Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Пасланьне да Галятаў сьв. ап. Паўлы


 

 

Пасланьне да Галятаў сьв. ап. Паўлы

010203040506

 

Разьдзел 4

1 Кажу-ж: пакуль насьледнік — дзіця, ён нічым ня розьніцца ад раба, хаця і гаспадар усяго,

2 але ён пад апякунамі і аканомамі аж да вазначанага айцом часу.

3 Гэтак і мы, калі былі дзяцьмі, былі паняволены матэряльнымі зачаткамі сьвету;

4 калі-ж прыйшла поўня часу, Бог паслаў сына Свайго, які нарадзіўся ад жанчыны і быў пад законам,

5 каб адкупіць тых, што пад законам, каб нам узяць усынаўленьне.

6 А як вы сыны, дык Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, які галосе: Авва, Ойча!

7 Дзеля гэтага ты ўжо ня раб, але сын; а калі сын, дык і насьледнік Божы праз Хрыста.

8 Але тагды, ня ведаючы Бога, вы служылі тым, што не па прыродзе богі;

9 цяпер-жа, пазнаўшы Бога, а балей — пазнаныя Богам, як вы варочаецеся ізноў да бяссільных і бедных матэр’яльных зачаткаў, якім хочаце служыць нанова?

10 Вы пілнуеце дні, месяцы, часы і годы.

11 Баюся за вас, ці не надарма я працаваў у вас.

12 Малю вас, браты, будзьце, як і я; бо і я, як вы. Вы нічым ня скрыўдзілі мяне;

13 ведаеце-ж, што я ў бяссільлі цела прапаведываў вам Эвангельле першы раз,

14 і вы не пагардзілі спакусай маей, што ў целе маім, і не адапхнулі, але прынялі мяне, як Ангела Божага, як Хрыста Ісуса.

15 Якое-ж было шчасьце вашае! Сьведчу-ж вам, што, калі-б было магчыма, вырваўшы вочы вашыя, аддалі-б вы мне.

16 Дык ці-ж я стаўся ворагам вашым, кажучы вам праўду?

17 Рупяцца аб вас нягодна, а хочуць адлучыць вас, каб вы рупіліся аб іх.

18 Добра-ж рупіцца аб добрым заўсёды, а ня толькі, як я прыходжу да вас,

19 дзеткі мае, якімі ізноў мучуся ў радзінах, пакуль ня знойдзе абраз свой у вас Хрыстос!

20 Хацеў бы я цяпер быць у вас і зьмяніць голас мой, бо я ў недаўменьні аб вас.

21 Скажэце мне вы, што жадаеце быць пад законам: ці-ж вы ня слухаеце закону?

22 Бо напісана, што Аўраам меў двох сыноў: аднаго ад рабыні, а другога ад вольнай (Быт. 16, 15; 21, 3).

23 Але, каторы ад рабыні, той народжаны водле цела, а каторы ад вольнай, той водле прырачэньня.

24 Гэта ёсьць інасказ. Бо гэта два запаветы: адзін ад гары Сынайскае, што родзіць на рабства, якое ёсьць Агара;

25 бо Агара ёсьць гара Сынай у Арабіі і адпавядае цяперашняму Ерузаліму, ды з дзяцьмі сваімі ў рабстве;

26 а вышэйшы Ерузалім свабодны, які ёсьць маці ўсім нам.

27 Бо напісана: Узьвесяліся, няплодная, якая не раджаеш; загукай і загаласі ты, якая ня мучылася, родзячы. Бо ў пакіненай шмат балей дзяцей, чымся ў маючай мужа (Ісая 54, 1).

28 Мы-ж, браты, — водле Ізаака, дзеці прырачэньня.

29 Але, як тагды народжаны водле цела перасьледаваў таго, што водле духа, гэтак і цяпер.

30 Што-ж кажа Пісаньне? Выжані рабыню і сына яе, бо сын рабыні ня будзе насьледнікам разам з сынам свабоднай (Быт. 21, 10).

31 Вось-жа, браты, мы дзеці не рабыні, а свабоднай.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст