам вялікім, мовячы:
10 Дакуль, Валадару Сьвяты і Праўдзівы, ня судзіш і ня мсьцішся за кроў нашу над жыхарамі зямлі?
11 І далі кожнаму белыя вопраткі і сказалі, каб супачывалі яшчэ крыху часу, пакуль не дапоўняць суслужнікі іхнія ды браты іхнія, што маюць быць забіты, як і яны.
12 I паўзіраўся я, як зьняло Яно шостую пячаць. I вось зрабілася вялікае ўстрасеньне, і сонца пацямнела, як валасяніца, і месяц зрабіўся, як кроў,
13 і зоркі нябесныя паспадалі на зямлю, як смакоўніца, устрасаная вялікім ветрам, скідае недасьпелыя смоквы свае;
14 і неба счэзла, як скручаны лісток, і кожная гара і востраў скрануліся з месц сваіх;
15 і цары зямныя, і магнаты, і багатыры, і тысячнікі, і асілкі, і кожын раб ды кожын вольнік паўкрываліся ў пячорах і ў горных расколінах
16 дый кажуць горам і скалам: Звалецеся на нас і ўкрыйце нас ад аблічча Сідзячага на пасадзе ды ад гневу Ягняці:
17 бо настаў вялікі дзень гневу Ягонага, і хто здолее ўстаяці?
|