01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22
Разьдзел 12
1 I знак вялізны паказаўся на небе: жанчына, апраненая ў сонца, і месяц пад нагамі ў яе, і на галаве яе вянок із дванаццацёх зорак.
2 I, быўшы ўцяжку, крычэла ад болю і мукаў радзільных.
3 I паказаўся другі знак на небе: вось зьмей вялізарны, як агонь чырвоны, з сямёма галовамі й дзесяцьма рагамі, і на галовах яго сем дыадэмаў;
4 і хвост ягоны ўвалок траціну зорак з неба ды кінуў іх на зямлю. I зьмей стануў перад жанчынай, што мелася радзіць, каб, як уродзе, зжэрці дзіця яе.
5 I ўрадзіла сына, хлопчыка, што мае пасьвіць усе народы паліцай зялезнай; і ўзята дзіцятка яе да Бога й пасаду Ягонага,
6 і жанчына ўцякла ў пустыню, дзе мае месца, ад Бога прыгатаванае, каб кармілі яе тамака тысяча дзьвесьце шэсьцьдзесят дзён.
7 I ўзьнялася вайна на небе: Міхал і Ангелы ягоныя ваявалі са зьмеем, і зьмей ваяваў ды ягоныя Ангелы,
8 ды не асілілі, і не знайшлося ўжо месца для іх на небе.
9 I скінены быў той зьмей вялізарны, вужака старавечны, называны д’ябалам і сатаной, што зводзе з дарогі простай усенькі сьвет, — скінены на зямлю, і з ім разам скінены ангелы ягоныя.
10 І пачуў я голас вялікі, мовячы ў небе: Цяпер настала спасеньне і сіла і царства Бога нашага, ды ўлада Хрыста Ягонага: бо скінены паклёпнік на братоў нашых, што дзень і ноч вінаваціў іх брахліва перад Богам нашым.
11 І яны перамаглі яго Крывёю Ягняці і словам сьведчаньня свайго ды ня ўлюбілі душ сваіх ажно да сьмерці.
12 Дзеля гэтага радуйцеся, нябёсы і тыя, што жывуць у іх! Гора жыхарам зямлі і мора, бо зыйшоў да вас дябал у гневе вялікім, ведаючы, што ня шмат мае часу.
13 I, як угледзіў зьмей, што ён скінены на зямлю, пачаў ён перасьледаваць жанчыну, што ўрадзіла хлапчанё.
14 I дадзены жанчыне двое крыльляў вялікага арла, каб ляцела ў пустыню на месца сваё ад аблічча вужакі, дзе-б кармілася пару, поры ды паўпары.
15 I пусьціў вужака за жанчынай ваду із роту свайго, быццам раку, каб рака панесла яе.
16 I памагла жанчыне зямля, і расчыніла зямля вусны свае ды праглынула раку, што пусьціў зьмей із роту свайго.
17 I разьюшыўся зьмей на жанчыну і пайшоў ваяваць з рэштай із насеньня яе, што захоўваюць запаведзі Божыя і маюць сьведчаньне Ісуса Хрыста.
|