01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22
Разьдзел 14
1 I глянуў я, і вось Ягня стаіць на гарэ Сыоне, і з ім сто сорак чатыры тысячы, якія маюць імя Айца Ягонага напісанае на лобе іх.
2 I пачуў я голас з неба, быццам гук ад множства водаў, ды быццам гук грымоту вялікага; і чуў я голас гусьляроў, на гусьлях сваіх іграючых;
3 і пяюць яны як-бы песьню новую перад пасадам і перад чатырма жывёламі і старыкамі; і ніхто ня мог навучыцца песьні гэнае, апрача тых ста сараку чатырох тысячаў, што выкуплены ад зямлі.
4 Гэта тыя, што не апаганіліся з жанчынамі, бо яны чыстыя; гэта тыя, што йдуць сьледам за Ягнём, куды-б Яно ні пайшло. Яны выкуплены ад людзей, першакі Богу й Ягняці.
5 I ў вуснах у іх няма хітраваньня: бо беззаганныя яны перад пасадам Божым.
6 I ўгледзіў я другога Ангела, лятучы пасярод неба, які меў вечнае Эвангельле, каб абвяшчаць жыхарам зямлі і ўсім плямёнам і родам і языкам і народам,
7 ды гаварыў вялікім голасам: Бойцеся Бога і аддайце хвалу Яму, бо прыйшоў час суду Ягонага; і пакланецеся Стварыцелю неба й зямлі, і мора, і крыніцаў вод.
8 I другі Ангел ішоў сьледам, мовячы: Упаў, упаў Вавілён, места вялізнае, бо юрным віном блуду свайго напаіў усе народы.
9 I трэці Ангел ішоў сьледам за імі, мовячы вялікім голасам: Калі хто паклоніцца зьверу й абразу ягонаму ды прыме кляймо на лоб свой ці на руку сваю,
10 той піціме віно гневу Божага, налітае без дамешкі ў чару гневу Ягонага, і будзе мучыцца ў вагні ды ў серцы перад сьвятымі Ангеламі і перад Ягнём;
11 і дым мукі іх будзе ўзьнімацца на вечныя вякі, і няма супакою ўдзень і ўначы тым, што пакланяюцца зьверу й абразу ягонаму, ды хто прыняў кляймо іменьня ягонага.
12 Тут цярплівасьць сьвятых; тут тыя, што захоўваюць запаведзі Бога і веру Ісусаву.
13 І пачуў я голас з неба, які казаў мне: Напішы: адгэтуль шчасьлівыя мёртвыя, што ўміраюць у Госпадзе. Запраўды́́́, кажа Дух: каб супачылі ад трудоў сваіх, і ўчынкі іх ідуць сьледам за імі.
14 I глянуў я: і вось хмара белая, і на хмары сядзіць падобны да Сына Чалавечага, маючы на галаве Сваей вянок залаты і ў руцэ Сваей востры серп.
15 I выйшаў із храму другі Ангел ды гукнуў вялікім голасам да Сідзячага на хмары: Пашлі серп Твой ды жні; бо прыйшла для Цябе гадзіна жніва, бо жніво зямлі дасьпела.
16 I кінуў Сідзячы на хмары серп Свой на зямлю, і зямля была пажата.
17 I другі Ангел выйшаў із храму, што на небе, ды сам маючы востры серп.
18 I выйшаў із ахвярніку іншы Ангел, што мае ўладу над агнем, і вялікім крыкам крыкнуў маючаму востры серп, мовячы: Пашлі твой востры серп ды зьбяры гронкі вінаграду зямлі, бо ўжо дасьпелі ягады яго.
19 I кінуў Ангел серп свой на зямлю, і сабраў вінаград зямлі, і кінуў у ступу вялізную гневу Божага;
20 і патапталі ў ступе вонках места, і выйшла кроў із ступы ажно да вуздаў конскіх на тысячу шэсьцьсот стадыяў.
|