01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06
Разьдзел 5
1 Дык стойце ў волі, якою вызваліў нас Хрыстос, і не падпадайце ізноў пад ярмо рабства.
2 Вось я, Паўла, кажу вам, што, калі абрэзываецеся, дык Хрыстос вас нічым не ўспаможа.
3 Яшчэ сьведчу ўсякаму чалавеку, які абрэзываецца, што ён павінен выпаўніць увесь закон.
4 Вы далёкія ад Хрыста; вы, што апраўдываецеся законам, адпалі ад ласкі;
5 мы-ж духам ад веры чакаем надзеі праведнасьці;
6 бо ў Хрысьце Ісусе ня мае сілы ні абрэзаньне, ні неабрэзаньне, але вера, што дзеець праз любоў.
7 Вы беглі добра: хто ўбіў вам не карыцца праўдзе?
8 Гэткае перакананьне не ад Таго, Хто вас заклікае.
9 Крошка кісьлі ўсё цеста квасіць.
10 Я пэўны ў вас у Госпадзе, што нічога ня будзеце думаць інакш; хто-ж вас баламуціць, той, хто-б ён ні быў, панясе на сабе асуджэньне.
11 Калі-ж я, браты, і цяпер абвяшчаю абрэзаньне, дык завошта-ж яшчэ мяне перасьледуюць? Тагды спакуса крыжа зьніштожылася-бы.
12 О, каб былі адсечаны тыя, што вас бунтуюць!
13 Бо вы к волі пакліканы, браты; каб толькі воля ваша ня была сродкам для цела, але праз любоў служыце адзін аднаму.
14 Бо ўвесь закон у адным слове поўніцца: любі бліжняга твайго, як самога сябе (Ляв. 19, 18).
15 Калі-ж адзін аднаго грызецё і заядаеце, сьцеражыцеся, каб ня былі загублены адзін адным.
16 Я-ж кажу: хадзеце духам і пажаданьняў цела не спаўняйце.
17 Бо цела хоча супраць духу, а дух супраць целу: яны адно аднаму працівяцца, каб вы ня тое рабілі, чаго хацелі-б.
18 Калі-ж вы ведзены духам, дык вы не пад законам.
19 Учынкі-ж цела ведамыя; яны ёсьць: блуд, распуста, нячыстасьць, сваволя,
20 пакланеньне ідалам, чарадзейства, варожасьць, спрэчкі, гарачнасьць, гнеў, сварлівасьць, нязгода, гарэзіі,
21 ненавісьць, забойствы, пянства, няпрыстойнасьць і падобнае; гэтае кажу вам наперад, як і казаў, што тыя, хто гэтак робіць, Царства Божага не ўнасьледуюць.
22 Плод жа духа: любоў, радасьць, мір, доўгацярплівасьць, добрасьць, міласэрдзе, вера,
23 ціхасьць, паўзьдзержлівасьць. На гэтакіх няма закону.
24 А Хрыстовыя раскрыжавалі цела з мукамі і пажаданьнямі.
25 Калі мы жывем духам, дык і паступаем духам.
26 Ня будзем задавацца, адзін аднаго дражнячы, адзін аднаму завідуючы.
|