Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Пасланьне да Галятаў сьв. ап. Паўлы


 

 

Пасланьне да Галятаў сьв. ап. Паўлы

010203040506

 

Разьдзел 3

1 О, бязглуздыя Галяты! Хто вас ачараваў, каб не пакараліся праўдзе, (вас), у якіх перад вачыма наперад быў апісаны Ісус Хрыстос, (як-бы) ў вас раскрыжаваны?

2 Гэтае толькі хачу даведацца ад вас: ці ад дзел закону вы ўзялі Духа? Ці ад слуханьня веры?

3 Ці вы гэткія бязглуздыя, што, пачаўшы духам, цяпер завяршаеце целам?

4 Няўжо-ж гэтулькі пацярпелі вы надарма? Дый каб жа надарма!

5 Бо Той, Хто дае вам Духа, між вамі цуды робіць, — ці ад дзел закону (гэтае робіць), ці ад слуханьня веры?

6 Водле (таго, як) Аўраам паверыў Богу, і залічана яму гэтае ў праведнасьць (Быт. 15,6).

7 Ведайце-ж, што, хто ад веры, гэтыя есьць сыны Аўраамавы.

8 I Пісаньне, прадбачачы, што Бог вераю апраўдывае паганаў, загадзя апавясьціла Аўраама: у табе багаслаўлены будуць усе народы (Быт. 12,3).

9 Гэтак тыя, што ад веры, багаслаўляюцца разам з верным Аўраамам.

10 А тыя, што ад дзел закону, тыя пад праклёнам. Бо напісана: пракляты ўсякі, хто ня трывае ў-ва ўсім, што напісана ў кнізе закону, каб рабіць гэтае (Другазак. 27, 26).

11 А што законам ніхто не апраўдываецца перад Богам, гэта ясна, бо праведны вераю жыць будзе (Аввак. 2, 4).

12 Закон-жа не ад веры; але чалавек, які гэтае выпаўняе, жыць будзе ў гэтым (Ляв. 18, 5).

13 Хрыстос адкупіў нас ад пракляцьця закону, стаўшыся за нас пракляцьцем, (бо напісана: пракляты ўсякі, хто вісіць на дзераве) (Другазак. 21, 23),

14 каб багаслаўленьне Аўраамавае ў Хрысьце Ісусе сталася на паганаў, каб абяцаньне Духа ўзялі мы праз веру.

15 Браты, па чалавечаму кажу: навет чалавекам абвешчанага запавету ніхто не адкідае, або не дадае (да яго).

16 Аўрааму-ж высказаны прырачэньні і насеньню яго. Ня сказана: і насеньням, як аб многіх, але як аб адным: і насеньню твайму, якое ёсьць Хрыстос (Быт. 12, 7).

17 Я-ж кажу тое, што запавету аб Хрысьце, раней сцьверджанага Богам, закон, які настаў цераз чатырыста трыццаць гадоў, не адмяняе на тое, каб прырачэньне было зьнішчана.

18 Бо, калі спадчына — ад закону, дык ужо не з прырачэньня; але Аўрааму Бог падараваў цераз прырачэньне.

19 Дык што-ж закон? Ён дадзены з прычыны праступкаў, да часу, пакуль прыйдзе насеньне, якому дадзена прырачэньне, і выкладзены праз ангелаў рукою пасярэдніка.

20 Але пасярэднік ня ёсьць аднаго, а Бог адзін.

21 Дык ці закон проціў прырачэньняў Божых? Няхай ня станецца! Бо калі-б даны быў закон, што можа ажыўляць, дык запраўды праведнасьць была-б ад закону;

22 але пісаньне замкнула ўсё пад грэхам, каб прырачэньне ад веры Ісуса Хрыста было дадзена веруючым.

23 А да прыходу веры мы замкнёны былі пад вартаю закону да таго часу, як мусіла адкрыцца вера.

24 Дык закон быў для нас настаўнікам, (каб вясьці) да Хрыста, каб нам апраўдацца вераю.

25 Як-жа прышла вера, мы ўжо не пад настаўнікам,

26 бо ўсе вы сыны Божыя праз веру ў Хрыста Ісуса.

27 Бо, колькі вас у Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся.

28 Няма ўжо Юдэя, ані Грэка; няма раба, ані свабоднага; няма мужчьшскага полу, ані жаноцкага: бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе.

29 Калі-ж вы Хрыстовыя, дык вы насеньне Аўраамавае і водле прырачэньня насьледнікі.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст