01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22
Разьдзел 20
1 I ўбачыў я Ангела, зыходзячы з неба, які меў ключ ад бяздоньня і ланцуг вялікі ў руцэ сваёй.
2 I схапіў ён зьмея, вужаку адвечнага, што ёсьць д’ябал і сатана, ды спутаў яго на тысячу гадоў
3 і кінуў яго ў бяздоньне і замкнуў яго ды прыпячатаў зьверху, каб ня зводзіў больш народаў, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў; а пасьля гэтага мусіць быць разьвязаны на нядоўгі час.
4 I ўгледзіў я пасады, і пасядалі на іх, і быў ім дадзены суд; і душы сьцятых за сьведчаньне Ісусавае і за слова Божае, і тых, што не пакланіліся зьверу ды абразу ягонаму і ня прынялі кляйма на лоб свой ані на руку сваю; і ажылі і панавалі з Хрыстом тысячу гадоў.
5 Рэшта-ж памершых не ажыла, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў. Гэта першае ўскрасеньне.
6 Шчасьлівы й сьвяты той, хто мае частку ў першым ускрасеньні: над імі сьмерць паўторная ня мае ўлады, але будуць яны сьвяшчэньнікамі Бога і Хрыста ды панавацімуць з Ім тысячу гадоў.
7 I, як скончыцца тысяча гадоў, вызваліцца сатана із вязьніцы сваёй
8 і выйдзе звадзіць народы на чатырох кутох зямлі, Гога і Магога, ды зьбіраць іх на вайну; лічба-ж іх, як пясок у моры.
9 I выйшлі на шырыню зямлі ды акружылі табор сьвятых і места ўлюбленае; і зыйшоў ад Бога агонь з неба ды зжор іх.
10 I д’ябал, што зьвёў іх, быў кінены ў возера агністае ды серкавае, дзе і зьвер і фальшывы прарок; і будуць яны мучыцца ўдзень і ўначы на вечныя вякі.
11 І ўбачыў я вялікі белы пасад і Сідзячага на ім, ад аблічча Якога ўцякла, зямля і неба, і не знайшлося месца для іх.
12 I ўбачыў нябожчыкаў, малых ды вялікіх, стоячы перад Богам, і былі разгорнены кнігі; і разгарнулі іншую кнігу, што ёсьць жыцьця, і суджаны былі мёртвыя, як напісана ў кнігах, паводле ўчынкаў іхніх.
13 I аддала мора нябожчыкаў, што ў ім, і сьмерць ды пекла аддалі нябожчыкаў, што ў іх; і суджаны быў кожны паводле ўчынкаў сваіх.
14 А сьмерць і пекла кінены ў возера вагністае. Гэта другая сьмерць.
15 I каго не знаходзілі запісанага ў кнізе жыцьця, кідалі яго ў возера вагністае.
|