01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22
Разьдзел 22
1 I паказаў мне чыстую раку вады жыцьця, сьветлую, як крыштал, што выходзіла із пасаду Бога й Ягняці.
2 Пасярэдзіне вуліцы яго, наабапал ракі, дрэва жыцьця, што дае плады дванаццаць разоў, даючы на кожын месяц ягоны плод; і лісьці дзерава на лек народам.
3 I ня будзе ўжо нічога выклятага; і будзе ў ім пасад Бога й Ягняці, і рабы Ягоныя служыцімуць Яму.
4 I ўгледзяць аблічча Ягонае і імя Ягонае на лабох іхніх.
5 I ня будзе тамака ночы; і няма ў іх патрэбы ў сьветачу і ў сьвятле сонца, бо Госпад Бог асьвятляе іх. I царыцімуць на вечныя вякі.
6 I сказаў мне: Словы гэтыя верныя і праўдзівыя; і Госпад Бог сьвятых прарокаў паслаў Ангела Свайго паказаць рабом Сваім, што мусіць хутка стацца.
7 Вось, хутка прыходжу. Шчасьлівы, хто хавае словы прароцтва кнігі гэтае.
8 I я, Іоан, той, што бачыў гэта і чуў. I калі я пачуў ды пабачыў, я паваліўся пакланіціся перад нагамі Ангела, што паказваў мне гэта.
9 I кажа ён мне: Глядзі, не: бо я суслужнік твой і братоў тваіх прарокаў і хаваючых словы кнігі гэтае; Богу пакланіся.
10 I кажа мне: Не запячатывай слоў прароцтва кнігі гэтае: бо блізка час.
11 Крыўдзіцель няхай яшчэ крыўдзіць, і нячысты няхай яшчэ апаганіваецца, і справядлівы няхай яшчэ чыніць справядлівасьць, і сьвяты няхай яшчэ асьвячаецца.
12 I вось хутка прыходжу, і заплата Мая са Мною, каб аддаці кожнаму, як будзе дзела ягонае.
13 Я Альфа й Омэга, пачатак і канец, Першы і Апошні.
14 Шчасьлівыя, што выпаўняюць запаведзі Яго, каб была ўлада іх на дрэва жыцьця, ды каб увайшлі праз вароты ў места;
15 а вонках сабакі й чарадзеі, і распусьнікі ды забойцы і служкі ідалавы, і ўсе, што любяць і чыняць няпраўду.
16 Я, Ісус, паслаў Ангела Майго пасьведчыць вам гэта ў цэрквах. Я карэнь і род Давідавы, зорка сьветлая і ранічная.
17 I Дух і нявеста кажуць: Прыходзь! I, хто прагне, няхай прыходзе; і, хто хоча, няхай бярэ ваду жыцьця дарма.
18 I я разам сьведчу кожнаму, хто чуе словы прароцтва кнігі гэтае: калі хто даложа да гэтага, узложыць на яго Бог плягі, напісаныя ў кнізе гэтай;
19 і калі хто адыме ад слоў кнігі прароцтва гэтага, адыме ў яго Бог долю ягоную з кнігі жыцьця і з места сьвятога і з напісанага ў гэтай кнізе.
20 Той, што сьведчыць гэта, кажа: Але, хутка прыходжу! Амін. Але, прыходзь, Госпадзе Ісусе!
21 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі ўсімі. Амін. |