01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Разьдзел 4
1 Калі-ж яны гаварылі да народу, падыйшлі да іх сьвяшчэньнікі, і начальнік варты царкоўнае, і Саддукеі,
2 узлаваныя тым, што яны навучаюць народ ды прапаведуюць у Ісусе ўваскрасеньне із мёртвых;
3 і палажылі на іх рукі, і аддалі іх пілнаваць да раніцы, бо быў ужо вечар.
4 Многа-ж із тых, што слухалі прамову, уверавалі; і было гэткіх. людзей лікам каля пяцёх тысячаў.
5 I сталася, нараніцы сабраліся ў Ерузалім павадыры іхнія ды старшыя й кніжнікі,
6 і Анна архірэй, і Кайяфа, і Іоан, і Аляксандр, і колькі іх было з роду архірэйскага;
7 дый, паставіўшы гэных пасярод сябе, пыталіся: Якою сілай, ці якім імем учынілі вы тое?
8 Тады Пётр, напоўніўшыся Духам Сьвятым, прамовіў да іх: Павадыры народу і старэйшыя Ізраілю!
9 Калі ў нас сягоньня дапытываюцца аб добрым учынку нядужаму чалавеку, чым ён аздароўлены,
10 дык няхай ведама будзе ўсім вам ды ўсяму народу Ізраільскаму, што ў імя Ісуса Хрыста Назарэя, якога вы ўкрыжавалі, ды якога Бог ускрасіў із мёртвых, — праз Яго гэты стаіць перад вамі здаровы.
11 Ён — камень, зьняважаны вамі пры будове, што стаўся галавою вугла,
12 і ні ў кім іншым нямашака збаўленьня, бо й няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, якім бы нам спасьціся.
13 Бачучы-ж адвагу Пятра й Іоана ды ўцяміўшы, што яны людзі няўчоныя і простыя, зьдзівіліся; і пазналі іх, што былі з Ісусам.
14 Бачучы-ж стаяўшага з імі аздароўленага чалавека, не маглі нічога сказаць насупраць.
15 Дык, загадаўшы ім выйсьці з сынэдрыону, радзіліся паміж сабою,
16 кажучы: Што нам зрабіць з гэтымі людзьмі? Бо вялікі знак стаўся праз іх яўна для ўсіх, хто жыве ў Ерузаліме, і ня можам запярэчыць гэтаму.
17 Але, каб гэта больш не разыходзілася ў народзе, цьвёрда забаронім ім, каб далей не гаварылі ў імя гэтае нікому з людзей.
18 I, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім не гаварыць і не навучаць у імя Ісусавае.
19 Пётр жа й Іоан, адказываючы ім, сказалі: Судзіце, ці справядліва перад Богам слухацца вас балей, чым Бога?
20 Мы-ж ня можам не гаварыць аб тым, што бачылі й чулі.
21 Дык яны, пагразіўшы ім, звольнілі іх, не знайшоўшы нічога, каб пакараць іх, дзеля народу; бо ўсе славілі Бога за тое, што сталася.
22 Бо больш за сорак гадоў было таму чалавеку, з якім стаўся цуд аздараўленьня.
23 Калі-ж іх звольнілі, яны пайшлі да сваіх і абвясьцілі тое, што да іх гаварылі архірэі й старшыя.
24 Тыя-ж, пачуўшы, аднадушна паднялі голас к Богу і сказалі: Валадару! Ты Бог, што ўчыніў неба й зямлю й мора дый усё, што ў іх,
25 што вуснамі Давіда, слугі Твайго, сказаў: Чаго збунтаваліся пагане, ды людзі марныя рэчы надумалі?
26 Паўсталі цары зямныя, ды князі сабраліся разам насупраць Госпада й насупраць Хрыста Ягонага.
27 Бо-ж запраўды сабраліся супраць Сына Твайго Сьвятога, Ісуса, якога Ты памазаў, і Ірад, і Пілат Понцкі з паганамі й народам Ізраільскім,
28 каб учыніць тое, чаму стацца наперад назначыла рука Твая й рада Твая.
29 I цяпер, Госпадзе, зірні на пагрозы іхнія і дай рабом Тваім з усей адвагай гаварыць слова Тваё
30 ды працягні руку Тваю на аздараўленьне, каб рабіліся знакі й цуды праз імя Сьвятога Сына Твайго Ісуса.
31 I, як памаліліся, захісталася месца тое, дзе яны былі сабраўшыся, і ўсе напоўніліся Духам Сьвятым ды адважна гаварылі слова Божае.
32 У грамады ж веруючых было адно сэрца й адна душа, і ніхто нічога з маемасьці сваей не называў сваім, але ўсё ў іх было супольнае.
33 I з вялікай сілай давалі Апосталы сьвядоцтва ўваскрасеньня Госпада Ісуса, і ласка вялікая была на ўсіх іх.
34 I ня было сярод іх нікога, хто цярпеў бы недастатак, бо хто меў зямлю ці дамы, тыя, прадаўшы, прыносілі грошы за праданае
35 і клалі к нагам Апосталаў; і кожнаму давалася тое, што яму было патрэбна.
36 Гэтак Іосія, названы Апосталамі Варнавай (што ў перакладзе знача: сын пацяшэньня), лявіт, родам Кіпрыец,
37 меўшы поле, прадаў яго і прынёс грошы ды паклаў к нагам Апосталаў.
|