01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22
Разьдзел 5
1 I ўгледзіў я ў правіцы Сідзячага на пасадзе кнігу, запісаную ссярэдзіны і зьверху, запячатаную сямёма пячацямі.
2 I ўгледзіў я Ангела дужога, абвяшчаючы голасам вялікім: Хто годзен разгарнуць кнігу і зьняць пячаці яе?
3 I ніхто ня здолеў на небе ані на зямлі, ані пад зямлёй разгарнуць кнігу й глянуць у яе.
4 I я вельмі плакаў, што не знайшлося нікога, годнага разгарнуць і прачытаць кнігу, ці глянуць у яе.
5 I адзін із старыкоў кажа мне: Ня плач! Вось, леў, што з роду Юдавага, карэнь Давідавы, перамог, каб разгарнуць кнігу й зьняць сем пячацяў яе.
6 I глянуў я, і вось пасярод пасаду й чатырох жывёлаў ды пасярод старыкоў Ягня стаіць, быццам заколенае, маючы сем рагоў і сем вачэй, што ёсьць сем духаў Божых, пасланых на ўсю зямлю.
7 I прыйшло ды ўзяло кнігу з правіцы Сідзячага на пасадзе.
8 I, як узяло кнігу, чатыры жывёлы й дваццаць чатыры старыкі ўпалі прад абліччам Ягняці, маючы кожын гусьлі й чары залатыя, поўныя пахнідлаў, што ёсьць малітвы сьвятых;
9 і пяюць новую песьню, мовячы: Ты годзен узяць кнігу ды зьняць пячаці з яе, бо Цябе закалолі, і Ты Крывёю Сваей адкупіў нас Богу із кожнага роду й языка і народу ды паганаў,
10 і зрабіў нас Богу нашаму царамі й сьвяшчэньнікамі; і будзем царыць на зямлі.
11 I глядзеў я і чуў голас множства ангелаў навакол пасаду й жывёлаў і старыкоў; і лічба іх была мірыяды мірыядаў і тысячы тысячаў,
12 мовячы голасам вялікім: Годна Ягнятка заколенае ўзяць сілу й багацьце, і мудрасьць, і моц, і чэсьць, і хвалу, і багаслаўленьне.
13 I ўсякае стварэньне, што на небе й на зямлі, і пад зямлёй, і ў моры, дый усё, што ў іх, чуў я, мовячы: Сідзячаму на пасадзе й Ягняці багаслаўленьне і чэсьць, і хвала, і сіла на вечныя вякі.
14 I чатыры жывёлы гаварылі: Амін. I дваццаць чатыры старыкі ўпалі і сукланіліся Жывучаму на вечныя вякі.
|