01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16
Разьдзел 2
1 I я, прыйшоўшы да вас, браты, прыйшоў апавяшчаць вам сьведчаньне Божае ня ўзвышаным словам ці мудрасьцяй,
2 бо я ня думаў бачыць у вас нічога, апрача Ісуса Хрыста дый укрыжаванага.
3 I быў я ў вас у бяссільлі, і ў страху, і ў вялікім дрыжаньні.
4 I слова мае і навука мая не ў пераконваючых словах чалавечае мудрасьці, але ў выяўленьні духа і сілы,
5 каб вера ваша была ня ў мудрасьці чалавечай, але ў сіле Божай;
6 мудрасьць жа мы гаворым сярод дасканалых, але мудрасьць ня гэтага веку і ня ўладаў гэтага веку, што зьнішчаюцца,
7 але прамудрасьць Божую гаворым у тайне, укрытую, якую празначыў Бог прад вякамі на славу нашую,
8 якое ніхто з уладаў гэтага веку не пазнаў; бо, калі-б пазналі, дык не раскрыжавалі-б Госпада славы.
9 Але, як напісана: чаго ня бачыла вока і ня чула вуха, і што ня ўзыходзіла ў сэрца чалавека, тое Бог прыгатаваў любячым Яго (Ісая 64, 4).
10 А нам Бог адкрыў праз Духа Свайго; бо Дух усё пранікае дый глыбіні Божыя.
11 Бо хто з людзей ведае, што ў чалавеку, апрача духа чалавечага, які ў ім? Гэтак і Божага ніхто ня ведае, апрача Духа Божага.
12 Мы-ж узялі ня духа сьвету гэтага, а Духа, што ад Бога, каб ведаць, штодарована нам ад Бога.
13 Дый гэтае гаворым не вучонымі словамі мудрасьці чалавечае, але навучанымі ад Духа Сьвятога, разьмяркоўваючы духоўнае духоўным.
14 Душэўны-ж чалавек ня прыймае, што ад Духа Божага, бо гэта дурнота яму, і ня можа зразумець, бо аб гэтым трэба разважаць духоўна.
15 Духоўны-ж разьбірае ўсё, а яго разабраць ніхто ня можа.
16 Бо хто пазнаў розум Гасподні, што ўявіў-бы яго? А мы маем розум Хрыстовы.
|