Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Паводле Лукі сьв. Эвангельле


 

 

Паводле Лукі сьв. Эвангельле

010203040506070809101112
131415161718192021222324

 

Разьдзел 8

1 I сталася пасьля, праходзіў Ён па местах і сёлах, прапаведываючы і абвяшчаючы добрую вестку аб Царстве Божым, і з Ім дванаццацёра,

2 і некаторыя жанчыны, каторых Ён аздаравіў ад злых духаў і хвароб, — Марыя, называная Магдаліна, з якое выйшлі сем дэманаў,

3 і Іоанна, жана Хузы, наглядчыка Ірадавага, і Сусанна, і многія другія, што служылі Яму з маемасьці сваёй.

4 Калі-ж сабралося множства народу, і з усіх гарадоў жыхары зыходзіліся да Яго, Ён пачаў гаварыць прыповесьцю:

5 выйшаў сейбіт сеяць семя сваё; і, калі ён сеяў, іншае ўпала пры дарозе і было патаптана, і птушкі нябесныя паклявалі яго;

6 а іншае ўпала на камень і, узыйшоўшы, засохла, бо ня мела вільгаці;

7 а іншае ўпала між цярнінаю, і вырасла цярніна і заглушыла яго;

8 а іншае ўпала на добрую зямлю і, узыйшоўшы, прынясло плод стакротны. Сказаўшы гэтае, клікнуў: хто мае вушы слухаць, няхай слухае.

9 Вучні-ж Яго спыталіся ў Яго: што-б значыла прыповесьць гэтая?

10 Ён сказаў: вам дадзена знаць тайны Царства Божага, а для рэшты яны ў прыповесьцях, так што яны бачучы ня бачуць і чуючы не разумеюць.

11 Вось што значыць прыповесьць гэтая: семя ёсьць слова Божае.

12 А што ля дарогі, гэта тыя, што слухаюць, ды пасьля прыходзіць д’ябал і забірае слова з сэрца іх, каб не паверылі і не спасьліся;

13 а на камені гэта тыя, што, калі пачуюць слова, дык з радасьцяй прыймаюць, ды ня маюць караня і часова вераць, а ў час спакусы адпадаюць;

14 а што ўпала ў цярніну — гэта тыя, што слухаюць слова, але, адыходзячы, заглушаюцца клапотамі, багацьцем і ўцехамі жыцьцёвымі і не даюць плёну.

15 А ўпаўшае на добрую зямлю — гэта тыя, што, пачуўшы слова, захоўваюць у добрым і чыстым сэрцы і даюць плён у цярплівасьці.

16 Ніхто, запаліўшы сьвечку, не прыкрывае яе судзінаю, або не стаўляе пад ложак, але ставіць на ліхтар, каб, уваходзячы, бачылі сьвятло,

17 бо няма нічога тайнага, што-б ня выявілася, ні ўкрытага, што ня сталася-б вядомым і ня выйшла-б наверх.

18 Глядзіце-ж, як вы слухаеце; бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго адымецца й тое, што ён думае мець.

19 I прыйшлі да Яго маці і браты Яго і не маглі падыйсьці да Яго з прычыны народу.

20 I далі знаць Яму: маці і браты Тваі стаяць вонках, хочучы бачыць Цябе.

21 Ён сказаў ім у адказ: маці мая і браты мае — гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выпаўняюць яго.

22 I сталася, аднаго дня Ён увайшоў з вучнямі Сваімі ў човен і сказаў ім: пераплывем па той бок возера. I паплылі.

23 Калі-ж яны плылі, Ён заснуў. На возеры падняўся бурны вецер, і залівала іх хвалямі, і яны былі ў небясьпецы.

24 I, падыйшоўшы, збудзілі Яго ды сказалі: Настаўнік! Настаўнік! мы гінем. Але Ён, устаўшы, закрычэу ветру і хваляваньню вады; і спыніліся, і сталася ціша.

25 Тады Ён сказаў ім: дзе вера ваша? Яны-ж у страху і задзіўленьні гаварылі адзін аднаму: Хто ж гэта, што ветрам загадвае і вадзе, і слухаюцца Яго?

26 I прыплылі ў старану Гадарынскую, што насупраць Галілеі.

27 Калі-ж выйшаў Ён на бераг, спаткаў Яго адзін чалавек з места, які меў дэманаў з даўных часоў і хадзіў не адзеўшыся, і жыў ня ў доме, але ў магілах.

