01 – 02 – 03 – 04
Разьдзел 3
1 Урэшце, браты маі, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам аб тым самым для мяне ня цяжка, а для вас цьвёрда.
2 Сьцеражыцеся сабак, сьцеражыцеся благіх працаўнікоў, сьцеражыцеся абрэзаньня,
3 бо абрэзаньне — мы, што служым Богу духам і пахваляемся ў Хрысьце Ісусе, і ня ў целе маем спадзяваньне:
4 хоць і я спадзяюся і на цела. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, дык балей я,
5 абрэзаны ў восмы дзень, з роду Ізраілявага, з калена Бэніямінавага, Жыд з Жыдоў, водле закону Фарысэй,
6 які праз руплівасьць перасьледаваў Царкву, водле праведнасьці законнай — беззаганны.
7 Але, што для мяне было набыткам, тое дзеля Хрыста лічыў я за страту.
8 Дый усё лічу стратай для вышэйшага пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго, дзеля Якога я ўсё ўтраціў і ўсё лічу за сьмяцьцё, каб Хрыста прыдбаць
9 і апынуцца ў Ім, маючы не маю праведнасьць, што з закону, але тую, што праз веру ў Хрыста, праведнасьць ад Бога на падставе веры,
10 каб пазнаць Яго і сілу ўваскрасеньня Яго, і ўчасьце ў муках Яго, упадабляючыся сьмерці Яго,
11 каб толькі дасягнуць ускрасеньня мёртвых.
12 Не затым, што я ўжо дасягнуў, ці ўжо стаўся дасканалым, а імкнуся, ці не дасягну й я таго, за што і мяне дасягнуў Хрыстос Ісус.
13 Браты, я ня думаю аб сабе, што дасягнуў, а толькі, забываючыся аб мінулым і пнучыся да таго, што наперадзе,
14 імкнуся да мэты, да чэсьці вышэйшага прызваньня Божага ў Хрысьце Ісусе.
15 Дык хто з нас дасканалы, думайма гэтак; калі-ж вы аб чым іначай думаеце, дык і гэтае вам Бог адкрые.
16 Па-за гэтым, чаго мы дасягнулі, (ёсьць:) тым жа законам жыці, тое-ж думаці.
17 Насьлядуйце, браты, мяне і ўзірайцеся на тых, хто гэтак паступае, па ўзору, які маеце ў нас.
18 Бо многія, аб якіх я часта гаварыў вам, а цяпер і са сьлязьмі кажу, паступаюць, як ворагі Хрыстовага крыжа, —
19 якіх канец — загуба, якіх бог — чэрава, і слава якіх у сораме іх, тых, што думаюць аб зямным.
20 Нашае-ж жыцьцё — на нябёсах, адкуль мы чакаем і Збавіцеля, Госпада Ісуса Хрыста,
21 Які ператворыць цела зьнявагі нашае, каб яно сталася падобным да цела славы Яго, сілаю, якою Ён дуж і пакарыць Сабе ўсё.
|