01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Разьдзел 3
1 Пётр ды Іоан ішлі разам у храм у дзявятай гадзіне малітвы.
2 I несьлі нейкага чалавека, храмога ад матчынага чэрава; яго кожын дзень садзілі перад дзьвярыма храму, называнымі Краснымі, прасіць міласьціну ў прыходзіўшых у храм.
3 Ён, угледзіўшы Пятра й Іоана, што меліся ўвайсьці ў сьвятыню, прасіў у іх міласьціны.
4 Пётр жа, паўзіраўшыся на яго з Іоанам, сказаў: Паглядзі на нас.
5 Ён жа пільна ўзіраўся на іх, спадзяючыся нешта дастаць.
6 I сказаў Пётр: Серабра ды золата няма ў мяне, дык дам табе тое, што маю. У імя Ісуса Хрыста Назарэя ўстань і хадзі!
7 I, узяўшы яго за правую руку, падняў яго, і ўраз жа акрэплі ногі й ступні ягоныя,
8 і, падскочыўшы, стануў і хадзіў ды разам з імі ўвайшоў у храм, пахаджаючы, падскокваючы ды слаўлючы Бога.
9 I ўвесь народ бачыў яго ходзячы й слаўлючы Бога.
10 I пазналі яго, што гэта быў той, што дзеля міласьціны сядзеў ля Красных дзьвераў царквы; і напоўніліся страхам і зьдзіўленьнем ад стаўшагася з ім.
11 А як аздароўлены кульгач не адставаў ад Пятра й Іоана, дык увесь народ у задзіўленьні прыбег да іх у сені, што называюцца Салямонавымі.
12 Бачучы гэта, Пётр прамовіў да народу: Мужы Ізраільскія! што дзівуецеся з гэтага, ці што так пільна ўглядаецеся на нас, як быццам уласнай сілай або пабожнасьцяй зрабілі мы, каб ён хадзіў?
13 Гэта Бог Аўраамаў і Ізаакаў і Якубаў, Бог бацькоў нашых, уславіў сына Свайго Ісуса, якога вы выдалі й адракліся ад Яго перад абліччам Пілата, калі той судзіў звольніць Яго.
14 Вы-ж ад Сьвятога й Справядлівага адракліся ды прасілі памілаваць вам чалавека душагуба,
15 а Павадыра жыцьця забілі. Бог падняў Яго із мёртвых, і мы сьведкі гэтага.
16 I дзеля веры ў імя Ягонае дало імя Яго сілу таму, каго бачыце й ведаеце; і вера, што ад Яго, дала яму гэтае аздараўленьне перад вамі ўсімі.
17 Але цяпер, браты, я ведаю, што праз няведаньне ўчынілі вы гэта, так, як і павадыры вашыя.
18 Бог жа, што прадказаў вуснамі ўсіх Сваіх Прарокаў, каб цярпець мукі Хрысту, тое і споўніў.
19 Дык пакайцеся й навярнецеся, каб былі зьняты з вас грахі вашыя,
20 каб прыйшлі часы асьвяжэньня ад аблічча Госпада, ды Ён прыслаў-бы вам Ісуса Хрыста, якога абвясьціў наперад,
21 ды якога мусіла неба прыняць да часу зьдзейсьненьня ўсяго, аб чым гаварыў Бог праз вусны ўсіх Сваіх сьвятых Прарокаў ад вякоў.
22 Бо-ж Майсей сказаў бацьком: Прарока паставіць вам Госпад Бог із братоў вашых, як мяне. Яго слухайцеся ў-ва ўсім, што казаціме да вас.
23 I будзе, што кожная душа, якая не паслухаецца Прарока гэнага, будзе вынішчана з народу (Другазак. 18, 15— 18).
24 Дый усе Прарокі ад Самуіла ды пасьля іх, якія толькі прамаўлялі, прадвяшчалі гэтыя дні.
25 Вы сыны Прарокаў і тае запаведзі, што даў Бог бацьком нашым, кажучы да Аўраама: I ў насеньні тваім багаслаўлёны будуць усе народы зямлі.
26 Вам найперш Бог, паставіўшы Сына Свайго Ісуса, паслаў Яго багаславіць вас, каб адвярнуўся кожын ад благіх учынкаў сваіх.
|