Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Дзеяньні сьв. апосталаў


 

 

Дзеяньні сьв. апосталаў

0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

 

Разьдзел 16

1 I прыйшоў ён у Дэрбу й Лістру. I вось быў тамака адзін вучань, на ймя Цімахвей, сын аднае жанчыны Жыдоўскае, веручае, і бацькі Грэка.

2 Аб ім сьведчылі браты ў Лістры й Іконіі.

3 Паўла зажадаў, каб ён з ім пайшоў; і, узяўшы яго, абрэзаў дзеля Жыдоў, што былі ў тых ваколіцах: бо ўсе ведалі бацьку ягонага, што быў Грэк.

4 Калі-ж праходзілі праз месты, аддавалі ім перахоўваць уставы, пастаноўленыя Апосталамі й старшымі, што ў Ерузаліме.

5 I цэрквы крапчэлі ў веры ды ўзрасталі што-дня лікам.

6 Прайшоўшы-ж праз Фрыгію й зямлю Галятыйскую, ня даў ім Дух Сьвяты абвяшчаць слова ў Азіі.

7 Прыйшоўшы ў Мізію, маніліся йсьці ў Віфінію; і не дазволіў ім Дух.

8 Дык, прайшоўшы праз Мізію, зыйшлі ў Троаду.

9 I паказалася Паўлу ўначы зьява: нейкі муж, Македонец, стоючы, прасіў яго й мовіў: Прыходзь у Македонію й памажы нам.

10 Як жа пабачыў ён зьяву, ураз-жа памкнуліся мы йсьці ў Македонію, разумеючы, што паклікаў нас Госпад абвяшчаць ім Эвангельле.

11 Дык, вырушыўшы з Троады, мы борзда пайшлі ў Самафракію, а назаўтрае ў Нэапаль,

12 адтуль-жа ў Філіппы, што ёсьць першае места тае часьці Македоніі — калёнія. I былі мы ў гэтым месьце некалькі дзён.

13 А ў дзень суботні выйшлі мы за места к рацэ, дзе звычайна адбывалася маленьне, і, пасеўшы, прамаўлялі да сабраных жанчын.

14 I слухала адна жанчына, на ймя Лідзія, таргоўка парфірай, з места Фіатыра, якая шанавала Бога; і Госпад расчыніў сэрца яе, каб зважала на прамову Паўлы.

15 Калі-ж ахрысьцілася яна й дом яе, прасіла нас, мовячы: калі вы прызналі мяне вернай Госпаду, дык увайдзеце ў дом мой ды жывеце. I прымусіла нас.

16 Сталася-ж, як мы йшлі на малітву, сустрэла нас адна дзяўчына, якая мела вешчага духа ды варажбой вялікі даход давала гаспадаром сваім.

17 Яна, ідучы за Паўлам і намі, закрычэла, мовячы: Людзі гэтыя — рабы Госпада Найвышэйшага; яны абвяшчаюць нам шлях да збаўленьня!

18 I рабіла яна гэта шмат дзён. Паўла-ж, узлаваўшыся, павярнуўся й сказаў духу: Прыказую табе імем Ісуса Хрыста: выйдзі з яе! I выйшаў той-жа час.

19 Гаспадары-ж яе, бачучы, што прапала надзея заробку іхняга, схапіўшы Паўлу й Сілу, павалаклі на плошчу да начальнікаў.

20 Прывёўшы-ж іх да ваяводаў, сказалі: Гэтыя людзі трывожаць места нашае, а яны — Жыды

21 і вучаць звычаяў, якіх нам, Рымлянам, ня сьлед ні прыймаць, ні выпаўняць.

22 I паўстаў народ проці іх, і ваяводы, сарваўшы вопраткі з іх, загадалі біць іх кіямі.

23 Даўшы-ж ім шмат удараў, кінулі іх у вязьніцу, загадаўшы сторажу вастрожнаму крэпка пілнаваць іх.

24 Ён, дастаўшы гэткі прыказ, кінуў іх у ўнутраную вязьніцу ды ногі ім паўшчамляў у калоду.

25 Каля паўночы Паўла й Сіла маліліся й пяялі гімны Богу, і вязьні чулі іх.

26 Зьнячэўку сталася вялікае трасеньне, ажно захісталіся падваліны вязьніцы; і ўраз расчыніліся ўсе дзьверы, і ўсім апалі путы.

27 I стораж вязьніцы, прачхнуўшыся ды бачучы расчыненыя дзьверы вязьніцы, дастаўшы меч, хацеў забіць сябе, бо думаў, што вязьні паўцякалі.

28 I моцным голасам загаласіў Паўла, мовячы: Не рабі сабе нічога благога: бо ўсе мы тут!

29 Папрасіўшы сьвятла, ён убег і, дрыжучы, прыпаў да Паўлы й Сілы

30 ды, выводзячы іх вонкі, сказаў: Гаспадары! Што трэ’ рабіці мне, каб спасьціся?

31 Яны-ж адказалі: Веруй у Госпада Ісуса Хрыста, і будзеш збаўлены ты і ўвесь дом твой.

32 I казалі слова Гасподняе яму і ўсім хатнім ягоным.

33 I ў тую-ж гадзіну ўначы, узяўшы іх, паабмываў ім раны й ахрысьціўся сам і ўсе ягоныя безадкладна.

34 Завёўшы-ж іх у свой дом, паставіў ім пачастунак і цешыўся разам з усенькім домам, што ўвераваў у Бога.

35 Як-жа настаў дзень, паслалі ваяводы слуг мескіх, кажучы: Звольніце гэных людзей.

36 I стораж вязьніцы абвясьціў словы тыя Паўлу: Прыслалі ваяводы, каб звольніць вас. Дык вось, выходзьце і йдзеце з мірам.

37 Паўла-ж сказаў да іх: Нас, грамадзян Рымскіх, бяз суду білі перад народам і кінулі ў вязьніцу, а цяпер цішком звальняюць нас? О, не: няхай самі прыйдуць ды вывядуць нас.

38 Слугі мескія пераказалі словы гэтыя ваяводам, і тыя спалохаліся, пачуўшы, што яны Рымскія.

39 I, прыйшоўшы, перапрашалі іх і, вывеўшы, прасілі пакінуць места.

40 Выйшаўшы-ж з вязьніцы, прыйшлі ў Лідзію. I, бачучы братоў, навучалі іх ды пайшлі стуль.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст