01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Разьдзел 19
1 I сталася, як Апальлёс быў у Карыньце, што Паўла, прайшоўшы вышэйшыя краіны, зайшоў у Эфэс. Знайшоўшы-ж некаторых вучняў,
2 сказаў да іх: Ці, увераваўшы, прынялі вы Духа Сьвятога? Яны-ж сказалі яму: Але-ж мы й ня чулі, што існуе Сьвяты Дух.
3 I сказаў да іх: Дык у штож вы хрысьціліся? Яны-ж сказалі: У хрышчэньне Іоанавае.
4 Паўла-ж сказаў: Іоан хрысьціў хрышчэньнем пакаяньня, кажучы народу, каб уверавалі ў Таго, што йдзе за ім, знача ў Ісуса Хрыста.
5 Пачуўшы-ж, яны ахрысьціліся ў імя Госпада Ісуса.
6 I, як узлажыў Паўла рукі на іх, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, і пачалі гаварыць языкамі ды прарочыць.
7 Было-ж усіх каля дванаццацёх мужоў.
8 Увайшоўшы-ж у сынагогу, адважна прамаўляў, вядучы ў працягу трох месяцаў гутаркі й даводзячы аб царстве Божым.
9 А як некаторыя закамянелі й ня верылі, зьневажаючы шлях (Гасподні) перад народам, дык, пакінуўшы іх, аддзяліў вучняў і кожын дзень гутарыў у школе нейкага Тырана.
10 Дзеялася-ж гэта два гады, і гэтак чулі слова Госпада Ісуса ўсе жыхары Азіі, Жыды і Грэкі.
11 І Бог немалыя цуды рабіў рукамі Паўлы,
12 так, што хусткі й паясы ад цела ягонага на хворых ускладалі, і пакідалі іх хваробы, і духі нячыстыя выходзілі із іх.
13 Дый некаторыя з вандроўных шаптуноў Жыдоўскіх пачалі над апанаванымі злым духам называць імя Госпада Ісуса, мовячы: Заклінаем вас Ісусам, Якога абвяшчае Паўла.
14 Былі-ж нейкія сямёра сыноў Скевы, архірэя Жыдоўскага, якія рабілі гэта.
15 I злы дух, адказваючы, сказаў: Ведаю Ісуса, дый Паўлу ведаю; а вы хто будзеце?
16 I чалавек, што ў ім быў злы дух, накінуўшыся на іх і перамогшы іх, меў гэткую сілу над імі, што яны голыя й параненыя ўцяклі з гэнага дому.
17 Гэта сталася ведама Жыдом і Грэкам, што жылі ў Эфэсе, і страх напаў на іх на ўсіх, і ўзьвялічвалася імя Госпада Ісуса.
18 Багата-ж із тых, што ўверавалі, прыходзілі вызнаваючы й апавядаючы ўчынкі свае;
19 і даволі з тых, што чынілі чары, папрыносіўшы кнігі свае папалілі іх перад усімі; і, палічыўшы цану іх, знайшлі пяцьдзесят тысячаў серабра.
20 3 гэткай сілай расло й крапчэла слова Гасподняе.
21 Калі-ж гэта споўнілася, Паўла пастанавіў у духу йсьці ў Ерузалім, прайшоўшы праз Македонію і Ахею, ды сказаў: Пабываўшы там, трэ’ мне й Рым пабачыць.
22 Паслаўшы-ж у Македонію двух прыслужнікаў сваіх, Цімахвея й Эраста, сам астаўся часова ў Азіі.
23 Пад гэны-ж час узьнялася трывога немалая аб шлях (Гасподні):
24 бо нехта, на ймя Зьмітра, што рабіў сярэбраныя храмы Артэміды й даваў рамесьнікам немалы заработак,
25 сабраўшы іх ды іншых працаўнікоў гэтага дзела, сказаў: Мужы, вы ведаеце, што з гэтае работы — наш дабрабыт;
26 бачыце-ж і чуеце, што ня толькі ў Эфэсе, але й блізу па ўсей Азіі гэны Паўла, пераканаўшы, багата народу адвярнуў, кажучы, што няма багоў рукатворных.
27 А гэта ня толькі пагражае ўпадкам нашаму рамяслу, але й тым, што храм вялікае багіні Артэміды за нішто лічыцца будзе, ды зьніштожыцца веліч тае, якую паважае ўся Азія і ўвесь сьвет.
28 Пачуўшы-ж і напоўніўшыся страхам, яны закрычэлі, мовячы: Вяліка Артэміда Эфэская!
29 I ўсё места напоўнілася ўзварушэньнем; і, захапіўшы з сабой Гайя й Арыстарха, Македонцаў, што вандравалі з Паўлам, кінуліся аднадушна ў тэатр.
30 Калі-ж Паўла хацеў выйсьці да народу, вучні не пазволілі яму.
31 Дый некаторыя із начальнікаў Азійскіх, што былі прыяцелямі яго, паслалі да яго прасіць, каб ня йшоў у тэатр.
32 Адны-ж крычэлі адно, другія другое: бо сход быў бязладны, і большасьць ня ведала, дзеля чаго сабраліся.
33 3 таўпы-ж выпхнулі наперад Аляксандра, якога выпіхалі Жыды. Аляксандр жа, зрабіўшы знак рукою, хацеў апраўдацца перад народам.
34 Калі-ж даведаліся, што ён Жыд, дык узьняўся крык у адзін голас, і крычэлі каля дзьвюх гадзін: Вяліка Артэміда Эфэская!
35 Усьцішыўшы-ж народ, пісар кажа: Мужы Эфэскія! Хтож ня ведае, што места Эфэс ёсьць вартаўнік храму вялікае багіні Артэміды й Дыапэта?
36 А як проці гэтага нічога сказаць нельга, дык трэ’ вам супакоіцца й нічога неразважна не рабіць.
37 Вы-ж прывялі гэтых людзей, якія ані храму не абакралі, ані багіні вашае не зьневажалі.
38 Калі-ж Зьмітра й рамесьнікі, што з ім, маюць скаргу на каго, дык судзяць судзьдзі, і старасты ёсьць: няхай адны адных пазываюць.
39 Калі-ж даходзіце нечага іншага, дык будзе разьвязана на законным сходзе.
40 Мы-ж баімося, каб не абвінавацілі нас за сягоньняшнюю разруху, бо-ж няма ніякае прычыны, каб апраўдаць гэту зборку.
41 I, сказаўшы гэта, распусьціў сабраньне.
|