Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Адкрыцьце сьв. Іоана Багаслова


 

 

Адкрыцьце сьв. Іоана Багаслова

01020304050607080910
111213141516171819202122

 

Разьдзел 2

1 Ангелу Эфэскае царквы́́́́́ напішы: Вось што кажа Той, што дзяржыць сем зорак у правай руцэ сваёй ды што ходзе сярод сямёх залатых сьветачаў:

2 Ведаю ўчынкі тваі і труд твой і цярплівасьць тваю, ды што ня можаш сьцярпець нягоднікаў і дасьведчыў тых, што называюць сябе апосталамі і ня ёсьць, ды знайшоў іх брахунамі,

3 і пакутаваў, і маеш цярплівасьць, ды дзеля іменьня Майго трудзіўся й не зьнямогся.

4 Але маю проці цябе тое, што пакінуў ты першую любоў тваю.

5 Дык прыпомні, скуль выпаў, і пакайся ды рабі першыя дзелы твае; калі-ж не, дык хутка прыйду да цябе і зрушу сьветач твой з месца ягонага, калі не пакаешся.

6 Адно тое маеш, што ненавідзіш дзелы Мікалаітаў, якія й Я ненавіджу.

7 Хто мае вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора: хто пераможа, дам таму спажываці ад дрэва жыцьця, што пасярод раю Божага.

8 I ангелу Сьмірнскае царквы напішы: Вось што кажа Першы й Апошні, што быў памершы і ажыў:

9 Ведаю ўчынкі тваі і тугу й убожства (ты-ж багаты), ды ганьбаваньне ад тых, што называюць сябе Жыдамі й ня ёсьць, а ёсьць сынагога сатаны.

10 Ня бойся нічога, што маеш выцярпець. Вось д’ябал маніцца кідаці спаміж вас, каб спакусіць; і зазнаеце гора дзесяць дзён. Будзь верны да сьмерці, і дам табе вянок жыцьця.

11 Хто мае вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора: Хто пераможа, не дазнае крыўды ад паўторнае сьмерці.

12 I ангелу царква, што ў Пэргаме, напішы: Вось што кажа Той, што мае меч двусечны востры:

13 Ведаю ўчынкі тваі, ды што жывеш там, дзе пасад шатана, і дзяржыш імя Мае ды не адрокся ад веры Маей у тыя дні, калі забіты быў у вас, дзе жыве сатана, верны Мой сьведка Антыпа.

14 Ды маю проці цябе няшмат, бо маеш тамака такіх, што дзяржацца навукі Валаама, які навучыў кінуць спакусу перад сынамі Ізраілявымі, каб елі жэртвы ідалавыя ды жылі ў блудзе.

15 Такжа маеш і ты такіх, што дзяржацца навукі Мікалаітаў, якую ненавіджу.

16 Пакайся: бо як не, хутка прыйду да цябе і ваяваціму з імі мячом вуснаў Маіх.

17 Хто мае вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора: Хто пераможа, дам таму спажываці ад манны ўкрытае і дам яму камень белы й на камені імя новае напісанае, якога ніхто ня ведае, толькі хто дастаў.

18 I Ангелу царквы ў Тыатыры напішы: Вось што кажа Сын Божы, Які мае вочы Свае, як полымя агністае, а ногі Яго да медзі падобныя: .

19 Ведаю ўчынкі тваі і любоў, і служэньне, і веру, і цярплівасьць тваю, і ўчынкі тваі, ды што апошніх балей, чым першых.

20 Але маю крыху проці цябе: бо даеш жанчыне Езавелі, што называе сябе прарочыцай, вучыць і баламуціць рабоў маіх, жыць распусна ды есьці жэртвы ідалавыя.

21 I даў Я ей час, каб пакаялася ў распусьце сваёй, ды не пакаялася.

22 Вось я кідаю яе на ложак і палюбоўнікаў яе ў вялікую тугу, калі не пакаюцца ў дзелох сваіх.

23 I дзяцей яе на сьмерць забъъ]’ю. I даведаюцца ўсе цэрквы, што Я ёсьць разьведчык нутра й сэрца. I дам вам кожнаму паводле дзел вашых.

24 Вам-жа кажу ды рэшце Тыатырцаў, якія ня маюць гэтае навукі і якія не пазналі так-званых глыбіняў шатана, што не ўзвалю на вас іншага цяжару,

25 адно тое, што маеце, дзяржыце, ажно пакуль ня прыду.

26 I хто пераможа й пілнаваціме дзелы мае да канца, таму дам уладу над паганамі,

27 і будзе пасьвіць іх паліцай зялезнай; як судзьдзе глінянае, пакрышацца яны, як і Я прыняў ад Айца Майго;

28 і дам яму зорку ранічную.

29 Хто мае вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст