01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22
Разьдзел 19
1 I пасьля гэтага пачуў я быццам голас вялікі множства народу ў небе, які казаў: Алілуя! Спасеньне і хвала і чэсьць і сіла Госпаду Богу нашаму:
2 бо правільныя і справядлівыя суды Яго. Бо засудзіў Ён вялікую распусьніцу, што паганіла зямлю блудам сваім, і адплаціў за кроў рабоў Сваіх ад рукі яе.
3 I паўторна сказалі: Алілуя! I дым яе ўзьнімаецца на вечныя вякі.
4 I ўпалі дваццаць чатыры старыкі й чатыры жывёлы ды пакланіліся Богу, сідзячаму на пасадзе, мовячы: Амін! Алілуя!
5 I выйшаў з пасаду голас, мовячы: Хвалеце Бога нашага, усе рабы Яго ды хто баіцца Яго, і малыя і вялікія!
6 I пачуў я быццам голас вялікае таўпы́́́ і быццам шум множства водаў і быццам гук грымотаў сільных, мовячы: Алілуя! бо запанаваў Госпад Бог Уседзяржыцель!
7 Радуймася й весялімася і хвалу Яму давайма: бо прыйшло вясельле Ягняці, і прыгатавалася жонка Яго.
8 I дадзена ёй, каб апранулася ў віссон чысты і сьветлы;
9 I кажа мне: Напішы: Шчасьлівыя тыя, што пакліканы на вячэру вясельную Ягняці. I кажа мне: Словы гэтыя ёсьць запраўдныя Божыя.
10 I я ўпаў да ног ягоных, каб пакланіцца яму. I кажа мне: Глядзі, не рабі гэтага: бо я суслужнік і твой і братоў тваіх, што маюць сьведчаньне Ісусавае. Богу пакланіся: бо сьведчаньне Ісусавае ёсьць дух прарочы.
11 I ўгледзіў я неба расчыненае: і вось конь белы, і коньнік на ім, называны Верным і Праўдзівым, што па праўдзе судзіць і ваюе.
12 А вочы ў яго быццам полымя агністае, і на галаве ў яго многа дыадэмаў. Меў імя напісанае, якога ніхто ня ведаў, апрача Самога.
13 I быў апранены ў шату акрываўленую. I імя Ягонае называецца: Слова Божае.
14 I йшлі за ім войскі нябесныя на белых канёх, апраненыя ў віссон белы і чысты.
15 I з вуснаў Ягоных выходзе меч востры, каб ім пабіць паганаў. I Сам пасець іх паліцай зялезнай. I Сам топча ступу віна ярасьці і гневу Бога Ўседзяржыцеля.
16 I мае на вопратцы і на сьцягне Сваім напісанае імя: Цар цароў і Госпад валадароў.
17 I ўгледзіў я аднаго Ангела, стоячы на сонцы. I крыкнуў ён вялікім голасам, прамаўляючы да ўсяго птаства, што лётала пасярод неба: Хадзеце, зьбірайцеся на вячэру Вялікага Бога,
18 каб есьці целы цароў і целы тысячнікаў, і целы дужых, і целы каней ды коньнікаў на іх, і целы ўсіх — вольных і рабоў, малых і вялікіх.
19 I ўгледзіў я зьвера і цароў зямных і войскі іх, сабраныя дзеля вайны з Сідзячым на кані ды з войскам Ягоным.
20 I быў схоплены зьвер і з ім прарок фальшывы, што знакі рабіў перад ім, якімі баламуціў тых, што прынялі кляймо зьвера і пакланяліся абразу ягонаму. Абодвух жыўцом кінулі ў возера вагністае, палаючае серкаю.
21 I рэшта пазабівана мячом Сідзячага на кані, што выходзіў з вуснаў Ягоных. I ўсё птаства насыцілася целамі іхнімі.
|