01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Разьдзел 27
1 Як жа прысудзілі нам плыці ў Італію, дык Паўлу й некаторых іншых вязьняў аддалі сотніку, на ймя Юлію, з роты Аўгуста.
2 Узыйшоўшы на Адраміцкі карабель, манючыся плысьці ля месцаў Азійскіх, вырушылі мы, маючы з сабой Арыстарха, Македонца із Фессалонікі.
3 На другі дзень прысталі к Сідону; Юлі-ж, які абходзіўся з Паўлам палюдзку, дазволіў яму пайсьці да прыяцеляў і скарыстацца руплівасьцяй іх.
4 I, вырушыўшы стуль, прыплылі мы к Кіпру, бо вятры былі праціўныя.
5 Пераплыўшы-ж мора насупраць Кілікіі й Памфіліі, прыйшлі мы ў Міры Лікійскія,
6 і тутака сотнік знайшоў Александрыйскі карабель, які плыў у Італію, ды пасадзіў нас на яго.
7 Плывучы-ж памалу шмат дзён ды ледзь апынуўшыся насупраць Кніду, бо вецер быў проці нас, даплылі мы да Крыту, проці Сальмону,
8 і, ледзьве прабраўшыся ля яго, прыйшлі да нейкае мясцовасьці, называнае Харошыя Затокі, адкуль недалека места Лязія.
9 Калі-ж мінула даволі часу, і плаваньне было ўжо няпэўнае, бо ўжо і пост мінуў, радзіў ім Паўла,
10 кажучы: Мужы! Я бачу, што плаваньне мае быць нешчасьлівае ды з чысьленымі ўтратамі ня толькі для тавару й карабля, але й для душ нашых.
11 Але сотнік больш верыў корніку й гаспадару карабля, чым таму, што гаварыў Паўла.
12 А як затока ня была выгодная дзеля зімаваньня, дык большасьць і радзіла адплысьці адтуль: мо’ можна было-б перазімаваць, дабраўшыся да Фініку, Крыцкае затокі, што ляжыць насупраць паўднёва-заходняга й паўночназаходняга ветру.
13 I, калі павеяў паўдзённы вецер, яны, падумаўшы, што дасяглі жаданага, рушылі й паплылі поўз Крыту.
14 Але неўзабаве наляцеў на іх бурны вецер, называны Эўроклідон.
15 Калі падхапіла карабель, і ён ня мог працівіцца ветру, дык мы здаліся, і нас панясло.
16 Наляцеўшы-ж на нейкі астравок, называны Кляўдай, мы ледзьве здолелі ўдзяржаць човен;
17 падняўшы-ж яго, пачалі ратавацца, абвязываючы карабель; а баючыся, каб ня сесьці на мялізну, спусьцілі парус ды гэтак насіліся.
18 Як жа бура крэпка кідала нас, назаўтрае выкінулі тавары,
19 а на трэці дзень мы сваімі рукамі павыкідалі карабельны струмант.
20 Калі-ж шмат дзён не паказывалася ані сонца, ані зоркі, а бура крэпка налягала, дык урэшце прапала ўсенька надзея, каб нам спасьціся.
21 А як мы доўга былі няеўшы, дык Паўла, стануўшы сярод іх, сказаў: Мужы, трэба было паслухацца мяне і ня плысьці ад Крыту ды ўсьцерагчыся гэтага няшчасьця й утраты.
22 Цяпер-жа раджу вам: бадрыцеся; не загіне ніводная душа із вас, апрача карабля.
23 Бо стануў прада мною ў гэту ноч Ангел Бога, Якому прыналежу й служу,
24 ды сказаў: Ня бойся, Паўла! Ты мусіш стануць перад кесарам, і вось Бог дараваў табе ўсіх, што плывуць з Табою.
25 Дык будзьце добрае мысьлі, мужы; бо веру Богу, што станецца так, як мне было сказана:
26 мы мусім быць выкінены на нейкі востраў.
27 Як жа настала чатырнаццатая ноч, што мы насіліся па Адрыятыцкім моры, каля поўначы пазналі матросы, што падыходзім да нейкае зямлі.
28 I, памераўшы, знайшлі дваццаць сажнёў. Крыху-ж адплыўшы ды йзноў памераўшы, знайшлі пятнаццаць сажнёў.
29 Баючыся, каб не папасьці на скалістае месца, скінулі з карна чатыры якары й чакалі дня.
30 Калі-ж матросы памкнуліся ўцячы з карабля ды спускалі ў мора човен, паказуючы, быццам маняцца скінуць якары з носу,
31 Паўла сказаў сотніку й жаўнерам: Калі яны не астануцца на караблі, дык вы ня можаце спасьціся.
32 Тады жаўнеры паабсякалі вяроўкі ад чаўна й далі яму ўпасьці.
33 Перад сьвітаньнем Паўла намаўляў усіх прыняць ежу, кажучы: Сягоньня чатырнаццаты дзень, як вы, ждучы, астаецёся ня еўшы, нічога ня прыймаючы.
34 Дык заклікаю вас прыняць ежу: бо гэта будзе дзеля вашага спасеньня. Бо нікому з вас волас з галавы не спадзе.
35 Сказаўшы гэта і ўзяўшы хлеб, ён пахваліў Бога перад усімі дый пачаў, разламаўшы, есьці.
36 I ўсе набраліся духу дый самі прынялі ежу.
37 Было-ж усіх нас на караблі дзьвесьце семдзесят шэсьць душ.
38 Насыціўшыся-ж ежай, аблягчылі карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора.
39 Як жа настаў дзень, яны не пазнавалі зямлі; дагледзілі-ж нейкую затоку, меўшую ўзьбярэжжа, да якога й урадзілі, калі здолеюць, прыстаць з караблём.
40 I, падняўшы якары, пайшлі морам; і, адвязаўшы стырно ды наставіўшы малы парус па ветру, кіраваліся да ўзьбярэжжа.
41 Папаўшы-ж на касу, пасадзілі карабель на мялізну: і нос, завязшы, аставаўся нярухомы, а карно разьбівалася сілаю хваляў.
42 У жаўнераў жа была нарада, каб вязьняў пазабіваць, каб хто, выплыўшы, ня ўцек.
43 Але сотнік, хочучы ўратаваць Паўлу, супрацівіўся іхняй пастанове ды загадаў умеючым плаваць кінуцца й першымі выйсьці на зямлю,
44 рэшце-ж каму на дошках, каму на чым з карабля. I гэтак сталася, што ўсе выратаваліся на зямлю.
|