01 – 02 – 03
Разьдзел 2
1 Ты-ж гавары тое, што гожа здаровай навуцы:
2 каб старыкі былі цьвярозымі, чэснымі, разважнымі, здаровымі верай, любоўю, цярплівасьцяй;
3 каб старыя жанчыны адзяваліся, як гожа сьвятым, не абмаўлялі, не паддаваліся п’янству, вучылі на дабро,
4 каб на розум наводзілі маладых, каб яны мужоў любілі і дзяцей,
5 былі разважнымі, чыстымі, гаспадарнымі, добрымі, пакорнымі сваім мужом, каб слова Божае не зьняважалася.
6 Моладзь таксама ўгаварвай быць разважнымі,
7 у-ва ўсім даючы сябе за ўзор добрых дзел, у навуцы непарушнасьць, паважнасьць,
8 слова здаровае, беззаганнае, каб супраціўнік быў асаромлены, ня маючы нічога благога сказаць аб нас.
9 Рабы каб слухаліся сваіх паноў, дагаджалі ім у-ва ўсім, не пярэчачы,
10 каб ня кралі, але паказвалі ўсю добрую вернасьць, каб у-ва ўсім аздаблялі навуку Збавіцеля нашага Бога.
11 Бо зьявілася ласка Божая, спасаючы ўсіх людзей,
12 навучаючы нас, каб, адцураўшыся ад бязбожнасьці і пажадлівасьці сьвету, разважна, праведна і багабойна жылі мы ў цяперашнім веку,
13 ждучы шчаснае надзеі і зьяўленьня славы вялікага Бога і Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста,
14 Які даў Сябе за нас, каб выбавіць нас ад усякага беззаконьня і ачысьціць Сабе народ выбраны, рупны аб добрыя ўчынкі.
15 Гэтае кажы, угаварвай і дакарай з усенькаю ўладаю, каб ніхто не вывышшаўся над табою.
|