01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Разьдзел 22
1 Мужы браты й бацькі! Выслухайце цяпер маё перад вамі апраўданьне.
2 Пачуўшы, што гавора да іх у Жыдоўскай мове, яшчэ балей усьцішыліся. Ён жа казаў:
3 Я-ж сам Жыд, урадзіўся ў Тарсе Кілікійскім, узгадаваны ў месьце гэтым ля ног Гамаліэля, рупліва навучаны закону айцоўскага, шчыры слуга Бога, як вы ўсе сягоньня.
4 Шлях гэты я перасьледаваў ажно да сьмерці, вяжучы й аддаючы ў вязьніцу мужчын і жанчын;
5 і пасьведчыць аба мне архірэй ды ўсе старшыя: бо ад іх узяў я пісьмы да братоў і пайшоў у Дамаск, каб і быўшых там прывясьці зьвязаных у Ерузалім дзеля пакараньня.
6 I сталася мне, як ішоў і падыходзіў к Дамаску, каля паўдня зьнячэўку агарнула мяне вялікае сьвятло з неба.
7 I паваліўся я на зямлю і пачуў голас, які гаварыў да мяне: Саўл, Саўл, чаму перасьледуеш Мяне?
8 Я адказаў: Хто ты, Госпадзе? Ён жа сказаў да мяне: Я Ісус Назарэй, Якога ты перасьледуеш.
9 Тыя-ж, што былі са мною, угледзіўшы сьвятло, перапалохаліся; але голасу, што гаварыў да мяне, ня чулі.
10 I я сказаў: Што мне рабіць, Госпадзе? Госпад жа сказаў да мяне: Устань і йдзі ў Дамаск, і там будзе табе сказана ўсё, што назначана табе зрабіць.
11 А як ад зьяньня сьвятла гэтага я ня відзеў, дык прыйшоў у Дамаск, ведзены за руку быўшымі са мною.
12 Нейкі-ж Ананія, чалавек пабожны паводле закону, за якога сьведчылі ўсе тамтэйшыя Жыды,
13 прыйшоўшы да мяне і стануўшы, сказаў мне: Браце Саўле! Будзь ізноў відзючым! I я ў тую-ж гадзіну пабачыў яго.
14 Ён жа сказаў: Бог айцоў нашых выбраў цябе, каб пазнаў ты волю Ягоную і ўбачыў Справядлівага ды пачуў голас з вуснаў Ягоных,
15 бо будзеш ты сьведкай Яму перад усімі людзьмі аб тым, што бачыў ды чуў.
16 Дык чаго-ж вагаешся цяпер? Устань, ахрысьціся й змый грахі твае, прызваўшы імя Гасподняе.
17 I здарылася мне, як вярнуўся ў Ерузалім ды маліўся ў храме, апынуўся я ў захапленьні
18 і бачыў Яго, мовячы да мяне: Сьпяшайся ды йдзі хутчэй із Ерузаліму, бо ня прымуць сьведчаньня твайго аба Мне.
19 Я-ж сказаў: Госпадзе, яны ведаюць, што гэта я кідаў у вастрог ды біў па сынагогах веруючых у Цябе,
20 а як пралілася кроў Сьцяпана, сьведкі Твайго, дык я і стаяў тамака, і пахваляў забойства яго, ды сьцярог вопраткі тых, што яго забівалі.
21 I сказаў да мяне: Ідзі, бо далёка пашлю цябе да паганаў.
22 Да гэтага слова яго слухалі ды паднялі голас свой, кажучы: Зьнішчы із зямлі такога! Бо ня жыць яму!
23 А як яны крычэлі й кідалі вопраткі ды пыл падкідалі ў паветра,
24 тысячнік загадаў вясьці яго ў замак, сказаўшы бічаваць яго, каб даведацца, дзеля якое прычыны гэтак крычэлі проці яго.
25 Калі-ж расьцягнулі яго рэмнямі, сказаў Паўла да стаяўшага сотніка: Ці-ж можна вам бічаваць Рымскага грамадзяніна, да таго-ж бяз суду?
26 Сотнік, пачуўшы, пайшоў ды паведаміў тысячніка, кажучы: Глядзі, што ты хочаш зрабіць? Бо-ж гэты чалавек — Рымскі грамадзянін.
27 I прыйшоў тысячнік ды кажа яму: Скажы мне, ці ты Рымскі? Ён жа сказаў: Але.
28 Тысячнік адказаў: Я набыў гэтае грамадзянства за вялікія грошы. Паўла-ж сказаў: А я й урадзіўся.
29 Дык ураз адступіліся ад яго тыя, што меліся выпытываць у яго. А тысячнік, даведаўшыся, што ён Рымскі грамадзянін, спалохаўся, што зьвязаў яго.
30 Назаўтрае-ж, хочучы даведацца напэўна, за што абвінавачываюць яго Жыды, зьняў з яго кайданы й загадаў прыйсьці архірэям ды ўсяму сынэдрыону іх і, вывеўшы Паўлу, паставіў яго перад імі.
|