01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13
Разьдзел 9
1 Дык жа і першая скінія мела уставы служэньня і сьвятыню зямную.
2 Бо скінія, тая першая, была збудаваная, і ў ёй сьветач і стол і складаньне хлябоў, ды завецца яна Сьвятая.
3 За другой жа заслонай скінія, званая Сьвятое Сьвятых,
4 што мела залатую кадзільню і абкладзены з усіх бакоў золатам карабель запавету, у якім залатая судзіна з маннай ды паліца Ааронава, што расцьвіла, і табліцы запавету,
5 а над ім Хэрувімы славы, ацяняючы ачысьцільню: аб іх ня сьлед цяпер гаварыць падрабязна.
6 Калі-ж гэта так наладжана, дык у першую скінію заўсёды ўваходзяць сьвяшчэньнікі адпраўляць службу,
7 а ў другую — раз у год адзін толькі архірэй, не бяз крыві, якую прыносіць за сябе і за няведаньне народу.
8 Гэтым Дух Сьвяты паказвае, што яшчэ не адкрыты шлях у сьвятыню, дакуль стаіць першая скінія,
9 якая ёсьць абраз цяперашняга часу, калі прыносяцца дары й ахвяры, якія ня могуць зрабіць дасканалым паводле сумленьня таго, хто служыць,
10 якія толькі ў стравах і напітках ды розных абмываньнях і установах цела, ды пастаўлены аж да часу направы.
11 Але Хрыстос, зьявіўшыся, як Архірэй будучага дабра, з большаю й дасканальшаю скініяй, нерукатворнаю, гэта ёсьць не такое будовы,
12 ды ня з крывёю казлоў і цялят, але з уласнай крывёю, адзін раз увайшоў у сьвятыню, знайшоўшы вечнае адкупленьне.
13 Бо, калі кроў быкоў і кароў ды попел каровы, акрапляючы апаганеных, асьвячае на чыстасьць цела,
14 дык наколькі балей кроў Хрыста, Які Духам Сьвятым прынёс Сябе беззаганнага Богу, ачысьціць сумленьне вашае ад мёртвых дзел, дзеля служэньня Богу Жывому?
15 Дзеля гэтага Ён ёсьць пасярэднік новага запавету, каб, як станецца сьмерць дзеля адкупленьня ад праступкаў, што ў першым запавеце, тыя, што пакліканы да вечнае спадчыны, дасталі абяцанае.
16 Бо дзе тастамант, там мусіць прыйсьці сьмерць адказываючага,
17 бо запавет мае сілу пасьля памершых: ён ня мае сілы, пакуль жыве той, хто адказывае.
18 Дык і першы быў замацаваны не бяз крыві.
19 Бо, як былі сказаны Майсеем усе запаведзі па закону ўсяму народу, ён, узяўшы кроў цялят і казлоў з вадою ды воўнай чырвонай ды гізопам, акрапіў і самую кнігу, і ўвесь народ,
20 кажучы: Гэта кроў запавету, які паклаў вам Бог (Вых. 24, 8).
21 Гэтак сама акрапіў крывёю і скінію, і ўсё судзьдзе дзеля служэньня.
22 Ды бадай усё па закону ачышчаецца крывёй, і без праліцьця крыві ня бывае адпушчэньня.
23 Дык і трэба было, каб абразы нябеснага ачышчаліся гэтымі, а самае нябеснае — лепшымі за гэтыя ахвярамі.
24 Бо Хрыстос увайшоў не ў рукатворную сьвятыню, на ўзор праўдзівае збудаваную, але ў самае неба, каб зьявіцца цяпер абліччу Божаму за нас;
25 і не дзеля таго, каб мнагакротна прынасіць Сябе, як кожын год уваходзіць архірэй у сьвятыню з чужою крывёй,
26 (бо трэба-б Яму мнагакротна цярпець мукі ад пачатку сьвету), а Ён адзін раз на канцы вякоў зьявіўся дзеля зьнішчэньня грэху Сваей ахвярай.
27 I як людзям назначана раз памерці, а пасьля суд, —
28 гэтак і Хрыстос, раз прынесшы Сябе ў ахвяру, каб панясьці грахі многіх, другі раз бяз грэху зьявіцца тым, што чакаюць Яго, на збаўленьне.
|