01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06
Разьдзел 2
1 Пасьля, цераз чатырнаццаць гадоў, хадзіў я ізноў у Ерузалім з Варнаваю, узяўшы з сабою і Ціта.
2 Хадзіў-жа згодна з адкрыцьцем і вылажыу ім, асабліва-ж выдатнейшым, Эвангельле, якое абвяшчаю між паганамі, ці не надарма хаджу я, або хадзіў?
3 Але і Ціт, што быў са мною, як Грэк, ня быў прымушаны абрэзацца.
4 Фальшывым-жа братом, што паўкрадаліся, ды якія прыходзяць украдня падглядзець нашу свабоду, якую мы маем у Хрысьце Ісусе, каб паняволіць нас,
5 мы ні на гадзіну не паддаліся і не пакарыліся, каб праўда Эвангельля захавалася ў вас.
6 А ад тых, што лічаць сябе нечым, (якімі-б яны ні былі некалі, для мяне ўсё роўна: Бог не пазірае на аблічча чалавека), — дык тыя, што думаюць аб сабе, не ўзлажылі на мяне нічога;
7 але наадварот, угледзіўшы, што мне даверана дабравешчаньне неабрэзаньня, як Пётры абрэзаньня, —
8 (бо Той, Хто дапамог Пётры ў Апостальстве абрэзаньня, дапамагаў і мне між паганамі), —
9 і пазнаўшы ласку, даную мне, — Якуб і Кіфа і Іоан, што здаюцца стаўбамі, падалі мне і Варнаве руку лучнасьці, каб нам (ісьці) да паганаў, а ім да абрэзаных,
10 толькі каб мы памяталі аб убогіх, што я і стараўся рабіць, гэтае самае.
11 Калі-ж Пётра прыйшоў у Антыохію, дык я паўстаў супраць яго водле аблічча ягонага, бо ён заслужыў на дакор.
12 Бо перш, чым прыйшлі некаторыя ад Якуба, еў разам з паганамі; а, як прыйшлі, таіўся і ўхіляўся, баючыся абрэзаных.
13 Разам з ім крывадушнічала і рэшта Жыдоў; — ажно й Варнава быў захоплены іх крывадушнасьцяй.
14 Але, калі я ўбачыў, што яны няпроста ходзяць па праўдзе Эвангельскай, дык сказаў Пётры пры ўсіх: калі ты, будучы Жыдом, жывеш па-паганску, а не па-жыдоўску, дык чаму паганаў прымушаеш жыць па-жыдоўску?
15 Мы па прыродзе Жыды, а не з паганаў грэшнікі, —
16 ведаючы, што чалавек апраўдываецца не дзеламі закону, а толькі вераю ў Ісуса Хрыста, і мы ўверавалі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца вераю ў Хрыста, а не дзеламі закону, бо дзеламі закону не апраўдаецца ніводнае цела.
17 Калі-ж, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, мы і самыя аказаліся грэшнікамі, дык ці-ж Хрыстос слуга грэху? Няхай ня станецца!
18 Бо, калі я ізноў будую, што зруйнаваў, дык сам сябе стаўляю за праступніка.
19 Бо праз закон я памер для закону, каб жыць для Бога.
20 Я раскрыжаваны разам з Хрыстом. I ўжо ня я жыву, але жыве ў-ва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, дык жыву вераю ў Сына Божага, што палюбіў мяне і выдаў сябе за мяне.
21 Не адкідаю ласкі Божае. А калі праз закон апраўданьне, дык Хрыстос надарма памер.
|