01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22
Разьдзел 18
1 I пасьля гэтага я ўбачыў Ангела, зыходзячы з неба, які меў вялікую ўладу; і зямля асьвяцілася ад славы ягонае;
2 і крыкнуў ён крэпка, мовячы голасам вялікім: Паў, паў Вавілён, вялікая (распусьніца), і стаўся памяшканьнем дэманаў і прыпынкам для ўсіх духаў нячыстых і прыстанішчам для ўсякага птаства нячыстага і агіднага;
3 бо юрным віном распуснасьці сваей напаіла яна ўсе народы, і цары зямныя сваволілі з ёю, і купцы зямныя разбагацелі ад сілы раскошы яе.
4 I пачуў я другі голас з неба, мовячы: Выйдзі з яе, мой народзе, каб ня быць учасьнікамі ў грахох яе і ня прыняці ўдараў яе;
5 бо дайшлі грахі яе ажно да неба, і ўспомніў Бог аб няпраўдах яе.
6 Аддайце ей, як і яна аддавала вам, і падвойце ей удвая паводле ўчынкаў яе; у чары, у якой яна мяшала (віно), мяшайце ей удвая.
7 Колькі ўслаўляла яна сябе й раскошавалася, гэтулькі дайце ей мукаў і суму; бо яна кажа ў сэрцы сваім: Сяджу царыцай, і не ўдава я, і суму не пабачу.
8 Дзеля гэтага ў вадзін дзень прыйдуць на яе плягі: сьмерць і туга і голад; і будзе спалена ў вагні: бо дужы Госпад Бог, што судзіць яе.
9 I заплачуць і загалосяць па ёй цары зямныя, што сваволілі й раскошаваліся з ею, калі ўгледзяць дым ад пажару яе,
10 стоючы здалёк дзеля страху ад мукі яе ды гаворачы: Гора, гора (табе), места вялікае Вавілён, места магутнае, бо ў вадну гадзіну прыйшоў суд твой!
11 І купцы зямныя заплачуць ды засумуюць па ёй, бо ніхто ўжо ня купляе тавару іхняга,
12 тавару із золата й серабра, і каменьня дарагога і пэрлаў, і віссону й порфіры, і шоўку й пурпуру, ды ўсякага дрэва пахучага, і ўсякіх вырабаў із косьці сланёвае, і ўсякіх вырабаў із дрэва дарагога і медзі й зялеза і мармару,
13 і цынамону, і пахнідлаў, і міра, і ладану, і віна, і алівы, і мукі, і пшаніцы, і скаціны й авечак, і каней ды вазоў, і целаў дый душ чалавечых.
14 I плады пажаданыя душы тваёй адыйшліся ад цябе; і ўсё ўкормленае ды бліскучае адыйшлося ад цябе, і ты ніколі ўжо ня знойдзеш гэтага.
15 I таргаваўшыя гэтым, што разбагацелі ад яе, воддаль стаяцімуць дзеля страху прад мукаю яе, плачучы й галосячы
16 ды мовячы: Гора, гора (табе), места вялікае, у віссон і порфіру і пурпур апраненае, аздобленае золатам і каменьнем дарагім і пэрламі:
17 бо ў вадну гадзіну спустошана гэткае багацьце! I ўсе кармачы, і ўсе людзі на караблёх, і карабельнікі, і ўсе працаўнікі на моры воддаль стаялі
18 і, бачучы дым ад пажару яго, крычэлі, мовячы: Якое падобна да места вялікага?
19 I сыпалі попел на галовы свае і крычэлі, плачучы й галосячы, ды мовілі: Гора, гора (табе), места вялікае, у якім разбагацелі ад скарбаў тваіх усе, хто мае караблі на моры: бо ў вадну гадзіну ты спустошана!
20 Узьвесяліся над ім, неба ды сьвятыя апосталы і прарокі: бо прысудзіў Бог прысуд ваш на яго.
21 I адзін дужы Ангел падняў камень, вялікі, як млыновы, і кінуў у мора, мовячы: Гэтак з размахам кінены будзе Вавілён, места вялікае, і ўжо больш ня знойдуць яго;
22 і ня будзе ўжо чутно ў табе голасу гусьляроў і сьпявакаў ды жалейнікаў і трубачоў, і ня знойдзецца ўжо ў табе ніводнага мастака ніякага мастацтва, — і гук млыновы не пачуецца ўжо ў табе;
23 і не зазьяе ўжо ў табе сьвятло сьветача, і голасу жаніха й нявесты не пачуюць ужо ў табе: бо купцы тваі былі магнатамі зямнымі, бо чарамі тваімі абаламучаны ўсенароды.
24 I знойдзена ў ім кроў прарокаў ды сьвятых і ўсіх забітых на зямлі.
|