01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22
Разьдзел 21
1 I ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба й першая зямля мінулі,
1 мора ўжо няма.
2 I я, Іоан, убачыў места сьвятое, новы Ерузалім, які зыходзіў ад Бога з неба, прыгатаваны быццам нявеста, прыбраная дзеля мужа свайго.
3 I пачуў я голас вялікі з неба, мовячы: Вось скінія Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі; і людзі будуць Ягонымі, і сам Бог будзе з імі, іхні Бог.
4 I абатрэ Бог усякую сьлязу з вачэй іхніх; і сьмерці ўжо ня будзе, і ня будзе ўжо ані плачу, ані галошаньня, ані труду, бо першыя мінулі.
5 I сказаў Сідзячы на пасадзе: Вось, роблю ўсё новае. I кажа да мяне: Напішы, бо гэтыя словы праўдзівыя і верныя.
6 I сказаў мне: Сталася. Я Альфа і Омэга, пачатак і канец. Прагнучаму дам Я дар з крыніцы вады жывое;
7 хто пераможа, возьме ў спадчыну ўсё, і буду яму Богам, і ён будзе Мне сынам.
8 А для палахлівых і няверных, і для нягоднікаў і душагубаў, і для распусьнікаў і чарадзеяў і слуг ідалавых, і для ўсіх ілжывых — доля іх у возеры, палаючым агнём ды серкаю, што ёсьць другая сьмерць.
9 I прыйшоў да мяне адзін із сямёх Ангелаў, тых, што мелі сем чараў, напоўненых сямёма апошнімі плягамі, і загутарыў са мною, мовячы: Хадзі, пакажу табе жанчыну, нявесту Ягняці.
10 І панёс мяне ў духу на вялікую ды высокую гару, і паказаў мне места вялікае, сьвяты Ерузалім, што зыходзіў з неба ад Бога
11 і меў хвалу Божую. I сьвятло ягонае падобнае да найдаражэйшага каменя, быццам крыштальнага каменя ясьпісовага;
12 і меў ён мур вялікі й высокі, і меў дванаццаць варотаў, і на вароцех дванаццаць Ангелаў і імёны напісаныя, якія ёсьць дванаццацёх родаў сыноў Ізраілявых.
13 I ад усходу трое варотаў, і ад поўначы трое варотаў, і ад паўдня трое варотаў, і ад захаду трое варотаў.
14 I мур мястовы меў дванаццаць падвалінаў, і на іх імёны дванаццацёх Апосталаў Ягняці.
15 I той, што гутарыў са мною, меў трысьціну залатую, каб абмерыць места і вароты яго і сьцены яго.
16 I места ляжыць чатырохкутнікам, і даўжыня ягоная такая-ж, як і шырыня. I абмерыў места трысьцінай на дванаццаць тысячаў стадыяў; і даўжыня ягоная і шырыня і вышыня аднолькавыя.
17 I абмерыў мур ягоны на сто сорак чатыры локці меры чалавечае, якая і ангельская.
18 I мур быў пабудаваны з ясьпісу; і места чыста залатое, падобнае да чыстага шкла.
19 I падваліны муру мястовага прыаздоблены ўсякім каменьнем дарагім: першая падваліна ясьпіс, другая сапфір, трэцяя халькедон, чацьвершая шмарагд,
20 пятая сардонік, шостая сард, сёмая хрызаліт, восмая бэрыль, дзявятая тапаз, дзясятая хрызапрас, адзінаццатая гіяцынт, дванаццатая амэтыст.
21 I дванаццаць варотаў — дванаццаць пэрлаў: а кожныя вароты із аднае пэрлы. I вуліца места чыста залатая, быццам шкло празрыстае.
22 I храму ў ім ня ўгледзіў я: бо храм ягоны ёсьць Госпад Бог Уседзяржыцель і Ягня.
23 I места ня мае патрэбы ў сонцы ані ў месяцу, каб асьвятлялі яго: бо хвала Божая асьвяціла яго, і сьветач ягоны — Ягня.
24 I народы збаўлёных хадзіцімуць у сьвятле ягоным, і цары зямныя прынясуць у яго славу й чэсьць сваю.
25 I вароты ягоныя ня будуць замыкацца ўдзень, а ночы там ня будзе.
26 I прынясуць у яго славу й чэсьць народаў.
27 I ня ўвойдзе ў яго нішто нячыстае ды робячае агіду й ілжу, а толькі запісаныя ў кнізе жыцьця Ягняці.
|