28 Ён, угледзіўшы Ісуса, закрычэўшы паваліўся перад Ім і моцным голасам сказаў: што табе да мяне, Ісус, Сын Бога Усявышняга? Малю Цябе, ня муч мяне.

29 Бо Ісус сказаў нячыстаму духу выйсьці з гэтага чалавека; бо ён доўгі час мучыў яго, так што яго вязалі ланцугамі й сьцераглі яго, але ён разрываў ланцугі, і нячысты гнаў яго ў пустыні.

30 Ісус спытаўся ў яго: як тваё імя? Ён сказаў: легіён; бо многа дэманаў увайшло ў яго.

31 I прасілі Яго, каб не вялеў ім ісьці ў бяздоньне.

32 Тут жа на гарэ пасьвіўся вялікі гурт сьвіней; і дэvманы прасілі Яго, каб дазволіў ім увайсьці ў іх. Ён дазволіў ім. ЗЗ. Дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў сьвіней.

34 I кінуўся гурт з кручы ў мора, і ўтануў. Пастухі, бачучы, што сталася, пабеглі ды расказалі ў месьце і сёлах.

35 І выйшлі бачыць стаўшаеся; і, прыйшоўшы да Ісуса, знайшлі чалавека, з каторага выйшлі дэманы, седзячы ля ног Ісусавых, адзетага і пры розуме; і перепалохаліся.

36 А бачыўшыя расказалі ім, як спасён быў апанаваны дэманамі.

37 I прасіў Яго ўвесь народ Гадарынскае краіны пайсьці ад іх, бо іх зьняў вялікі страх. Ён увайшоў у човен і вярнуўся.

38 А чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць з Ім. Але Ісус адправіў яго, сказаўшы:

39 вярніся ў дом твой і раскажы, што ўчыніў табе Бог. Ён пайшоў і наказваў па ўсім месьце, што ўчыніў яму Ісус.

40 Калі-ж вярнуўся Ісус, народ прыняў Яго, бо ўсе чакалі Яго.

41 I вось прыйшоў чалавек, імем Яір (а быў ён начальнікам школы); і, упаўшы да ног Ісусавых, прасіў Яго ўвайсьці ў дом яго,

42 бо ў яго была адзіная дачка, гадоў дванаццацёх, і тая была пры сьмерці. Калі-ж Ён ішоў, народ ціснуўся да Яго.

43 I адна жанчына, што мучылася ад крывацечы дванаццаць гадоў і аддала на лекараў усю маемасьць сваю, ды ніводзін ня мог вылячыць яе,

44 падыйшоўшы ззаду, дакранулася да краю вопраткі Яго; і той час крывацеча ў яе спынілася.

45 I сказаў Ісус: хто дакрануўся да Мяне? Калі-ж усе адпіраліся, Пётр і быўшыя з Ім сказалі: Настаўнік! народ акружае Цябе ды націскае, і Ты кажаш: хто дакрануўся да Мяне?

46 Але Ісус сказаў: нехта дакрануўся да Мяне, бо Я адчуваю сілу, што выйшла з Мяне.

47 Жанчына-ж, бачучы, што яна ня ўтоіцца, дрыжучы падыйшла і, упаўшы перад Ім, аб’явіла Яму перад усім народам, з якое прычыны дакранулася да Яго, і як тады-ж паздаравела.

48 Ён сказаў ёй: бадрыся, дачка! вера твая спасла цябе; ідзі з мірам.

49 Калі Ён яшчэ гаварыў гэтае, прыходзіць нехта з дому начальніка школы і кажа ім: дачка твая памерла; ня турбуй Вучыцеля.

50 Але Ісус, пачуўшы гэтае, сказаў яму: ня бойся, толькі вер, і спасёна будзе.

51 Прыйшоўшы-ж у дом, не дазволіў увайсьці нікому апрача Пятра, Іоана і Якава, і бацькі ды маткі дзяўчыны.

52 Усе плакалі і галасілі па ёй. Але Ён сказаў: ня плачце; яна не памерла, але сьпіць.

53 I сьмяяліся з Яго, ведаючы, што яна памерла.

54 Ён жа, выслаўшы ўсіх вон і ўзяўшы яе за руку, клікнуў кажучы: дзяўчына! устань!

55 I вярнуўся дух яе; і ўраз жа ўстала; і Ён вялеў даць ёй есьці.

56 I зьдзівіліся бацькі яе. Ён жа вялеў ім не гаварыць нікому аб тым, што сталася.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст