Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Дзеяньні сьв. апосталаў


 

 

Дзеяньні сьв. апосталаў

0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

 

Разьдзел 7

1 I сказаў ахрірэй: Ці-ж гэта так?

2 Той-жа адказаў: Паслухайце, мужы браты і айцы! Бог славы зьявіўся айцу нашаму Аўрааму, калі той быў у Мэзапатаміі, перш, чым быў асеўшы ў Харране,

3 ды прамовіў да яго: Выйдзі з зямлі тваёй і з сям’і тваёй, ды йдзі ў зямлю, якую табе пакажу.

4 Тады, выйшаўшы з зямлі Хальдэйскае, асеў ён у Харране. I стуль, пасьля сьмерці бацькі ягонага, перасяліў яго ў тую зямлю, у якой вы цяпер жывецё.

5 I ня даў яму ў ёй спадчыны ні на стапу нагі; і абяцаў яму даць яе ў валаданьне яму й патомству ягонаму пасьля яго, а ня было ў яго тады дзіцяці.

6 I прамаўляў да яго Бог гэтак: Што патомкі ягоныя будуць прыхаджанамі ў чужой зямлі, і паняволяць іх ды будуць мучыць іх чатырыста гадоў.

7 Але я, сказаў Бог, учыню суд над народам, якому будуць яны рабамі; і пасьля тога яны выйдуць і будуць служыць Мне ў гэтым месцы.

8 I даў яму запаведзь абразаньня. I гэтак ён спарадзіў Ізаака ды абрэзаў яго на восмы дзень; а Ізаак Якава, а Якаў дванаццаць патрыархаў.

9 I патрыархі праз завісьць прадалі Язэпа ў Эгіпет; і Бог быў з ім

10 і ратаваў яго з усіх бед ягоных, і даў яму ласку й мудрасьць перад Фараонам, царом Эгіпецкім; і той паставіў яго за начальніка над Эгіптам дый над усім домам сваім.

11 I прыйшоў голад на ўсю зямлю Эгіпецкую ды Ханаанскую і гора вялікае, і бацькі нашыя не знаходзілі жыўнасьці.

12 Якаў жа, пачуўшы, што ёсьць збожжа ў Эгіпце, паслаў першы раз нашых айцоў,

13 а другім разам Язэп быў пазнаны братамі ягонымі, і Фараону выявіўся род Язапавы.

14 I Язэп, паслаўшы, паклікаў бацьку свайго, Якава, ды ўсю сям’ю ягоную, душ семдзесят пяць.

15 I Якаў перабраўся ў Эгіпет ды памер тутака сам і нашы айцы;

16 і перанесьлі іх у Сіхем ды паклалі ў магілы, што закупіў Аўраам за цану серабра ў сыноў Ямора Сіхемавага.

17 А як набліжаўся час абяцаньню, якім кляўся Бог Аўрааму, нарастаў народ ды памнажаўся ў Эгіпце

18 да часу, калі настаў новы цар, што ня ведаў Язэпа.

19 Той, хітруючы проці народу нашага, уціскаў айцоў нашых, прымушаючы выкідаць дзіцянятак, каб не выжывалі.

20 У тым часе ўрадзіўся Майсей ды быў угодны Богу; яго гадавалі тры месяцы ў доме бацькі ягонага.

21 Калі-ж выкінулі, дык узяла яго дачка Фараонава дый узгадавала яго за сына сабе.

22 I навучыўся Майсей усяе мудрасьці Эгіпецкае і быў дуж у словах і дзялох.

23 Калі-ж мінула яму сорак гадоў веку, прыйшло яму на сэрца даведацца братоў сваіх, сыноў Ізраілявых.

24 I, убачыўшы, як аднаго крыўдзілі, заступіўся за яго дый памсьціўся за пакрыўджанага, забіўшы Эгіпцяніна.

25 Ён думаў, што браты ягоныя зразумеюць, што Бог ягонай рукой даець ім выбаўленьне; ды тыя не зразумелі.

26 На другі-ж дзень ён зьявіўся ім, як яны біліся, ды вёў іх да згоды, мовячы: О, мужы, вы-ж — браты! Чаму-ж крыўдзіце адны адных?

27 Але той, што быў крыўдзіў бліжняга, адапхнуў яго, кажучы: Хто паставіў цябе за начальніка й судзьдзю над намі?

28 Ці й мяне хочаш забіць, як забіў учора Эгіпцяніна?

29 I ўцёк Майсей на слове гэтым ды быў прыхаджанінам у зямлі Мадыямскай, дзе спарадзіў двух сыноў.

30 Калі-ж мінула сорак гадоў, паказаўся яму ў пустыні пад гарою Сынаем Ангел Гасподні ў вагнявым полымі ў кусьце.

31 Майсей жа, убачыўшы, дзівіўся з бачанага; калі-ж падыходзіў разглядзеці, пачуўся да яго голас Госпада:

32 Я Бог айцоў тваіх, Бог Аўраама й Бог Ізаака й Бог Якава. I, задрыжэўшы, Майсей не адважыўся ўглядацца.

33 Госпад жа сказаў яму: Разуй вобуй з ног тваіх, бо месца, дзе ты стаіш, сьвятая зямля.

34 Я глядзеў і ўбачыў уціск народу Майго, што ў Эгіпце, ды пачуў стагнаньне ягонае. I зыйшоў вызваліць яго. Дык ідзі цяпер, я пашлю цябе ў Эгіпет.

35 Таго Майсея, якога яны выракліся, мовячы: Хто паставіў цябе за начальніка й судзьдзю? — яго Бог за начальніка й збавіцеля паслаў рукой Ангела, што паказаўся яму ў кусьце.

36 Ён вывеў іх, зрабіўшы цуды й знаменьні ў зямлі Эгіпецкай і ў Чырвоным моры і ў пустыні ў працягу сараку гадоў.

37 Гэта той Майсей, што сказаў сыном Ізраілявым: Паставіць вам Госпад Бог ваш Прарока із братоў вашых, як мяне; яго слухайце.

38 Той гэта, што быў у пустыні на зборцы з Ангелам, які з ім гутарыў на гары Сінаі, ды з айцамі нашымі; ён жа прыняў жывыя словы, каб даць нам.

39 Якога не хацелі слухацца айцы нашыя, але адапхнулі яго ды зьвярнулі сэрцы свае да Эгіпту,

40 кажучы Аарону: Зрабі нам багоў, якія-б ішлі наперадзе нас, бо з Майсеем, тым, што вывеў нас з зямлі Эгіпецкай, ня ведаем, што сталася з ім.

41 I зрабілі ў тыя дні цяля, і прынесьлі ахвяру ідалу, і цешыліся з дзела рук сваіх.

42 I адвярнуўся Бог і аддаў іх, каб служылі войску нябеснаму, як напісана ў кнізе Прарокаў: Доме Ізраілявы, ці прыносілі вы Мне бітае й ахвяры ў працягу сараку гадоў у пустыні?

43 I паднялі вы палатку Малохаву ды зорку бога Вашага Рэмфана, абразы, што парабілі, каб ім пакланяцца. Дык перасялю вас ажно за Вавілон.

44 Палатка сьведчаньня была ў айцоў нашых у пустыні, як загадаў той, што прамаўляў да Майсея, зрабіць яе на ўзор бачанае.

45 Яе, узяўшы, і занесьлі айцы нашыя з Ісусам у землі паганаў, якіх Бог выгнаў ад аблічча айцоў нашых, да дзён Давіда,

46 які знайшоў ласку ў вачох Бога ды маліў, каб знайсьці жыльлё Богу Якава.

47 Салямон жа пабудаваў яму дом.

48 Але Найвышэйшы ня ў твораных рукамі дамох жывець, як кажа Прарок.

49 Госпад гавора: Неба — пасад Мой, зямля-ж — падножжа ног Маіх. Які-ж дом пабудуеце Мне? Ці якое месца дзеля супачынку Майго?

50 Ці-ж не Мая рука стварыла ўсё гэтае? (Ісайя, 66, 1 -2 ) .

51 Людзі з цьвёрдым каркам, ды з неабрэзаным сэрцам і вушыма! Вы заўсёды працівіцеся Духу Сьвятому, як айцы вашыя, так і вы.

52 Каго із Прарокаў ня гналі айцы вашыя? I пазабівалі прадвесьнікаў прыходу Справядлівага, здраднікамі й забойцамі Якога вы цяпер сталіся.

53 Вы прынялі закон па загаду Ангелаў, ды не захавалі яго.

54 Слухаючы-ж гэта, яны лопаліся ў сэрцах сваіх і скрыгаталі зубамі на яго.

55 Ён-жа, поўны Духа Сьвятога, паўзіраўшыся на неба, угледзіў славу Божую ды Ісуса, стоючы праваруч Бога,

56 і сказаў: Вось, бачу нябёсы расчыненыя і Сына Чалавечага, стоючы праваруч Бога.

57 Яны-ж, загаласіўшы моцным голасам, пазатыкалі вушы свае ды аднадушна кінуліся на яго

58 і, вывеўшы за места, закаменавалі яго. А сьведкі паклалі вопраткі свае ля ног дзяцюка на ймя Саўла

59 ды білі камнямі Сьцяпана, які маліўся мовячы: Госпадзе Ісусе, прымі дух мой!

60 I, укленчыўшы, загаласіў моцным голасам: Госпадзе, не паліч ім грэху гэтага! I, сказаўшы гэта, памер. Саўл жа пахваляў забойства яго.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст